У Даўгаўпілскім ЦБК адбыўся творчы вечар дуэта Лідзіі Знотыні і Яўгена Пашкевіча

30 красавіка ў Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) адбыўся творчы вечар дуэта Лідзіі Знотыні і Яўгена Пашкевіча са Славянскага таварыства “Узоры” горада Ліваны, арганізаваны беларускім культурна-асветніцкім таварыствам “Уздым”.

На вечары прагучала шмат народных і аўтарскіх песень у іх выкананні на беларускай, рускай, украінскай і латышскай мовах.

Прысутныя даведаліся, што Лідзія Знотыня нарадзілася ва Украіне, а Яўген Пашкевіч – у Краславе. Жыццёвыя дарогі звялі іх у Ліванах, дзе на працягу многіх гадоў яны прымаюць актыўны ўдзел у рабоце Славянскага таварыства “Узоры”. Лідзія з’яўляецца старшынёй гэтай грамадскай арганізацыі, якая ўваходзіць у склад Саюза беларусаў Латвіі. Іх галасы арганічна і прыгожа ўліваюцца ў спевы аднайменнага ансамбля “Узоры”, якім кіруе Яніна Юзэфовіч.

Лідзія і Яўген пачулі нямала цёплых, сардэчных слоў на свой адрас. З кветкамі і падарункамі іх віталі кіраўніца ЦБК і старшыня таварыства “Уздым” Жанна Раманоўская, консул Генеральнага консульства Беларусі ў Даўгаўпілсе Мікалай Раманкевіч, консул-дарадца Генеральнага консульства Расійскай Федэрацыі ў Даўгаўпілсе Наталля Пуставойтава, прадстаўнікі ўкраінскага таварыства “Мрія” Уладзімір Кірдан і Рускай пісьменніцкай арганізацыі Яўціхій Канаплёў і Людміла Вілюма, а таксама ўдзельнікі даўгаўпілскага ансамбля “Спадчына”. Я прачытаў свой верш, прысвечаны ліванскаму ансамблю “Узоры” і выказаў падзяку за супрацоўніцтва, – у выкананні Яўгена Пашкевіча тут прагучалі песні на мае словы: “Пaлын і медуніца”, “У твой дзень народзін” і “Прызнанне” кампазітараў Эдуарда Вартанава, Альберта Белуся і Віктара Антонава. А Лідзія Знотыня прымала яшчэ і віншаванні з днём нараджэння, які якраз прыйшоўся на гэты дзень.

“Нашу творчую сустрэчу я назвала «З песняй па водаваротах лёсу». Лёс у кожнага чалавека свой: які жыццёвы шлях мы выбіраем і па якім ідзём, у многім залежыць ад нас. Мы – мастакі свайго лёсу…” – слушна казала Лідзія Знотыня.

Пасля завяршэння канцэрта госці і арганізатары імпрэзы мелі доўгую размову аб далейшым супрацоўніцтве і разам спявалі прыгожыя песні.

Станіслаў Валодзька, Беларускае культурна-асветніцкае таварыства “Уздым”