Ці задаволіць просьбу Ульяны Гарбачовай Ілан Маск?

Пра Ульяну Гарбачову «Народная Воля» не аднойчы расказвала на сваіх старонках. Працуючы на Мінскім трактарным заводзе кранаўшчыцай, яна ў мінулым годзе далучылася да страйкамаўцаў. І, каб пазней пазбегнуць рэпрэсій, вымушана была з’ехаць за мяжу.

На мінулым тыдні стала вядома, што жанчына звярнулася з незвычайным лістом да сусветна вядомага Ілана Маска. Вось што яна напісала.

«Прывітанне, Ілан!

Мой электронны ліст можа здацца Вам незвычайным, і, шчыра кажучы, я менавіта гэтага і дамагаюся.

Мяне клічуць Ульяна, я з Беларусі. Я нарадзілася і вырасла ў Мінску, працавала на Мінскім трактарным заводзе. Спачатку я працавала штампоўшчыкам. Пазней я прайшла навучанне на МТЗ і стала машыністам крана. Усяго на Мінскім трактарным заводзе я прапрацавала 12 гадоў: адзін год штампоўшчыкам, астатнія кранаўшчыком.

Маё жыццё было цудоўным, па меншай меры да прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ў 2020 годзе і наступных масавых акцый пратэсту. Думаю, Вы ведаеце пра сітуацыю ў маёй роднай краіне, таму няма сэнсу апісваць яе яшчэ раз. Для тых, хто аспрэчваў фальсіфікацыі вынікаў выбараў, было важна хоць бы паспрабаваць распачаць страйк, таму я стала членам страйкавага камітэта на сваім прадпрыемстве. Нягледзячы на тое, што я была адным з лепшых выканаўцаў у маім падраздзяленні, мяне звольнілі. Пазней мяне таксама затрымалі за ўдзел у акцыях пратэсту.

У сакавіку 2021 года я была вымушаная пакінуць Беларусь. Калі б я не з’ехала, то аказалася б палітычнай зняволенай, а ў Беларусі ўжо 700+ (на момант публікацыі – больш за 800. – Рэд.) чалавек, якія былі змешчаны ў турму па тых жа прычынах. Такім чынам я апынулася ў Кіеве (Украіна), а затым пераехала ў Адэсу, украінскі горад на беразе Чорнага мора. Я разведзена і самастойна выхоўваю 8-гадовага сына.

У цяперашні час працую ў Адэсе кранаўшчыком. Наогул, раней я працавала на маставым кране, а цяпер працую на казлавым.

А цяпер дазвольце мне перайсці да сутнасці майго ліста да Вас, Ілан. Мне вельмі хацелася б папрацаваць кранаўшчыком на адным з Вашых прадпрыемстваў у Амерыцы. Я захапляюся Вамі і тым, чым займаецца Ваш бізнес, і я была б шчаслівая мець магчымасць унесці хоць бы найменшы ўклад у поспех адной з Вашых кампаній. Я адказны чалавек і хутка навучаюся. Я даволі добра размаўляю па-англійску. Цалкам упэўнена, што Вы не пашкадуеце, што нанялі такога чалавека, як я!

На жаль, большасць маіх знаёмых не вераць, што я змагу знайсці працу ў Вашай кампаніі. Але я працягваю верыць у цуды. У рэшце рэшт, у чым сэнс жыцця, калі вы ні ў што не верыце?!

З нецярплівасцю чакаю Вашага адказу. З найлепшымі пажаданнямі – Ульяна Гарбачова».

«Народная Воля»