У Іркуцку прайшоў “Дзень Беларусі”

Абласное свята “Дзень Беларусі”, якое ўпершыню прайшло 6 ліпеня ў горадзе Усолле-Сібірскае, было прымеркавана да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і 75-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

На свята з’ехаліся беларусы з усёй Іркуцкай вобласці. Самая вялікая дэлегацыя была з Чаромхава, але таксама шмат людзей прыбыло з Тайшэта, Іркуцка, Куйтуна і з Усольскага і Заларынскага раёнаў. Удзельнікаў віталі мэр горада Максім Таропкін, старшыня Усольскага беларускага таварыства Наталля Дрэйгал, старшыня Рэгіянальнай грамадскай арганізацыі “Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Я.Чэрскага” Алена Сіпакова і кіраўнік Грамадскай арганізацыі “Мясцовая нацыянальна-культурная аўтаномія «Беларусы Чаромхава Іркуцкай вобласці»” Васіль Ракіта.


02-Den_Belorussii_v_Usolie-Sibirskom190706DPP_0152we.jpg


Урачыстасці з удзелам творчых калектываў горада і вобласці праходзілі каля ДК “Мір”, праграма была вельмі насычаная. Адным з самых яскравых быў выступ тайтурскага харэаграфічнага ансамблю “Усмешка”, які ўсіх скарыў выкананнем беларускіх танцаў. Пранікнёна спяваў пра Беларусь чарамхоўскі хор “Ветэраначка”. Прафесійна выконвалі песні на беларускай мове усольскія калектывы “Звонніца” і “Ззянне”. Усальчане яшчэ доўга будуць з цеплынёй узгадваць яскравыя выступы Аляксандры Лабар, “Агітбрыгады «Зорка»”, ансамблю эстраднага танцу “Серпантын”, “Чабаркі”, “Ялiнак”, клуба “Каўчэг”. З беларускім фальклорам гледачоў пазнаёмілі ансамблі “Сунiчкi”, “Квяточак”, “Ленушка”, “Беларусы Прыбайкалля” і “Отрада”. Акрамя гэтага ладзіліся беларускія народныя гульні і забавы, а ўся плошча пераўтварылася ў вялізную выставу беларускіх рамёстваў з майстар-класамі па вышыўцы, ткацтве, саломапляценні, вязанні і вырабе лялек. Госці свята маглі пакаштаваць стравы беларускай кухні: дранікі, каўбасы, халадзец, “узвар”, запечаную ў чыгунку бульбу і іншыя прысмакі.

Усіх удзельнікаў узнагародзілі дыпломамі і памятнымі падарункамі. Завяршылася свята вялікім дружным карагодам.


01-Den_Belorussii_v_Usolie-Sibirskom190706DPP_0034we.jpg


Мерапрыемства прайшло пры падтрымцы Упраўлення губернатара Іркуцкай вобласці і Урада Іркуцкай вобласці па сувязях з грамадскасцю і нацыянальных адносінах, аддзелу культуры УСКП і адміністрацыі горада Усолле-Сібірскае, РГА “Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Я.Чэрскага”.

Праект “Дзень Беларусі” - гэта пераходзячае мерапрыемства, заснаванае грамадскімі беларускімі арганізацыямі Іркуцкай вобласці. У 2020 годзе прымаючым бокам абраны горад Іркуцк.

Зычым поспеху іркуцкім калегам – і да новай сустрэчы!

Алена Сiпакова, Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Я.Чэрскага