АБСЕ з'яўляецца найбуйнейшай рэгіянальнай арганізацыяй, якая займаецца пытаннямі бяспекі. У яе склад уваходзяць 56 дзяржаў-удзельніц, уключаючы ўсе еўрапейскія краіны, а таксама краіны СНД, ЗША і Канаду. Папярэдні Вярхоўны камісар па справах нацыянальных меншасцей Астрыд Турс наведала Латвію і Даўгаўпілс ў 2014 годзе. Прайшло тры гады, і шматнацыянальны Даўгаўпілс зноў наведала дэлегацыя місіі АБСЕ: Ірына Уласюк - саветнік Вярхоўнага камісара па справах нацыянальных меншасцей, Джэніфер Крофт - саветнік Вярхоўнага камісара па справах нацыянальных меншасцей, а таксама Захід Маўлазада - палітычны саветнік Вярхоўнага камісара па справах нацыянальных меншасцей. Дэлегацыю суправаджала Солвіта Вэвэрэ, дырэктар Дэпартамента грамадскай інтэграцыі Міністэрства культуры Латвіі.
Цэнтр беларускай культуры сустрэў высокіх гасцей музычным прывітаннем - вакальна-інструментальны ансамбль "Пралескі" выканаў песню на латышскай і беларускай мовах. Арганізатар культурных мерапрыемстваў ЦБК Ірына Апэйнанэ правяла для прадстаўнікоў місіі АБСЕ экскурсію па Беларускаму дому і прадставіла шырокую прэзентацыю аб Цэнтры: метадычнай, канцэртнай, фестывальнай, літаратурнай, выставачнай і дабрачыннай дзейнасці, адукацыйна-гульнявым напрамку для дзяцей. Супрацоўнікі і кіраўнікі творчых калектываў ЦБК распавялі пра сваю працу, адказалі на пытанні пра беларускую дыяспару.
Гасцей зацікавіў той факт, што ЦБК рыхтуе для ліцэнзавання праграму першапачатковых курсаў беларускай мовы для тых, каго цікавіць культура і традыцыі беларускага народа; і якія неўзабаве змогуць наведваць жыхары Даўгаўпілса. У Латвіі такой практыкі няма нідзе.
У цёплай, сяброўскай абстаноўцы закончылася сустрэча місіі АБСЕ у Цэнтры беларускай культуры. На памяць аб сустрэчы гасцям падарылі па кнізе «Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе», выдадзенай ЦБК у мінулым годзе пра свой галоўны культурны форум года, які ў гэтым годзе будзе праводзіцца ўжо ў сёмы раз. У сваю чаргу супрацоўнікам ЦБК аб сустрэчы з місіяй АБСЕ будзе нагадваць запіс у кнізе водгукаў і агульная фатаграфія.
Пасля азнаямлення з работай Рускага ліцэя, Польскай гімназіі, Цэнтра беларускай культуры чыноўнікі АБСЕ сустрэліся з прадстаўнікамі нацыянальна-культурных таварыстваў Даўгаўпілса ў Латышскім доме.Цэнтр беларускай культуры (Даўгаўпілс, Латвія)