«Тэатр шчаслівых дзяцей» Альгерда Бахарэвіча выйшаў на паперы. Але кніга толькі адна, і набыць яе можна толькі на аўкцыёне.
Беларуская Рада культуры ініцыявала выданьне літаральна АДЗІНАГА папяровага асобніка кнігі, што ўлетку выйшла толькі ў электронным фармаце. Над рэалізацыяй праекту працавалі людзі, якія сёння жывуць у Беларусі, Аўстрыі, Нідэрландах, Эстоніі і Польшчы.
«Тэатр шчаслівых дзяцей» – дзіцячая кніга, якую будзе цікава прачытаць і дарослым. Як выбрацца з пасткі, не маючы ні тэлефона, ні зброі, і знайсці сяброў, што зніклі? Колькі твараў у туману? Што такое гісторыя – і калі канчаецца мінуўшчына? Якую таямніцу хаваюць нашыя бацькі – і ці чуе нас Бог, калі мы маўчым? Гэтымі пытаннямі задаюцца героі кнігі, Лявон, Анцік і Юля, нечакана апынуўшыся ў таямнічым краі, які не знойдзеш ні ў Вікіпедыі, ні на школьных мапах.
– «Тэатр шчаслівых дзяцей» – гэта не проста кніга, гэта акт майго мастацкага, літаратурнага супраціву. Я называю яе «беларускім фэнтэзі з элемэнтамі палітычнага трылеру». Спадзяюся, яна дапаможа чытачам ацалець у вусцішнай казцы, у якую ператварылася беларуская рэальнасць, а яшчэ дасць надзею і прымусіць задумацца пра тое, чаму мы апынуліся ў такім пункце нашай гісторыі, і як тое, што адбываецца ў Беларусі, адгукнецца ў будучыні. Але перадусім «Тэатр шчаслівых дзяцей» – гэта літаратурны твор, і мне хочацца верыць, што ён захапляе і прымушае суперажываць героям. Суперажываньне для нас цяпер – гэта самая вялікая каштоўнасьць, – кажа Альгерд Бахарэвіч з нагоды ўдзелу ў дабрачынным аўкцыёне.
Кніга надрукавана адмыслова для гэтага аўкцыёну на еўрапейскай паперы найвышэйшага гатунку. Цвёрдая вокладка, 220 старонак, аздобіла выданне мастачка Кацярына Дубовік.
Усе сродкі, атрыманыя ад продажу лоту з персанальным аўтографам аўтара, будуць скіраваныя на падтрымку рэпрэсаваных дзеячаў культуры.
Удзельнічаць: