У Польшчы знайшоўся партрэт, зроблены ў Вілейцы вядомым фатографам Беркам Берманам у міжваенны час

Фота захоўваецца ў Польшчы ў сямейным альбоме Лампрэхтаў.

На партрэце – Генрых Лампрэхт, а на адваротным баку здымка стаіць пячатка, дзе пазначана, што фота зробленае ў майстэрні Беркі Бермана ў Вілейцы.

Генрых Лампрэхт жыў у Казіміраве, каля Ільі. У 1920-х ён вучыўся ў польскай гімназіі імя Сянкевіча ў Вілейцы, скончыў Віленскі ўніверсітэт, стаў спецыялістам у сельскай гаспадарцы. У Казіміраве ён жыў у родавым маёнтку сваёй жонкі Марыі Родзевіч. Стары маёнтак Генрых давёў да ўзорнага стану. Мясцовыя сяляне любілі Генрыха, а сыны Лампрэхта Богдан і Багуміл усё дзяцінства гулялі з сялянскімі дзецьмі.


02-1-12.jpg


Больш падрабязна пра род Лампрэхтаў мы пісалі тут.

Фатографа Берку Бермана лічаць фоталетапісцам Вілейшчыны. У 1910—1912 гадах ён  заснаваў першае фотаатэлье ў Вілейцы. Да 1925 года быў адзіным прафесійным фатографам у акрузе. Віды Вілейкі гэтых часоў, партрэты вілейчукоў і жыхароў наваколля – гэта працы Бермана.

У 1930 годзе ён фатаграфаваў прыезд прэзідэнта Рэчы Паспалітай Ігнація Масціцкага падчас наведвання ім Вілейскага павету. Пасля гэтага прыезду зрабіў два партрэты прэзідэнта: адзін даслаў Масціцкаму, другі павесіў у сваёй майстэрні. Кажуць, менавіта гэты партрэт і стаў падставай для арышту фатографа, калі прыйшлі савецкія ўлады.


03-Генрых-Лампрэхт.jpg

Фотаздымак забяспечаны Пятром Лампрэхтам.


18 кастрычніка 1939 года Берман быў арыштаваны органамі НКВД і утрымліваўся пад вартаў у турме ў Вілейцы. Тыя ахоўнікі, якіх ён некалі вучыў фатаграфаваць вязняў, цяпер фатаграфавалі яго. У жніўні 1940 года асуджаны як «сацыяльна-небяспечны элемент» і высланы ў папраўча-працоўны лагер. Далейшы лёс невядомы. Рэабілітаваны ў 1989 годзе.

Аксана Ярашонак, «Рэгіянальная газета»