Сяргей Панізнік пра Вольгу Грыцук. “І жыла Беларусь на чужыне!”

22 красавіка 2019 года з беларуска-канадскай дарогі сышла ў таямнічы свет спадарыня Вольга Грыцук. Яна больш як паўвека пражыла ў Кінгстане. А нарадзілася ля старажытнага беларускага горада Дзісна. Вольга назаўсёды пакінула руіны згарэлага ад бамбёжак бацькоўскага дома ў 1944 годзе. Праз 60 гадоў пасля тых падзей пачалася наша з ёй перапіска. Лагоднай, чулай, зычлівай суайчынніцы я прысвячаў вершы, дбаў, каб і на яе радзіме захаваліся добрыя згадкі пра зямлячку. Мы былі аднадумцы ў галоўным – у любові і павазе да свайго “айчыннага мацерыка”.


image.jpg


Невымерны патрыятызм Вольгі, гэтай прыўкраснай галінкі на радаводным дрэве Дуброўскіх, натхняла чытачоў яе кнігі “Мы стваралі сваю Беларусь: жыццё і дзейнасць Аляксея Грыцука”. Гэты зборнік, выдадзены ў Мінску ў серыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны”, узнавіў памяць пра аднаго з лідэраў пасляваеннай эміграцыі ў Канадзе, Аляксея-Алеся Грыцука (1910–1976) – таленавітага і мужнага сына беларускага народа, які надаў сучаснікам моцны духоўны імпульс, мужа спадарыні Вольгі. А пісьменніца Вольга Іпатава зрабіла для гэтага выдання літаратурную апрацоўку творчых набыткаў самой Вольгі Васільеўны – пра Паўліну Мядзёлку, уладыку Мікалая з Таронта... Узгадваю, як я быў расчулены кароткім аповедам пра дзяўчынку Лену, якая была “...жывой кветачкай з роднай Беларусі”, і якую (і не толькі яе адну) спадарыня Вольга разам з салідарнымі з ёй жанчынамі Канады ратавала ад чарнобыльскіх хваробаў.

Натхнённая сваім мужам, Вольга Грыцук, зрабілася актыўнай дзяячкай беларускага руху. У 1965 годзе яна была адной з арганізатараў Згуртавання беларускіх жанчын Канады (ЗБЖ). У 1975-м – абрана старшынёй ЗБЖ, якое ўзначальвала да 1993 года.

Перачытваю радкі зямлячкі з аповеда “Маё жыццё да сустрэчы з Алесем”: “Мая радзіма – Дзісеншчына. І дасюль, як заплюшчу вочы, бачу свой родны дом, над якім узыходзіць сонейка, росныя ранкі, прыгожую беларускую прыроду. Усё гэта застаецца з чалавекам навечна, і я не магу зразумець тых, хто лёгка забываецца на сваю зямлю, сваю родную мову, на ўсё тое, што робіць чалавека чалавекам”. І зноў невялікая цытата: “Тут, у Канадзе, мы адбудавалі сваю Беларусь, мы стварылі яе наўзамен той, якую страцілі і аб якой заўсёды марылі. Як маглі, стараліся працаваць дзеля яе...”

Лісты з Беларусі Вольгі Грыцук у прыдзвінскае незабытае юнацтва маёй паэтычнай Беларусі рабіліся цытатамі ў маіх вершах.

Узгадваю, як спадарыня Вольга адзначала 55-годдзе яе шлюбу з Аляксеем-Алесем, якому яна аддала ўсю сваю любоў і ласку. Юбілей поўні жыцця канадскай беларускі-крывічанкі быў лагоднай магчымасцю падзякаваць ёй за велічнасць духу, ахвярнасць, узбагачэнне меданоснага нацыянальнага вулея, перадаць пажаданне з нашай прыдзвінскай велікоднай песні: “У тваім дамку – як у райку! Няхай так будзе!”.

Веру, што годная памяць пра Вольгу Грыцук назаўжды застанецце і на Беларусі, і ў Канадзе... А я сваімі вершамі пастараюся ўлагодзіць яе душу, якая цяпер у Нябёсах.

Сяргей Панізьнік


У нажытак

Спадарыні Вользе Грыцук
(Дуброўскай),
суайчынніцы з г. Дзісна

Кляновы ліст падняў далоньку.
Удзячная мая рука:
вясёлай восені старонку
чытаю з першага радка.
Клён, як і я, натхнёны Маем,--
і ў лістапад мы не гуляем,
пра-жы-лач-ка-мі супадаем!

Не дзіва: зроду сваякі.
І наш нажытак ля ракі
кладзецца ў Летапіс. Радкі
шыфруе вечар гаваркі.
Іх на дабрыдзен пакідаем.
Зімой сябе перачытаем
і – у пупышцы – адпачнем.

Праб”ецца ліст…
Сцяг – утрымаем!
З яго і Сакавік пачнем.

2011


І здзейсніца Дзісна!

“Мая радзіма – Дзісеншчына… І не магу зразумець тых,
хто лёгка забываецца на сваю зямлю, сваю родную мову,
на ўсё, што робіць чалавека чалавекам…”
Вольга Грыцук з дому Дуброўскіх

Жыла ў Дзісне з Дуброўскімі, Ластоўскімі,
там чула Жаўняровіча псалмы…
Дасюль Дзісна ні крыгамі, ні войскамі
не змецена: тут Адзігітрыя і мы.

Да Друі, да Лявонпаля, да Браслава
схіляюцца чупрыны курганоў.
І сёння ёй, Васільеўне, прыўкраснага
тут вельмі многа для паромаў-сноў.

Дарожкаўскую вуліцу з каштанамі,
муры, капліцу помніла дзяўчо…
…Пранесліся нягоды – ураганамі
і пад спадзеў падстаўлена плячо.

Каханейка пякучае не стоміцца
збіраць сляды дзяцінства ля Дзвіны…

Ёй здзейсніца Дзісна! Вярба памоліцца,
каб наша суайчынніца-патомніца
прыйшла на фэст пад родныя званы.

6 верасня 2013