У Іркуцкай вобласці прайшло абласное беларускае народнае свята “Дажынкі-2019”

15 верасня Іркуцкі Беларускі клуб “Крывічы” разам з беларускім фальклорным ансамблем “Крынічанька” дома культуры вёскі Аляксандраўск (вёска была ўтворана перасяленцамі з Беларусі) Аларскага раёна Іркуцкай вобласці святкавалі “Дажынкі-2019”. На свята сабраліся творчыя калектывы з Іркуцка і некалькіх вёсак горада. Акрамя вышэйназваных у госці да беларусаў прыехалі ўкраінскі фальклорны ансамбль “Рушничок” з вёскі Бурацкая, вакальны гурт “Раздолье” з вёскі Зоны, творчыя калектывы з вёсак Аляты, Забітуй, Бахтай, ансамбль “Серцебиение” з вёскі Тыргетуй.

Вёска Аляксандраўск знаходзіцца за 190 км ад Іркуцка, і дарога да яе заняла амаль тры гадзіны. Але свята як заўсёды атрымалася вясёлым і цікавым! Праходзіла яно ў два этапы.

Спачатку з дазволу фермера Сяргея Мярэшчанкі, які ахвотна даў магчымасць карыстацца сваёй гаспадаркай, у полі правялі абрад “Дажынкі”. З мясцовых жанчын абралі старэйшую “жняю-пастацянку” (“Постаць” – гэта “пракос” які “вядзе” жняя). Ёй стала Любоў Зезюкова. Яна пакланілася полю, прамовіла па-беларуску рытуальныя словы-падзякі да Зямлі-Карміцелькі, а пасля пачала жаць сярпом пшаніцу. Неўзабаве да яе далучыліся ўсе прысутныя жанчыны, нават маленькія дзяўчынкі. Тым, хто не вельмі ўпэўнена валодаў сярпом, сакрэты працы падказвалі больш дасведчаныя.

На працягу ўсяго абраду гучалі старадаўнія беларускія “дажыначныя” песні ў выкананні ансамблю аўтэнтычных спеваў “Крывічы”.

Прыгожай урачыстай дзеяй было і збіранне галоўнага “снапа-гаспадара”. Дзяўчаты і жанчыны, прамаўляючы старадаўнія магічныя словы-пажаданні, перадавалі старэйшай жняі зрэзаныя імі пучкі пшаніцы. А разам з гэтым іншыя жанчыны з песнямі рыхтавалі галоўны вянок з каласоў.

Быў праведзены і абрад падзякі Зямлі-Карміцельке. Старэйшая жняя сабрала разам некалькі сцёблаў пшаніцы і звязала іх чырвонай стужкай, якая сімвалізуе самое Жыццё. У беларусаў гэта называецца “Барада”. Лічылася, што сабраная ў купку “Барада” ў будучым годзе будзе спрыяць больш густому ўраджаю.

Затым старэйшая жняя перадае свой серп малодшай жняі, бо важным атрыбутам любога абраду з’яўляецца перадача традыцый маладым пакаленням. Маладой жняёй у нас сёлета была ўдзельніца ансамблю “Крывічы” Міраслава Рукавішнікава. Яна рукой, абгорнутай у “анучку” (ільняны кавалачак тканіны), чыста прапалола траву між сцёблаў, каб у наступным годзе ў збожжы не было пустазелля, а зямля была ўрадлівай. Затым яна паліла “Бараду” вадой з “глечыка” – невялікага збана, каб у наступным годзе дажджы ішлі своечасова і Зямля-Карміцелька ня ссохлася. Затым яна зрэзала сярпом усе сцёблы, акрамя трох самых высокіх. У іх яна заматала акрайчык хлеба і закапала яго ў зямлю. Гэта дзеянне сімвалізуе даніну Зямлі.

Калі ўсе дзеянні з “Барадой” былі завершаныя, удзельнікі ансамблю “Крывічы” ўручылі сноп-гаспадар гаспадару поля Сяргею Мярэшчанку, а галоўны вянок апранулі на галаву гаспадыні поля – Таццяны Мярэшчанкі.

Пасля ўсіх гэтых абрадаў пачалася сапраўдная весялосьць. Прыгожыя карагоды, вясёлыя песні, народныя танцы! Не абыйшлося і без “палявога” абеду з смачнай кашай “сыта”, якую па старадаўнім беларускім рэцэпце прыгатавала Таццяна Мярэшчанка!

Другі этап “Дажынак-2019” праходзіў у клубе Аляксандраўска.

Усе творчыя калектывы, пералічаныя ў пачатку нарысу, паказвалі сваю творчасць ужо са сцэны. Песні гучалі на чатырох мовах: беларускай, рускай, бурацкай і ўкраінскай!

Свята атрымалася на славу! Не хацелася нават раз’язджацца.

Я дзякую ўсім удзельнікам за іх творчасць і патрачаныя час і сілы! Менавіта вы зрабілі свята такім насычаным і яркім!

Асабліва хочацца адзначыць дырэктара ДК вёскі Аляксандраўск Ларысу Сітнікаву, а таксама старшыню Іркуцкага Беларускага клуба “Крывічы” Волю Галанаву!

Ведайце, што гэта не апошняе свята ў гэтым годзе. Наперадзе – 5 кастрычніка – Багач, следам - Пакровы, і г.д.

Нашы продкі ўмелі і працаваць, і адпачываць, а мы не горш за іх! Чакаем вас на нашых беларускіх святах!


Алег Рудакоў
Фота Алесі Стасевіч