Сяргей Шабадалаў выступіў у даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры

12 мая 2018 года ў Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) з аншлагам прайшла творчая сустрэча-канцэрт з удзельнікамі ансамбля беларускай песні "Світанак" і яго салістам Сяргеем Шабадалавым з літоўскага горада Вісагінас. Мерапрыемства было прысвечана малой радзіме і Дню маці.


04_S.Shabadalov_12.05.jpg


Беларусы Даўгаўпілса даўно і цесна супрацоўнічаюць з беларусамі Вісагінаса (Літва). Паміж Цэнтрам беларускай культуры г.Даўгаўпілса і Беларускім культурным цэнтрам "Крок" г.Вісагінаса заключана Пагадненне аб супрацоўніцтве; плённае супрацоўніцтва звязвае "Крок" і з Даўгаўпілскім беларускім культурна-асветніцкім таварыствам «Уздым». Мы неаднаразова бывалі ў Літве на сумесных канферэнцыях, творчых сустрэчах, канцэртах, фестывалях, святах «Купалле» на беразе маляўнічага возера і кожны год прымаем літоўскіх беларусаў у Даўгаўпілсе.

Сяргей Шабадалаў - саліст ансамбля «Світанак» і актыўны член беларускага таварыства "Крок" з Вісагінаса (Літва), член Кансультатыўнага савета (беларусаў замежжа) пры Міністэрстве замежных спраў Беларусі; удзельнічае ў арганізацыі фестываляў беларускай песні ў Літве і з'яўляецца іх пастаянным вядучым; часта выступае ў складзе зборных канцэртаў як у Літве, так і ў Латвіі. Ансамбль «Світанак» з С.Шабадалавым таксама штогод удзельнічаў у міжнародным фестывалі «Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе", які праводзіць ЦБК.        

С.Шабадалаў - рознабакова адораны чалавек: валодае не толькі цудоўным голасам, але і талентам гумарыста-парадыста, вядучага-канферансье, а таксама валодае дарам выдатнага апавядальніка. Менавіта таму ў зале ніхто не сумаваў, раз-пораз выступленне перарывалася бурнымі апладысментамі і крыкамі "Брава!». Песні пра родную Беларусь, пра малую радзіму, пра каханне, жартоўныя песні - кожны на канцэрце пачуў тое, што блізка і дорага яго сэрцу. У выдатным выкананні спевака прагучалі беларускія народныя і аўтарскія песні.

Сольныя нумары Сяргея чаргаваліся з яркім выступленнем удзельнікаў ансамбля «Світанак» - Пішчыкаса Эдвардаса, Пішчыкене Алены, Падобы Міхася, Падобы Валянціны, Шабадалавай Вольгі, якія як нельга лепш дапаўнялі адзін аднаго.

Як адзначыў Сяргей Шабадалаў, мерапрыемства ў Даўгаўпілсе - гэта новая старонка ў яго творчай кар'еры, паколькі вялікі сольны канцэрт яму яшчэ не даводзілася даваць. А яшчэ на вечары прагучала шмат песень на словы даўгаўпілскага паэта, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Станіслава Валодзькі, у творчасці якога тэма малой радзімы і маці праходзіць чырвонай лініяй.

Жывая музыка, выдатныя галасы саліста і ўдзельнікаў ансамбля, тонкі гумар вядучага - усё гэта не пакінула абыякавым нікога са шматлікіх прысутных. Канцэрт прайшоў «на ўра», падарыў мноства самых радасных і пазітыўных эмоцый гледачам і надзею на новыя творчыя сустрэчы. Пра гэта і сказала ў заключнай прамове кіраўніца ЦБК і старшыня беларускага таварыства «Уздым» Жана Раманоўская. Словы падзякі ў адрас артыстаў прагучалі таксама ад старшыні Таварыства латвійска-беларускага садружнасці С.Валодзькі, члена праўлення «Уздыма» Вольгі Паўловіч і многіх іншых.

Супрацоўніцтва беларусаў Латвіі і Літвы працягваецца. Да сустрэчы ў гэтым годзе на фестывалі беларускай песні ў Вісагінасе і «Беларускім кірмашы ў Даўгаўпілсе"!

Цэнтр беларускай культуры