Сусветны дзень салідарнасці нагадаў: „Жыве Беларусь!“

Не зважаючы на непагадзь, беларусы замежжа правялі акцыі пратэсту супраць рэжыму Лукашэнкі.

З ініцыятывы лідара беларускай апазіцыі Святланы Ціханоўскай у мінулыя выходныя прайшлі акцыі ў рамках Сусветнага дня салідарнасці з Беларуссю. Мэтай было вярнуць Беларусь у абвестку дня розных краін свету, аспавесці гісторыі палітвязняў у Беларусі, спыніць судовыя працэсы і гвалт над невінаватымі людзямі.

Дзень 7 лютага быў абраны не выпадкова. Роўна за паўгады да гэтага ў Беларусі адбыліся чарговыя прэзідэнцкія выбары. Паводле дадзеных беларускага Цэнтрвыбаркама перамогу з вынікам 80,1% галасоў на іх атрымаў Аляксандр Лукашэнка, які нязменна займае пасаду прэзідэнта краіны з 1994 года. Аднак згодна з захаванымі пратаколамі мясцовых выбарчых камісій у большасці выпадкаў перамогу атрымала Святлана Ціханоўская, якая стала адзіным альтэрнатыўным кандыдатам ад беларускай апазіцыі. Хаця Цэнтрвыбаркам „прысудзіў“ ёй толькі 10,12% галасоў выбаршчыкаў.



Ад вечара 7 жніўня ў краіне не сціхаюць акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў і жорсткіх метадаў разгону мірных маніфэстацыяў. Удзельнікі акцый пратэсту патрабуюць адмены зацверджаных Цэнтрвыбаркамам вынікаў выбараў і правядзення новай выбарчай кампаніі, у якой змаглі б прыняць удзел таксама і тыя кандыдаты, якія былі арыштаваныя па сфабрыкаваных абвінавачваннях або былі вымушаныя пакінуць Беларусь.

Карэспандэнтка Рускай службы „Голаса Амерыкі“ пагутарыла з прадстаўнікамі беларускай дыяспары ў некаторых з краінаў, дзе ладзіліся акцыі салідарнасці з іх радзімай.


Кіеў: „Нас – мільён. Ён – адзін. Працягваем барацьбу“

Грамадскі актывіст Георгій, які нядаўна перабраўся з Беларусі ў Кіеў, папрасіў не называць ягонага прозвішча. „Я – шараговы ўдзельнік усіх маршаў і мітынгаў (у падтрымку беларускіх пратэстуючых)“, – адрэкамендаваўся ён.

„У Кіеве было сонечна і марозна, без снегу. Але людзей гэта не напалохала. Гэтым разам на марш прыйшло чалавек сто, а вось на мінулай акцыі – у памяць пра Міхаіла Жызнеўскага – было значна больш народу. Там былі не толькі мы, але і ўкраінцы, якія нас падтрымліваюць“. Ураджэнец Гомеля Міхаіл Жызнеўскі загінуў 22 студзеня 2014 года на Майдане. Пасмяротна быў уганараваны званнем Героя Украіны.


3f77a3d4-7fa1-4f2e-ab0f-f52453458aaf_w1597_n_r1_st.jpg

Акция солидарности с народом Беларуси в Киеве. 7 февраля 2020


Гэтым разам, зазначыў Георгій, падчас самога маршу ён украінцаў не бачыў, але ўжо на Майдане Незалежнасці мясцовыя жыхары падыходзілі да беларускіх актывістаў, выказвалі ім падтрымку і салідарнасць і жадалі поспеху ў барацьбе з рэжымам. На Майдане ўдзельнікі маршу разгарнулі пяціметровы бел-чырвона-белы сцяг, які стаў сімвалам пратэстнага руху Беларусі. Людзі, якія трымалі ў руках меншыя сцягі, гістарычны герб „Пагоню“ і плакаты, выстраіліся ў „ланцуг салідарнасці“ і запалілі фаер. На плакатах былі надпісы па-беларуску: „Салідарнасць – гэта не проста словы. Мы разам і мы пераможам“, „Не прыбралі ўвосень – пасадзім узімку“, „Свабоду палітвязням“, „Салідарнасць не ведае межаў“. „Нас – мільён. Ён – адзін. Працягваем барацьбу“.

