Сяброўская шапка эстонцаў

Са школьнай праграмы па літаратуры беларусы ведаюць: будучы класік пабачыў свет 23 жніўня 1917-га ў адным з рабочых баракаў горада Рэвеля (цяпер Талін). Тады Эстляндская губерня была ў складзе Расійскай імперыі, як і наша Беларусь, з якой бацькі малога, бедныя сяляне, падаліся ў пошуках заробку ў Прыбалтыку. Ды цяжкае было жыццё ў чужым горадзе, таму ў 1920-м салдатка Дар’я Факееўна Панчанка, маці паэта, з двума дзецьмі вярнулася дадому — у Бягомль, да сваёй маці. Якраз там і рос-гадаваўся, набіраўся беларускага духу будучы паэт. Пазней, у 1933-м, сям’я Панчанкаў пераехала ў Бабруйск — на той час Пімен быў 16-гадовым падлеткам. А што вядома эстонцам пра таленавітага чалавека, ягоную творчасць, пра верш з беларускай школьнай праграмы “Шапка эстонца”? Жывучы ў Эстонііі, мы, супляменнікі паэта, мусім прызнацца: ведаюць тут пра народнага паэта Беларусі, ва ўсіх звестках пра якога “пунктам адліку” жыццёвай дарогі пазначаны Талін, вельмі мала. Таму актывісты нашага Цэнтра нацыянальных меншасцяў “Радзіма”, створанага ў Эстоніі, вырашылі выкарыстаць 100-гадовы юбілей майстра, каб пабольш расказваць пра яго. Мы арганізавалі ў краіне Дні беларускай культуры, даўшы ім назву: “Беларускі калейдаскоп”. Каб знаёміць жыхароў Эстоніі з творчасцю Пімена Панчанкі, правялі цягам году шэраг мерапрыемстваў. З такім прыцэлам, дарэчы, у сакавіку 2017-га падпісалі Дагавор аб супрацоўніцтве паміж ЦНМ “Радзiма” і Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры з Мінска. Калі ж вызначаліся з кірункамі супрацы, то вырашылі адзначыць 100-я ўгодкі класіка ў Эстоніі.  

Увесну ж мы аб’явілі Міжнародны конкурс дзіцячага малюнка “Вершы Пімена Панчанкі ў фарбах”. Спачатку дзеці, падлеткі з розных краін чыталі вершы, знаёміліся з творчасцю паэта ў перакладах (а беларусы — і ў арыгінале), а потым у малюнках выказвалі свае думкі, уражанні. Мы, вядома ж, ладзілі такія чытанні, абмеркаванні, дадаткова расказвалі пра творцу, нашу Бацькаўшчыну. І пашыралі рознымі шляхамі геаграфію конкурсу, інфармацыю пра яго. Урэшце ж на конкурс, які праводзіўся па трох катэгорыях (5-8, 9-12 і 13-16 гадоў), паступіла 56 работ дзяцей розных узростаў з шасці краін: гэта Эстонія, Расія, Беларусь, Італія, Іспанія ды Латвія. Творы выкананы ў розных колеравай гаме і тэхніках.

Падводзілі мы вынікі, узнагароджвалі ўдзель­нікаў і перамож­цаў конкурсу 15 верасня ў святочна-ўрачыстай абстаноўцы ў Таліне, у Цэнтры культуры Нымме: на музычна-паэтычнай вечарыне, прысвечанай 100-годдзю Пімена Панчанкі. Тады ж праходзілі Дні беларускай культуры ў Эстоніі, на якія мы запрасілі гасцей з Беларусі ды Латвіі. З Мінска, з Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры прыехалі ягоны дырэктар Дзмітры Яцкевiч і загадчыца навукова-экспазiцыйнага аддзела Вольга Гулева. Яны прывезлі з сабой перасоўную выставу “Пiмен Панчaнка. Кнiга вандраванняў i любовi...”.


02-est.jpg

Ніна Пээрна — ініцыятар і арганізатар конкурсу малюнкаў


Прысутных вітаў Амбасадар Беларусі ў Эстоніі Анатоль Сцёпусь, потым сябры з Бацькаўшчыны адкрылі, прэзентавалі прывезеную імі выставу. А яшчэ была ў нас разгорнута й выстава дзіцячых малюнкаў “Вершы Пімена Панчанкі ў фарбах”. Прызнаюся: мне, як арганізатару конкурсу, вельмі было прыемна яе адкрываць. Да таго ж нам удалося выпусціць да юбілею класіка зборнік “Вершы Пімена Панчанкі ў фарбах”: у яго ўвайшлі працы ўсіх удзельнікаў выставы. Выдадзена кніга эстонскай суполкай “Радзіма” пры падтрымцы Міністэрства культуры Эстоніі, Фонду інтэграцыі ды міграцыі “Нашыя людзі”, праграмы “Tallinna Kodurahuprogramm”. Пераможцы ў трох намінацыях, а таксама члены журы конкурсу былі ўшанаваныя ганаровымі граматамі Амбасады Беларусі ў Эстоніі. Потым арганізатары конкурсу з ЦНК “Радзiма” ўручылі падзячныя лісты, сувеніры і ўсім удзельнікам конкурсу, выкладчыкам-кіраўнікам. У дар нашай беларускай нядзельнай школе “Буслікi”, якая дзейнічае пры таварыстве “Радзіма” ў Таліне, Амбасада Беларусі перадала дзіцячыя кнігі на беларускай мове.

