У Іркуцку прэзентавалі раман "Па долю" беларускага пісьменніка Віталія Кірпічэнкі

21 лістапада арт-галерэя «Чэ Гевара» расчыніла дзверы для бібліяфілаў і гісторыкаў. Нагодай паслужыла выдадзеная ў Мінску кніга Віталія Кірпічэнкі, грамадзяніна Беларусі, выхадца з вёскі Талстоўка Баяндаеўскага раёна Іркуцкай вобласці.

У дзень прэзентацыі ў галерэі была аформлена выстава прадметаў побыту беларускага селяніна – арыгінальны тэкстыль, фота з сямейных архіваў перасяленцаў. Музычнае суправаджэнне забяспечваў фальклорны ансамбль „Беларусы Прыбайкалля“.

На сустрэчу з аўтарам прыйшлі нашчадкі персанажаў рамана – Алег Маркус, сваякі і аднакласнікі аўтара, а таксама прэзідэнт Іркуцкага саюза бібліяфілаў Рыгор Хенох і гісторык Аляксей Пятроў. Ва ўсіх была магчымасць падзяліцца ўражаннямі аб кнізе.


02-28.jpg


У рамане „Па долю“ прасочваюцца лёсы некалькіх пакаленняў беларусаў, якія ў пачатку 20 стагоддзя выправіліся ў пошуках шчаслівага жыцця ў Сібір. Атабарыліся, далгядалі за гаспадаркай, гадавалі і выхоўвалі дзяцей, нязменна марылі пра будучыню... Гістарычныя падзеі стагоддзя уцягнулі іх у свой вір, паставілі перад суворымі выпрабаваннямі, але не зламілі іх стойкасць, гонар, вернасць, міралюбнасць і любоў да бліжняга.

Раман пісаны ў наш час, і свае дзіцячыя ўспаміны аўтар падмацоўваў працай з архівамі. Як адзначае сам Віталій Кірпічэнка, мастацкай выдумкі там на дзесяць адсоткаў, а ўсё астатняе праўда – Першая сусветная вайна, Грамадзянская вайна, чэхі, калчакоўцы, калектывізацыя, Вялікая айчынная вайна і тое, як яны паўплывалі на Іркуцкую вобласць. Гэта кніга не толькi пра перасяленцаў, яна пра станаўленне нашага рэгіёну, і рэкамендуецца для чытання ўсім іркуцянам.

Рыгор Хенох адзначыў якасць твору – „чытаецца на адным дыханні“, „філалагічная скарбніца“, – добрую мову, працятую рускімі, беларускімі, бурацкімі і сібірскімі словамі, якія сплятаюцца ў адзіны ўзор, і назваў раман „тутэйшымі «Сто гадоў адзіноты»“, хаця Кірпічэнка, не зважаючы на ​​цяжар перажытага героямі, пакідае ім надзею на спрыяльную будучыню. Рыгор Хенох вылучыў у рамане яго ўнікальны беларускі негвалтоўна-аптымістычны характар, пазнавальныя тапонімы, і заклікаў усіх да чытання.


03-29.jpg


Аляксей Пятроў прызнаўся, што пагадзіўся на ўдзел у прэзентацыі з-за сталыпінскага мінулага сваёй сям'і: яго прадзеды прыехалі ў 1910 г. з Украіны. Ён зачытаў каларытныя урыўкі рамана: апісанне кірмашу, замалёўкі Іркуцка, размову з каморнікам, урывак пра гандлёвыя адносіны беларусаў з буратамі. Адзначыў пісьменнасць перасяленцаў іх запыт на кнігі, адкрыццё школ і навучальных устаноў. Завастрыў увагу на ролю перасяленцаў у павелічэнні ворнай зямлі і культуры земляробства (сюды былі завезены бульба, каноплі, лён), дзякуючы чаму з 1913 г. Сібір карміла цэнтральную Расію.

Прысутных з экрану вітаў сам аўтар, які знаходзіўся ў Мінску. Віталій Якаўлевіч расказаў пра сябе, пра ідэю стварэння рамана і яго персанажаў.

Іркуцкае таварыства беларускай культуры плануе перадаць кнігі ў бібліятэкі вобласці і ў аддзяленні сваёй арганізацыі.



Сустрэча прайшла ў рамках праекту „Дні беларускай культуры ў Іркуцкай вобласці“, арганізаваным РГА „Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага“ і падтрыманым субсідыяй Міністэрства культуры і архіваў Іркуцкай вобласці.

*

Пісьменнік Віталій Кірпічэнка нарадзіўся ў 1936 г. у беларускай перасяленчай вёсцы Талстоўка Баяндаеўскага раёна. Палкоўнік ВПС у адстаўцы, служыў у Чырвонай Арміі (1954–89), браў удзел у ліквідацыі наступстваў на Чарнобыльскай АЭС, працаваў у НДІ (1989–99). Як празаік друкуецца з 1971 г. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі. Цяпер жыве ў Мінску.

Алена Сіпакова, Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага