Свята разам з сябрамi

17 лістапада на пляцоўцы Дома дружбы народаў Самарскай вобласці, шматгадовага партнёра Самарскай абласной грамадскай арганізацыі беларусаў і выхадцаў з Беларусі «Руска-Беларускае Братэрства 2000», прайшоў адборачны тур XV Міжнароднага беларускага дзіцяча-юнацкага фестывалю мастацтваў «Беларусь мая песня».

Уладальнікамі Гран-пры юбілейнага творчага Форуму сталі харэаграфічны калектыў «Мозаика» МБУ ДА «Цэнтр пазашкольнай адукацыі «Творчество» гарадской акругі Самара (мастацкі кіраўнік Наталля Меліхава) і канцэртмайстар Галіна Мінзуліна ў намінацыі «харэаграфічнае мастацтва, народна-стылізаваны танец». Журы фестывалю і гледачы былі ўражаныя сцэнічнымі касцюмамі і прыгажосцю выканання беларускага танца-абраду «Дажынкі».


1.jpg

Уладальнік Гран-пры ў намінацыі «харэаграфічнае мастацтва» харэаграфічны калектыў «Мазаіка» (МБУ ДА «Цэнтр пазашкольнай адукацыі «Творчасць» гарадской акругі Самара, мастацкі кіраўнік Наталля Меліхава, канцэртмайстар Галіна Мінзуліна)


У намінацыі «мастацкае слова, паэзія, сола» Гран-пры атрымаў Макар Даброў, муніцыпальная бюджэтная агульнаадукацыйная ўстанова «Школа № 176» гарадской акругі Самара (выкладчык Алена Балвашэнкава). Ён цудоўна прачытаў верш Пімена Панчанкі «Падбіты танк».

Аліна Чаркіна, салістка ўзорнага вакальнага калектыву «Очарование» цэнтру «Творчество», і педагог дадатковай адукацыі Іна Сухачэўская, сталі ўладальніцамі Гран-пры ў намінацыі «вакальнае мастацтва, эстрадны вакал, сола». У выкананні Аліны прагучала песня «Слуцкiя ткачыхi» з рэпертуару славутага беларускага ансамбля «Песняры».

У ролі вядучай конкурснай праграмы адборачнага тура выдатна дэбютавала Крысціна Сухачэўская, салістка беларускага ансамбля «Каданс» і актывістка моладзевага аддзялення арганізацыі беларусаў.


2.jpg

У намінацыі «мастацкае слова, паэзія, сола» Гран-пры атрымаў Макар Даброў (муніцыпальная бюджэтная агульнаадукацыйная ўстанова «Школа №176» гарадской акругі Самара, выкладчык Алена Балвашэнкава)


Свята беларускай культуры на самарскай зямлі працягнецца 1 снежня. На сцэне «Дома дружбы народаў» пройдзе Гала-канцэрт лаўрэатаў фестывалю мастацтваў «Беларусь мая песня».

Варта адзначыць, што фестывальныя мерапрыемствы праходзяць штогод пры падтрымцы міністэрства культуры Самарскай вобласці, Адміністрацыі гарадской акругі Самара, дзяржаўнай казённай установы Самарскай вобласці «Дом дружбы народаў». Інфармацыйную падтрымку забяспечваюць ТРК «Губерния» і «Самара-ГИС». Заснавальнік і арганізатар Фестывалю – Самарская абласная грамадская арганізацыя беларусаў і выхадцаў з Беларусі «Руска-Беларускае Братэрства 2000».

Фестываль «Беларусь мая песня» скіраваны на захаванне і папулярызацыю беларускай нацыянальнай культуры, выяўленне і падтрымку новых талентаў. Разам з гэтым ён вырашае задачы па ўсталяванні творчых кантактаў паміж удзельнікамі, стварае ўмовы для падтрымкі і развіцця творчых зносін дзяцей і моладзі.


3.jpg

Аліна Чаркіна, салістка ўзорнага вакальнага калектыву «Очарование» (муніцыпальная бюджэтная ўстанова дадатковай адукацыі «Цэнтр пазашкольнай адукацыі «Творчество» гарадской акругі Самара), педагог дадатковай адукацыі Іна Сухачэўская, стала ўладальніцай Гран-пры ў намінацыі «вакальнае мастацтва, эстрадны вакал, сола»


Вельмі важна, што творчыя спаборніцтвы паміж юнымі талентамі дазваляюць абменьвацца вопытам паміж калектывамі, кіраўнікамі і педагогамі, падтрымліваць пастаянныя творчыя кантакты паміж імі, яднацца на ўсерасійскім і міжнародным узроўнях у рамках фестывальнага руху.

Удзельнікамі беларускага Фестывалю штогод выступаюць творчыя калектывы і асобныя выканаўцы: нацыянальных грамадскіх аб'яднанняў беларусаў у Расіі і за мяжой, навучэнцы, выкладчыкі, выканаўцы дзіцячых музычных, харэаграфічных школ, школ мастацтваў, музычных, харэаграфічных вучылішчаў, каледжаў, ВНУ, харэаграфічных, вакальных студый; дзяржаўных і недзяржаўных адукацыйных устаноў і ўстаноў дадатковай адукацыі.


4.jpg

У ролі вядучай конкурснай праграмы адборачнага тура выдатна дэбютавала Крысціна Сухачэўская, салістка беларускага ансамбля «Каданс» і актывістка моладзевага аддзялення арганізацыі беларусаў


На адборачным туры былі прадстаўлены нумары ў намінацыях «вакальнае і харэаграфічнае мастацтва», «мастацкае слова», «выяўленчае мастацтва». Майстэрства ўдзельнікаў у кожнай намінацыі і ўзроставай групе ацэньвала прафесійнае журы. Лепшыя конкурсныя нумары лаўрэатаў фестывалю ўвойдуць у праграму Гала-канцэрта.

Праўленне «Руска-Беларускага Братэрства 2000» запрашае ўсіх прыхільнікаў самабытнай беларускай культуры на Гала-канцэрт лаўрэатаў XV Міжнароднага беларускага дзіцяча-юнацкага фестывалю мастацтваў «Беларусь - мая песня», які адбудзецца 1 снежня ў Доме дружбы народаў Самарскай вобласці (г. Самара, вул. Варонежская, 9). Пачатак мерапрыемства ў 13.00.

Мікалай Бойка, «Руска-Беларускае Братэрства 2000»