У Пецярбургу адкрылася выстава «У пратэста жаночы твар», прысвечаная беларускам

Выставу зладзілі мясцовыя беларусы. Яна будзе працаваць да 10 снежня па адрасе Фанарны завулак, 3, фем-каворкінг «Сімона».

Беларусы Санкт-Пецярбурга горача падтрымліваюць імкненне суайчыннікаў да перамен. Каля беларускай амбасады яны штодзень праводзяць акцыі салідарнасці, а зараз вырашылі нават адкрыць адмысловую выставу, прысвечаную пратэстуючым жанчынам.

«У сувязі з забойствам Рамана Бандарэнкі мы хацелі перанесці адкрыццё выставы,пішуць піцерскія беларусы. — Але потым вырашылі, што маўчаць пра зверствы ў Беларусі нельга!

Мы, беларусы Санкт-Пецярбурга, падрыхтавалі выставу «У пратэста жаночы твар». Так! Менавіта жаночы! Таму што ўвесь свет захапляецца адважнымі дзяўчатамі Беларусі! Бо сярод іх нашы мамы, бабулі, сёстры, дочкі, жонкі, сяброўкі.

Часам мы саромеецца казаць праўду. Бо яна так відавочная — навошта ж высоўвацца і казаць тое, што і так усё разумеюць. І пакуль сумленныя, добрыя людзі саромеюцца адстойваць праўду, нахабныя і гнюсныя злыдні распаўсюджваюць хлусню.

Што мы можам зрабіць для Беларусі тут і цяпер, знаходзячыся ў іншай краіне? Як мінімум падзяліцца з вамі праўдай. Праўдай пра тое, чаму беларускі выйшлі на пратэст супраць дыктатара Лукашэнкі і як яны гэта робяць».

novychas.by,
фота „Беларусы Санкт-Пецярбурга“