Цапкала з'ехаў з Масквы, зараз знаходзіцца ў Кіеве — прэс-сакратар

Экс-прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Беларусі, былы кіраўнік Парку высокіх тэхналогій Валерый Цапкала з'ехаў з Масквы і цяпер знаходзіцца ў Кіеве, паведаміў агенцтву «Інтэрфакс-Захад» прэс-сакратар палітыка Аляксей Урбан.

«Валерый Цапкала ўжо знаходзіцца ў Кіеве», — сказаў Урбан.

Раней, 24 ліпеня, стала вядома, што Цапкала пакінуў тэрыторыю Беларусі і знаходзіцца ў Маскве разам з дзецьмі. Яго жонка Вераніка Цапкала засталася ў Беларусі.

Каментуючы свой выезд з краіны, Цапкала адзначыў, што аб магчымым арышце яго папярэдзілі сябры ў праваахоўных органах — МУС і КДБ Беларусі.

14 ліпеня Цэнтрвыбаркам Беларусі не зарэгістраваў Цапкала кандыдатам у прэзідэнты з-за недахопу неабходных для гэтага 100 тысяч сапраўдных подпісаў за яго вылучэнне. Ініцыятыўная група Цапкалы сабрала больш за 200 тысяч подпісаў. Па дадзеных штаба, у выбаркамы было здадзена 160 тысяч подпісаў. Між тым ЦВК прызнаў сапраўднымі менш за 80 тысяч подпісаў.

16 ліпеня Цапкала падаў у Вярхоўны суд скаргу на адмову ў рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты, пры гэтым ён адзначаў, што «не мае ніякіх ілюзій у дачыненні да таго, якое рашэнне суд вынесе». Вярхоўны суд скаргу адхіліў.

Выбары прэзідэнта Беларусі павінны адбыцца 9 жніўня.

novychas.by паводле interfax.by