У нядзельнай беларускай школе, што працуе ў латышскім Даўгаўпілсе, прагучаў апошні званок

Апошні ўрок навучальнага года, які прайшоў у беларускай школе “Вясёлка” ў Даўгаўпілсе, прысвячаўся творчасці беларускага дзіцячага пісьменніка Янкі Маўра. Дарэчы, сёлета адзначаюцца 135-я ўгодкі літаратара. А нарадзіўся ён у 1883 годзе ў Латвіі, у горадзе Лібава (цяпер — Ліепая). Дзеці ўспаміналі факты з біяграфіі Янкі Маўра, згадвалі яго творы. Настаўнікі падрыхтавалі прэзентацыю, якая стала фонавым суправаджэннем урока. Вучні адказвалі на пытанні, складвалі пазлы па кнігах пісьменніка, разгадвалі крыжаванкі.

Сярод гасцей незвычайнага адкрытага ўрока былі Генеральны консул Беларусі ў Даўгаўпілсе Уладзімір Клімаў, консул Антаніна Струнеўская.

Напрыканцы падводзі­ліся вынікі Міжнароднага конкурсу малюнкаў па аповесці “Палескія рабінзоны” Янкі Маўра, які ладзілі Цэнтр беларускай культуры ў Даўгаўпілсе, аддзелы адукацыі Браслаўскага і Глыбоцкага раёнаў Віцебскай вобласці Беларусі.


01-8d5679e0a67dbe0418ab6e43bf650ff0.jpg

Так уяўляе палескіх рабінзонаў Мікалай Садоўскі


Ва ўзроставай групе 13-16 гадоў на I месцы аказалася Вікторыя Толсцік з Глыбоцкага раёна, на II — навучэнкі беларускай нядзельнай школы “Вясёлка” з Даўгаўпілса, сёстры Надзея і Марына Чарновы. Сярод удзельнікаў малодшай узроставай групы, ад 9 да 12 гадоў, дыплом за I месца атрымала Настасся Чэркас з Браслава, другое месца заняў Мікалай Садоўскі з Глыбоцкага раёна, трэцяе падзялілі паміж сабой Элеанора Марчанка і Вераніка Данясевіч з Даўгаўпілса.

Усім дзецям былі ўручаны падзякі за ўдзел у конкурсе. А пераможцы атрымалі падарункі ад суполкі “Уздым”, Цэнтра беларускай культуры і Генеральнага консульства Беларусі ў Даўгаўпілсе. Сапраўды апошні званок прагучаў для сёлетніх выпускніц Караліны Казачонак, Марыны і Надзеі Чарновых. Званіла ж у званочак самая малодшая вучаніца школы Аляксандра Лазовік. Песняй павіншавалі выпускнікоў Сафія Блізнакова і Дарына Растоўская. У іх выкананні прагучала латышская народная песня ў перакладзе на беларускую мову супляменніка з Даўгаўпілса, паэта Станіслава Валодзькі.

Выпускнікам былі ўручаны дыпломы аб заканчэнні школы, падарункі ад Генеральнага консульства Беларусі ў Даўгаўпілсе і суполкі “Уздым”.

А наперадзе ў “Вясёлкі” шмат планаў. Сярод іншых — развіваць супрацоўніцтва са школамі Беларусі. Дарэчы, сяброўскія стасункі наладжаны ў школы з браслаўскай гімназіяй. Летась, напрыклад, вучні “Вясёлкі” ўдзельнічалі ў лінгвакультаралагіч-ным лагеры ў Браславе.

Дарэчы, і свята “Апошні званок”, і конкурс малюнкаў удалося правесці, дзякуючы праекту “Baltkrievu brivdienas skolas attīstība”, які атрымаў фінансаванне ад ад гарадской думы. А ў чэрвені запланаваны паход за горад вучняў школы разам з бацькамі і настаўнікамі.

Людміла Сінякова, “Голас Радзімы”