Дзве сотні амерыканскіх беларусаў з’ехаліся з розных штатаў у Філадэльфію, каб адзначыць Дзень абвяшчэння незалежнасці. Мерапрыемства было арганізавана сем’ямі Акулавых і Кудзінавых пры падтрымцы фірмы «Rullex» і суполкі «Беларусы ЗША. Разам лягчэй» у прыгожым парку Таманенд.
Госці самага рознага ўзросту мелі цудоўную магчымасць узяць удзел у спаборніцтвах па валейболе і міні-футболе, пачаставацца адмыслова прыгатаванымі стравамі, патанчыць і нават праверыць свой узровень валодання беларускай мовай. Маленькія беларусы радасна гойсалі на батуце, пакуль іх бацькі вялі душэўныя размовы з землякамі падчас пікніка.
Кульмінацыяй мерапрыемства стаў пранікнёны выступ гурта «Kazinak», музыканты якога выканалі кавер-версіі папулярных песен і прэзентавалі аўдыторыі свае новые спевы на беларускай і англійскай мовах.
Вядома, што распаўсюджанай праблемай беларускай дыяспары за мяжой з’яўляецца раз’яднанасць яе прадстаўнікоў. Аднак у апошнія гады, пераважна ў Нью-Ёрку і шэрагу суседніх штатаў, назіраецца актывізацыя ў сферы правядзення разнастайных беларускіх імпрэз, колькасць удзельніках якіх няўхільна расце. Застаецца спадзявацца, што гэты імпэт не згасне ў далейшым і прынясе свой плён.