Вядомыя мастацкія калектывы з Беларусі, Расіі ды Казахстана паўдзельнічалі ў ІV Міжнародным фестывалі аркестраў народных інструментаў “Струны Сибири”, які праходзіў з 25 па 28 лютага ў Новасібірскай філармоніі.
Святочныя імпрэзы збіралі шмат гледачоў. Трэці фестывальны дзень адкрыў Нацыянальны акадэмічны народны аркестр Беларусі імя Іосіфа Жыновіча. Калектыў, якім цяпер кіруе дырыжор, народны артыст Беларусі Міхаіл Казінец, прадставіў слухачам як традыцыйныя беларускія мелодыі, так і сусветныя шэдэўры класічнай музыкі. Завяршыў канцэрт Рускі акадэмічны аркестр Новасібірскай філармоніі (галоўны дырыжор і мастацкі кіраўнік — Уладзімір Гусеў), прычым калегі падаравалі гасцям з Беларусі саламяныя лялькі. Сібіракі віталі беларускіх музыкаў горача, душэўна, і паўтары гадзіны праляцелі, як адно імгненне.
А 28 лютага ладзіўся гала-канцэрт фестывалю, у якім у першым аддзяленні таксама граў Аркестр імя Жыновіча. У той вечар са сцэны гучалі такія мілыя кожнаму беларусу мелодыі, як “Мой родны кут”, шпаркая “Лявоніха” ды іншыя.
На абодвух канцэртах гледачы горача віталі гасцей з Беларусі. Аркестр, дарэчы, адзін са старэйшых у краіне, а не быў у Новасібірску — ажно 40 гадоў! Не толькі слухалі мы родныя меладыі, але ж і прыглядаліся: з чым прыехалі да нас землякі. Найбольш інструментаў аркестра складалі цымбалы. Іх гучанне выклікала, можна сказаць, фурор. Як аказалася, зроблены ўсе яны ў Барысаве, маім родным горадзе! На знакамітай у савецкую пару Барысаўскай фабрыцы музінструментаў, якую звалі ўсе ў нас у горадзе па-свойску: “Піянінка”. Экзатычнымі для сібіракоў інструментамі былі таксама беларуская дуда, яшчэ й акарына, на якіх ігралі музыкі. Дарэчы, у беларускай зоне, зладжанай намі ў філармоніі, таксама былі прадстаўлены цымбалы, якія выклікалі вялікую зацікаўленасць аматараў музыкі. Большасць іх, аднак, памылкова называлі наш інструмент гуслямі. А музыкі з аркестра потым сказалі, што і нашы, “цэнтраўскія” цымбалы — таксама родам з майго Барысава. Наведнікі свята пабачылі традыцыйны беларускі жаночы касцюм, рушнікі, вырабы з саломы й выставу традыцыйных беларускіх арнаментаў.
Супрацоўнікам ЦБК, яго кіраўніцы Анастасіі Дзяменцьевай пасля канцэрта пашанцавала пагутарыць з беларускімі музыкамі, яны падаравалі нам свой кампакт-дыск. Прыемна было бачыць і чуць землякоў нашых удалечыні ад Бацькаўшчыны, сфатаграфавацца з імі на памяць. Хацелі мы іх запрасіць у наш Новасібірскі цэнтр беларускай культуры, але вольнага часу ў музыкаў амаль не было, нават каб трошкі з горадам пазнаёміцца: уранні адляталі дадому. Будзем спадзявацца, што наступны візіт музыкаў аркестра будзе раней, чым праз 40 гадоў.
Таццяна Нялюбіна, метадыстка Новасібірскага цэнтра беларускай культуры; „Голас Радзімы“