У музычнай частцы вечарыны выступілі госці з Беларусі: то былі фальклорны гурт “Чарот” (кіраўніца Юлія Бажок) і ансамбль “Грамнiцы” Беларускага дзяржуніверсітэта культуры й мастацтваў (мастацкі кіраўнік прафесар Уладзімір Зяневіч). Выступалі таксама супляменнікі з латвійскага Даўгаўпілса: трыа Беларускага культурна-асветніцкага таварыства “Уздым”. Навучэнцы нашай школы “Буслікi” чыталі вершы юбіляра. Знакавай падзеяй было й прачытанне знакамітага верша Пімена Панчанкі “Шапка эстонца” ў перакладзе на эстонскую мову, зробленым салісткай ансамбля “Дзяўчаты”. А потым госці з удзельнікамі вечарыны дэгуставалі стравы нацыянальнай беларускай кухні.

Наступным днём, 16 верасня, прадоўжыліся Дні беларускай культуры “Беларускі калейдаскоп”: сяброў Беларусі сабраў святочны канцэрт у Цэнтры рускай культуры Таліна. Былі на яго запрошаны і талінцы, і госці сталіцы. Там жа размясцілася выстава Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры “Пімен Панчанка — 100”. Сярод гасцей былі супрацоўнікі беларускай дыпмісіі, члены іх сем’яў, прадстаўнікі беларускіх суполак Эстоніі з гарадоў Йыхві, Пярну, Маарду, а таксама эстонскіх СМІ.


03-est.jpg

Зборнік вершаў Пімена Панчанкі, выдадзены ў Таліне


Так прайшлі ў нас Дні беларускай культуры, а юбілейныя імпрэзы прадоўжыліся, калі выстава “Пiмен Панчaнка. Кнiга вандраванняў i любовi...” адправілася ў вандроўку па школах Эстоніі. За два месяцы пабывала ў чатырох школах. Выставай зацікавілася і Цэнтральная бібліятэка Таліна. Там 1 снежня мы яе адкрывалі, прэзентавалі ў бібліятэцы замежнай літаратуры (арганізатар — ЦНМ “Радзiма”), былі прадстаўнікі Амбасады Беларусі ў Эстоніі з сем’ямі, Беларускага радыё “Бацькаўшчына” канала Радыё 4 у Эстоніі, тэлебачання. На гэты раз ужо я праводзіла экскурс па творчасці паэта. І аповед пра кожны з яго жыццёвых этапаў суправаджаўся чытаннем вершаў, і песні на вершы Пімена Панчанкі гучалі — стараўся ансамбль “Дзяўчаты” Беларускага цэнтра вучобы й развіцця EVA-Studiorum. А вершы чыталі вучні нашай школы “Буслiкi”, навучэнцы эстонскіх школ і выкладчыкі. Вельмі цікава, дарэчы, прагучаў верш “Коні” з вуснаў настаўніцы Вольгі Таліс, якая ўпершыню ў жыцці паспрабавала гаварыць па-беларуску. Мы падарылі бібліятэцы зборнік “Вершы Пімена Панчанкі ў фарбах”. Выстава працавала ў бібліятэцы да Новага года.

Нам не раз даводзілася чуць у юбілейны год: малайцы, беларусы! Эстонцам падабаецца, што 100-я ўгодкі беларуса Пімена Панчанкі, адзначаюцца і ў Эстоніі, у Таліне, дзе ён нарадзіўся. І цяпер, мяркую, радкі з “Шапкі эстонца”, хрэстаматыйнага верша, па-ранейшаму спрыяюць культурнай супрацы паміж нашымі народамі. Перачытайце, дарэчы, калі хто забыўся. Верш і сёння — актуальны, ён пра сяброўства і ўзаемадапамогу паміж людзьмі розных нацыянальнасцяў. Пачынаецца радкамі: “Нi шторму, нi буры тады не было,/ Калi нарадзiўся я ў Талiне./ Звычайнае сонца звычайны ўзышло/ Пасля гадзiны свiтальнай”... А заканчваецца: “Я славіў каханне, паходы, баі,/ Гарачае роднае сонца./ Хай будзе ж праслаўлена вершам маім/ I простая шапка эстонца”. Мы ж цяпер можам смела дадаць, што тая “простая шапка” была і шапкаю міласэрнасці, спагадлівасці, сяброўства.

Ніна Пээрна, старшыня Беларускага цэнтра вучобы і развіцця EVA-Studiorum, Эстонія



Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение