Гэты год праходзіць пад знакам вялікага кампазітара Станіслава Манюшкі. Бо менавіта цяпер адзначаецца 200-годдзе з дня яго нараджэння — праходзяць шматлікія канцэрты, навуковыя канферэнцыі, адкрыцці памятных знакаў і многае іншае. Манюшка ў сэрцах, Манюшка ў гісторыі, яго музыка — на сцэнах. У пасольстве Літвы ў Беларусі адбылася навуковая канферэнцыя, прысвечаная гэтаму творцу, а ў мінскім касцёле Найсвяцейшай Тройцы адбыўся сумесны канцэрт беларускіх і літоўскіх музыкаў, на якім выканалі духоўныя творы кампазітара.
Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Літвы ў Беларусі Андрус ПУЛОКАС падзяліўся даволі прыватнымі эмоцыямі, якія звязваюць яго з кампазітарам:
— Апошнім часам ладзіцца нямала ініцыятыў, прысвечаных тым дзеячам культуры, якія нас аб'ядноўваюць. Іх творчасць радуе ўсіх. Я падумаў: «А якія ў мяне адносіны са Станіславам Манюшкам?..» Бо ў кожнага з нас абсалютна рознае стаўленне да славутых людзей. Я зразумеў, што маё дачыненне з кампазітарам адбываецца дзякуючы помнікам. Адразу прыгадваецца наш цудоўны Вільнюс, стары горад. Там, у вельмі ўтульным месцы, стаіць помнік — колькі сябе памятаю, ён быў заўсёды. Даволі стары, зроблены з цёмнага каменю. Аказалася, што гэта самы стары помнік Станіславу Манюшку, усталяваны яшчэ ў 1922 годзе. Пастамент для яго выкарыстаны ад помніка Пушкіна. (Да 1914 года ў Вільнюсе быў помнік гэтаму паэту, але з нейкай прычыны ён быў вывезены ў Расію, затое застаўся пастамент.) Гэты год у Вільнюсе быў аб'яўлены годам Манюшкі — бо значная частка жыцця кампазітара звязана з літоўскай сталіцай. І хоць на той стары помнік зазвычай не надта звяртаюць увагу, не так даўно я быў каля яго і пабачыў некалькі пакладзеных кветак... Значыць, людзі памятаюць, і гэта прыемна.
Прафесар Віктар СКАРАБАГАТАЎ адзначыў, што трэба, каб кожнаму слыннаму ўраджэнцу краіны быў пастаўлены помнік там, дзе ён нарадзіўся ці дзе зрабіў значны ўнёсак у яе культуру, — і тады свядомасць народа абсалютна зменіцца. А тое, што ў беларускай сталіцы нарэшце з'явіўся помнік Манюшку, перакананы прафесар, цалкам змяніла стаўленне ў музычным асяроддзі да кампазітара, яго творчасць пачалі ўспрымаць як уласную спадчыну і шырэй уводзіць у музычны ўжытак.
— У часы Манюшкі за друкаванае беларускае слова маглі пасадзіць у турму назаўтра ж — гісторыя літаратуры, культуры гэта ведае, — дадае Скарабагатаў. — Менавіта ў такіх умовах ставілася першая опера на беларускай мове «Ідылія» («Сялянка»). Натуральна ж, адразу ў дзень абвесткі спектакль забаранілі, афішы сталі здымаць. Аднак прэм'ера ўсё ж такі адбылася, і яшчэ ў пяці гарадах таксама. Уявім сабе Манюшку, які пісаў музыку да беларускамоўнага тэксту Дуніна-Марцінкевіча, — ён што, бессвядома гэта рабіў? Ён рабіў тое абсалютна свядома. Яму Радзіма была важнейшая, чым небяспека трапіць за краты, дзе пабывалі многія іншыя дзеячы.
Кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт Вольга САВІЦКАЯ нагадала, што асоба Станіслава Манюшкі ў час святкавання яго 200-годдзя з'яўляецца тым сімвалам, які аб'ядноўвае творчую прастору Беларусі, Літвы і Польшчы. Нарадзіўся будучы кампазітар на Міншчыне, у маёнтку Убель, дзе назапашваўся атмасферай яркага, непаўторнага мясцовага фальклору. Станіслаў вучыўся ў Мінскай мужчынскай гімназіі і музычнай школе Дамініка Стафановіча — у гэты час пазнаёміўся і пасябраваў з многімі маладымі літаратарамі, артыстамі, музыкамі. Пакідаючы Мінск, 17-гадовы Станіслаў Манюшка ўжо цвёрда ўсведамляў сваё кампазітарскае пакліканне.
— У Мінску на гарадской сцэне ў 1834 годзе прагучала музыка Манюшкі да спектакля «Канторскія служачыя», а ў 1843 годзе — да спектакля «Латарэя», — дадае Вольга Савіцкая. — Творчае супрацоўніцтва звязала кампазітара з пачынальнікам новай беларускай літаратуры і беларускага тэатра Вінцэнтам Дуніным-Марцінкевічам. На яго словы створаны спектаклі «Рэкруцкі набор», «Спаборніцтва музыкаў», «Чароўная вада». У 1852 годзе ў памяшканні мінскага тэатра з вялікім поспехам прайшла пастаноўка «Ідыліі» («Сялянкі»), дзе ўпершыню загучала беларуская мова.
Да завяршэння «Года Манюшкі» застаецца ўсяго пару месяцаў. Аднак па-сапраўднаму адкрыць для сябе яго творчасць, пачуць і ўбачыць на розных пляцоўках — ад вялікага тэатра оперы і балета да невялічкіх цэркваў і касцёлаў — ніколі не будзе позна.