У Любліне выйшаў па-польску «Паручнік Пятровіч і прапаршчык Здань» Уладзіміра Арлова

У Любліне ў выдавецтве «Варштаты культуры» выйшла кніга Уладзіміра Арлова ў перакладзе на польскую мову. Гэта зборнік баладаў «Паручнік Пятровіч і прапаршчык Здань». Кнігу пераклаў вядомы перакладчык і паэт Багдан Задура.

Кажа Уладзімір Арлоў:

– Польская версія, дакладней яна польска-беларуская, двухмоўная, не паўтарае беларускую кнігу «Паручнік Пятровіч і прапаршчык Здань». Яна істотна большая. Туды ўвайшлі тры мае новыя балады: «Каралева пінгвінаў», «Цвіў скрыпень» і «Апоўначы ў лонданскім доме». Кніга вельмі прыгожа выдадзеная. І гэты дадатак – на іншай паперы, што таксама надае нейкі шарм кнізе.

Гэта ўжо чацвёртая кніга Уладзіміра Арлова, якая выйшла ў Польшчы. Папярэдняя кніга «Паром праз Ла-Манш», якую выдалі ў Гданьску ў 2009 годзе, атрымала літаратурную прэмію «Еўрапейскі паэт свабоды».

Васіль Кроква, «Беларускае Радыё Рацыя»