Палітолаг Андрэй Елісееў на сваёй старонцы ў фэйсбуку расказаў, што лічыць галоўным вынікам 2020-га года. На думку спецыяліста, гэта «канчатковае і беспаваротнае разбурэнне міфа пра большасць за Лукашэнку».
— Гэта вельмі важная рэч з псіхалагічнага пункту гледжання. Яго падтрымлівала менш за палову насельніцтва і 5, і 10, і 15 гадоў таму. Але вывастраная сістэма фальсіфікацый выбараў, сістэма цэнзуры і прапаганды, уся дзяржаўная машына ад спецслужбаў да ідэолага на мясцовым прадпрыемстве доўгія гады ўводзілі ў зман мільёны беларусаў і дэзарыентавалі іх, — піша Елісееў.
Палітолаг аналізуе, як так атрымалася, што ўвесь гэты механізм абрынуўся ў 2020-м годзе.
— Развіццё сацыяльных сетак, ідыёцкія дзеянні ўладаў на фоне эпідэміі і прэзідэнцкая кампанія як такая прывялі да беспрэцэдэнтнай мабілізацыі прыхільнікаў пераменаў. Аўтарытарнага лідэра на выбарах абышоў апанент без усялякага вопыту грамадскай і палітычнай дзейнасці, фактычна выпадковы чалавек — знак у абсалютна вымушанай, непрадказальнай сітуацыі, ва ўмовах максімальна кароткай выбарчай кампаніі і надзвычай рэпрэсіўнай атмасферы. Больш за тое, гэты апанент — жанчына, а гэта двайны ўдар для аўтарытарнага кіраўніка, у сістэме каштоўнасцяў якога жанчына можа толькі прыслугоўваць, а народ нібыта не гатовы за жанчыну галасаваць у прынцыпе.
Ключавы дзень года з палітычнага пункту гледжання — 19 чэрвеня, калі пратэсты працягнуліся самастойна ў многіх гарадах без заклікаў якіх-небудзь палітычных сіл. Паслявыбарчыя падзеі сталі працягам гэтага патэнцыялу.
У 2020 годзе беларусы, што выступаюць за перамены, нарэшце ўсвядомілі, што знаходзяцца ў большасці, і гэта пераломны гістарычны момант.
Хай 2021 год стане важным годам для ўрачыстасці справядлівасці і аднаўлення законнасці!