У красавіку адзначылі юбілей сябра Рады ЗБС “Бацькаўшчына” Хведара Нюнькі – аднога з вядомых віленчукоў-беларусаў.
Хведар Нюнька заснаваў і доўгі час узначальваў Таварыства Беларускай Культуры ў Літве, зьяўляўся дырэктарам музея Якуба Коласа.
Дзе б ён ні працаваў, якую б пасаду ні займаў, ён жыў беларускасьцю. Павіншаваць шаноўнага юбіляра прыехалі вядомыя дзеячы з Беларусі: акадэмік Радзім Гарэцкі з жонкай Галінай, кіраўнік ЗБС “Бацькаўшчына” Алена Макоўская, выкладчыкі Ўніверсітэта культуры Алена Анісім і Алег Трусаў, дырэктар ліцэя Якуба Коласа Уладзімір Колас і іншыя з Менску, а таксама Уладзмір Хільмановіч з Гародні, Міхась Казлоўскі з Маладэчна, Вячка Целеш з жонкай – з Рыгі. Віншаваньні таксама даслалі Зянон Пазьняк і Сямён Шарэцкі з ЗША. Шаноўнага юбіляра павіншаваў Вітаўтас Ландзбергіс, дырэктар цэнтра па сувязях з замежнымі краінамі Стасіс Каўшыніс, войт сянюніі Вацлаў Гульбіновіч, чалец Сойму Літоўскай Рэспублікі Андрус Кубілюс, які ў сваім віншаванні адзначыў: “Хведар Нюнька – цудоўны прыклад таго, як не губляючы сваіх каранёў можна быць сапраўдным патрыётам і грамадзянінам Літвы, але і тым часам клапаціцца пра Беларусь. Мы разам. І Вы паказалі, як у нашай краіне могуць жыць у згодзе людзі розных нацыянальнасьцяў, бо нас лучыць агульнае слова – Літва, а таксама сапраўдныя эўрапейскія вартасьці”. Літоўскі Сойм узнагародзіў Хведара Нюньку значком да 100-годзьдзя Адроджaнай Літвы.
Ён актыўны, усім цікавіцца, у яго заўсёды шмат бывае гасьцей. Заставайцеся такім бадзёрым, жыцьцярасным на доўгія гады, хай у Вашым доме не згасае агеньчык дабрыні, святла і цяпла!
Жыве Беларусь!
Леакадзiя Мiлаш
Вiльня. 2018 г., красавiк