Сьв. памяцi Iрына Мозылева (1968-2020)

27 траўня, пасьля працяглай хваробы, пайшла з жыцьця беларуска-амэрыканская опэрная сьпявачка (сапрана) Ірына Мозылева.


IrynaMozyleva.jpg


Ірына нарадзілася 31 траўня 1968 года ў Мiёрах Віцебскай вобласьці. Ейны талент спэцыялiсты разгледзелi, калi ёй было 6 гадоў. Пасьля  спэцыяльнай музычнай школы-інтэрната й каледжа Ірына трапiла ў Маскоўскую кансэрваторыю. Адтуль яна адправіла касэту са сваімi сьпевамi ў школу Джуліярда ў Ню-Ёрку, і яе запрасілі вучыцца ў Амэрыку. Працягвала вучобу ў прыстыжовым Інстытуце музыкі Кёрціса ў Філядэльфіі, атрымаўшы там поўную стыпэндыю.

У 1997 годзе Iрына пераехала ў Ню-Ёрк, дзе адразу ўсталявала кантакты зь беларускай дыяспарай. Не гледзячы на шчыльны расклад (яна ўжо выступала ў Карнэгi Голе ды Лiнкольн Цэнтры), заўсёды знаходзiла час, каб пасьпяваць на Сустрэчах беларусаў Паўночнай Амэрыкi, сьвяткаваньнях 25 сакавiка ды iншых беларускiх iмпрэзах у Ню-Ёрку й Ню-Джэрзi. Многiя дасюль памятаюць "Мой родны кут" i "Зорку Вянеру" ў ейным выкананьнi. Iрына таксама займалася выкладнiцкай дзейнасьцю, кiравала царкоўным хорам.

У 2016 годзе, страціўшы здольнасьць сьпяваць з-за радыкальнай хірургічнай апэрацыі, Ірына перанакіравала сваю творчасьць на дызайн адзеньня.

Чатыры днi яна не дажыла да свайго 52-годдзя. У Iрыны застаўся муж Ар'я й дачка Лiя, якiя жывуць у Бiкане, штат Ню-Ёрк, а таксама бацька Мiкалай i сястра Тамара, якiя жывуць у Беларусi. Мы не часта бачылiся зь Iрынай, бо жылi ў рoзных краiнах, а пасьля ў розных штатах, але ўсе сустрэчы былi незабывальныя. Давялося панаёмiцца й зь ейнай мацi Лiяй (мы сустракалiся ў Менску). Iрына назаўсёды застанецца ў маiм сэрцы. Яна была чалавекам вялiкай душы й сваiм талентам праславiла Родную Беларусь. Вечная памяць!

Вячаслаў Бортнiк


Згуртаванне беларусаў свету „Бацькаўшчына“ выказвае шчырыя спачуванні сваякам, блізкім і сябрам спадарыні Ірыны. Мы смуткуем разам з вамі.