Таварыства “Уздым” прэзентавала кнігу Станіслава Валодзькі падчас Дзён славянскай культуры

28 мая беларускае культурна-асветніцкае таварыства “Уздым” у Даўгаўпілсе адзначыла Дні славянскай культуры літаратурна-музычнай сустрэчай на пляцоўцы Zoom.

Тут была прэзентавана кніга на беларускай мове Станіслава Валодзькі “Збор твораў том 1”. Кніга выдадзена ў Даўгаўпілсе пры падтрымцы Пасольства Беларусі ў Латвіі і Nākotnes atbalsta fonda (Фонда падтрымкі будучага).


Fota_knigi.jpg


У кнізе надрукаваны вершы са зборнікаў “Сцяжына” (1983 г.), “У вачах Айчыны” (1996 г.) і “Памяці гаючая трава” (2000 г.). А таксама – прадмовы да іх “Наш дазорца” Сяргея Панізніка і “Сэрца паэта” Эдуарда Мекша і крытычныя отклікі аб гэтых зборніках “У вялікі свет” Дануты Бічэль-Загнетавай, “Пяшчотнасць і гнеў” і “Ношу несці на плячах” Леаніда Цылевіча.

У кнізе змешчаны экслібрыс Вячкі Целеша, рэпрадукцыі мастацкіх работ Настассі Сазанковай і Вэлты Лоцэ, а таксама ілюстрацыі Валерыя Підгары.


Exlibrys_V_celesa.jpg


На сустрэчы прагучалі песні на словы С. Валодзькі (аўтары музыкі – Альберт Белусь, Яўгенія Дынко, Леанід Лаўрыновіч і Станіслаў Клімаў) у выкананні Ніны Прусаковай – “Матчына мова”, Яніны Юзэфовіч – “Мірта”, Регіны Родзікавай – “Наш масток”, Яўгена Пашкевіча і Лідзіі Знотыні – “Касцёр на дваіх”, “Под небом Родины”, “Ваше Величество Песня”. Імі былі выкананы і, перакладзеныя С. Валодзькам з рускай і польскай моў на беларускую, песні “Малінаўка” Эдуарда Ханка, “Вінаградная костачка” Булата Акуджавы і “Грай скрыпка” Адама Астона.

Вядучая імпрэзы Лілія Воранава распавяла аб святых Кірыле и Мефодзіі, аб традыцыі святкавання Дзён славянскай культуры і прачытала верш, прысвечаны братам-місіянерам, стваральнікам славянскай азбукі. Алёнай Радзівонавай быў прачытаны верш народнага паэта Беларусі Максіма Танка “Родная мова”. Член рускай пісьменніцкай арганізацыі Даўгаўпілса Валянціна Пруднікава агучыла верш даўгаўпілскага паэта Паўла Макаленкіна “Поэт”. У завяршэнне сустрэчы члены Славянскага таварыства ў Ліванах Л. Знотыня і Я. Пашкевіч выканалі песню на ўкраінскай мове “А рокі лэцяць” Людмілы Каламійчук.

Словы ўдзячнасці прысутным і самыя добрыя пажаданні былі выказаны Таццянай Дзянісавай, намеснікам старшыні “Уздыма”.

Паводле прэс-рэлізу