«У Мінску выходзіш у краму і не ведаеш, ці вернешся дадому. У Кіеве інакш»

Унікальны доктар распавёў «Салідарнасці» аб сваім пераездзе ва Украіну.

Рустам Айзатулін — спецыяліст, які выконвае рэдкія аперацыі. Яго пацыентамі былі неданошаныя немаўляты, дзеці з рэдкімі спадчыннымі нейрацягліцавымі захворваннямі.

Лекар удзельнічаў у акцыях супраць гвалту і маршах салідарнасці, адкрыта выказваў сваю пазіцыю аб тым, што адбываецца ў краіне ў фэйсбуку. У Дзень Волі ў Рустама арыштавалі машыну «за сімволіку і ўдзел у несанкцыянаваным шэсці». Яго пазбавілі вадзіцельскіх правоў на год.

Рустам двойчы пазбавіўся працы. З 1 студзеня з ім не працягнулі кантракт у РНПЦ траўматалогіі і артапедыі. Бацькі асаблівых дзяцей і пацыенты спрабавалі дастукацца да Міністэрства аховы здароўя і кіраўніцтва цэнтра, але беспаспяхова. Калегі Рустама Айзатуліна таксама збіралі подпісы ў ягоную падтрымку.

— Пасля таго, як ліст трапіў да дырэктара, было агучана: калі подпісы трапяць куды-небудзь яшчэ, падпісанты будуць звольненыя, — распавядаў доктар.

У другі раз Рустам звольніўся з 3-й гарадской дзіцячай клінічнай бальніцы Мінска ў знак салідарнасці са звольненым галоўным урачом бальніцы Максімам Ачарэтнім.

Пасля звальнення Рустам працаваў спецыялістам па адаптыўнаму дзіцячаму фітнесу ў адным з медыцынскіх цэнтраў.

— Лекарам мяне б нікуды не ўзялі. Працы было шмат: усе мае пацыенты да мяне ішлі, загружанасць была вялікая, на месяц наперад былі распісаны кансультацыі.

Нядаўна Рустам Айзатулін пераехаў з Мінска ў Кіеў.

— Ці варта было ехаць? Афіцыйнай забароны на прафесію ў Беларусі ў мяне не было. Але прыватныя медцэнтры не хацелі афармляць мяне на працу. Казалі: вы ж самі ўсё разумееце. Людзі баяцца за свой бізнэс. У дзяржаўных клініках казалі: няма месцаў. Хоць яны былі.

Я не працаваў урачом, не рабіў тое, што мне хацелася. І я вырашыў: лепш шукаць перспектыву на развіццё ў іншым месцы, хай нават будзе і цяжка.

У Беларусі гэта было абсалютна марна. Гэта канец. І не толькі для мяне. Многія з тых, хто з'ехаў, тымі ж думкамі кіраваліся.

Больш за паўгода я выбіраў краіну: Польшча, Украіна ці Расія, — распавядае лекар. — Ехаць у РФ — мяняць шыла на мыла — бессэнсоўна.

У Польшчы ў мяне пакуль моўны бар'ер. Сядзець там некалькі месяцаў давучваць мову, здаваць экзамен —значыць выракчы сябе на беспрацоўе ў бліжэйшы час.

Таму, калі Рустаму паступіла прапанова ад дырэктара аднаго з медыцынскіх цэнтраў Кіева, ён доўга не разважаў.

— Пакуль я ў Мінску рыхтаваў дакументы да пераезду, кіраўнік цэнтра ў Кіеве рыхтаваў пакет дакументаў для майго афармлення на працы, для часовага віду на жыхарства і іншыя.

У панядзелак Рустам выйшаў на працу, пазнаёміўся з супрацоўнікамі, даведаўся, з якімі медыцынскімі праграмамі працуе цэнтр.

— Я ўжо прымаў пацыентаў. Маё новае месца працы — прыватны медцэнтр, займаецца рэабілітацыяй дзяцей з асаблівасцямі развіцця. Гэта мне блізка.

У бліжэйшы час Рустам плануе перавезці сям'ю ў Кіеў.

— У адрозненне ад Мінска, кватэру ў Кіеве можна зняць толькі праз рыэлтарскай агенцтва, а не наўпрост ў гаспадароў. За два дні знайшоў жыллё. Адзначу, што кватэры ў цэнтры і ў новабудоўлях стаяць у разы вышэй, чым на ўскраіне.

За 260$ я зняў двухпакаёвую ў аддаленым ад цэнтра мікрараёне. Там побач лес, рынак. Метро ў дзесяці хвілінах хады.

Рустам кажа, што шмат рэчаў з сабой не браў, бо не ведаў, ці перасячэ мяжу.

— Ад'язджаючы з Мінска, я адчуваў сум. Гэта перажываю і цяпер — калі ўвечары сяджу ў кватэры адзін, - прызнаецца лекар. — За акном цёмна, пагаварыць няма з кім. Усе сябры, сваякі, знаёмыя і блізкія прысутнічаюць у жыцці ў лічбавым фармаце. Іх нельга абняць і ўбачыць жыўцом. Ад гэтага сумна.

Па словах Рустама, першыя ўражанні ад Кіева самыя станоўчыя.

— Я працую на Кантрактовай плошчы ў гістарычным цэнтры. Побач ратуша. Мне было незвычайна ўбачыць канцэрт беларускіх музыкаў. Яны былі ў бел-чырвона-белых шкарпэтках, з БЧБ-сцягам, — усміхаецца Рустам. — Зараз перад працай шпацырую па плошчы, дзе стаіць помнік Рыгору Скаварадзе. У яго на шыі — БЧБ-сцяг. Мясцовыя кажуць, ужо больш за месяц. І ніхто не здымае сцяг. Вісіць і вісіць — каму ён перашкаджае?

У Кіеве зусім іншыя адчуванні, чым у Мінску, дзе ты выходзіш за хлебам і не ведаеш, ці вернешся дадому.

Рустам прызнаецца: яму было прыемна, калі калега з Кіева патэлефанаваў і прапанаваў далучыцца да супольнасці ўкраінскіх медыкаў у мэсэнджары.

Лекар не выключае, што вернецца дадому, у Мінск:

— Усё магчыма, усё-такі ў мяне большая частка жыцця прайшла тут. Хочацца спакою, душэўнага раўнавагі. Усё гэта засталося дома.

У Кіеве прыйдзецца пачынаць зноўку. Гэта трэніруе, умацоўвае, але я б з радасцю вярнуўся.

novychas.by