Пры канцы апавядання Георгій адзначыў, што ён уважліва сочыць за палітычным жыццём ва ўсім свеце і за дзеяннямі беларускіх зямляцтваў у розных краінах. Таму ведае пра аналагічныя акцыі салідарнасці з Беларуссю ў розных краінах.


Берлін: у беларусаў шмат сцягоў, а ў расейцаў шмат плакатаў

Каардынатар творчага праекта „Амбасада свабоднай дэмакратычнай Рэспублікі Беларусь у Нямеччыне“ Тарас Сякерка перш за ўсё адзначыў, што 7 лютага ў Берліне ўпершыню за ўсю цяперашнюю зіму здарыўся сапраўдны снегапад. «„І гэта было выдатна, таму што на белым тле наша акцыя выглядала яскравей, – падкрэсліў ён. – Яшчэ ранкам мне трапляліся паведамленні пра тое, што праз снежнае надвор’е некаторыя актывісты баяцца ісці на акцыю, але ўрэшце прыйшлі каля ста чалавек, што па нашых мерках нядрэнна. Было шэсце ад Потсдамер-пляц, міма расейскай амбасады, да ўніверсітэту Гумбальдта. Шэсце заняло прыкладна гадзіну, нас суправаджала паліцыя, і ўсё адбылося вельмі мірна. Мы крычалі па-беларуску „Жыве Беларусь!“ і па-нямецку „Лукашэнка – не прэзідэнт!“, „Лукашэнка – дыктатар!“, „Лукашэнка – узурпатар!“. А праходзячы міма расейскай амбасады крычалі на знак салідарнасці з нашымі расійскімі калегамі і аднадумцамі „Расія будзе свабоднай“ і „Далоў дыктатуру!“».

Тарас Сякерка таксама распавёў, што 7 лютага узяў удзел у шэсці расійскіх актывістаў ад рэзідэнцыі Ангелы Меркель да амбасады РФ. Акцыя была прысвечана Аляксею Навальнаму і ўсім расейскім палітвязням.

„Калі параўноўваць расійскія акцыі з беларускімі, то адразу можна заўважыць адрозненне і ў тварах удзельнікаў, і ў вопратцы. Акрамя таго, у расейцаў на акцыях вельмі шмат плакатаў, але практычна няма сцягоў, за рэдкім выключэннем. У нас – усё наадварот. Вельмі шмат сцягоў і ў руках, і на плячах, але мала плакатаў“, – адзначае Тарас.

І сапраўды, удзельнікі берлінскай акцыі салідарнасці з Беларуссю трымалі ў руках партрэты вязняў рэжыму з надпісамі „Imprisoned“ і „Hostage“, а таксама перакрэслены партрэт Лукашэнкі з надпісам „Terror“. Некалькі чалавек паднялі над галовамі расцяжку з надпісам па-англійску: „Спыніць тэрор у Беларусі!“.

„У Берліне наогул штодня праходзяць якія-небудзь дэманстрацыі, асабліва шмат іх па выходных. І на кожнай прысутнічае паліцыя, каб ахоўваць удзельнікаў акцыі. У паліцыі нават ёсць спецыяльны аддзел, супрацоўнікі якога суправаджаюць дэманстрантаў. Тым больш што часам адбываюцца дэманстрацыі процілеглых бакоў, і паліцэйскія сочаць, каб паміж імі не было сутыкненняў“, – тлумачыць беларускі актывіст.

На ўдакладняючае пытанне, ці не было 7 лютага акцый прыхільнікаў Лукашэнкі і Пуціна, ён толькі развёў рукамі: „У прынцыпе, мы тут такіх людзей наогул не сустракалі – ні на беларускіх акцыях, ні на расейскіх. Такія людзі, хутчэй за ўсё, існуюць у невялікіх працэнтных суадносінах. Гэта людзі не надта кемлівыя, і яны не сочаць ні за якімі акцыямі, і не прыходзяць, каб кагосьці адмыслова скампраметаваць“, – падагульніў каардынатар творчага праекту „Амбасада свабоднай дэмакратычнай Рэспублікі Беларусь у Нямеччыне“ Тарас Сякерка.


Вена: сабраць колькасць лайкаў, роўную ліку пацярпелых ад рэпрэсій у Беларусі

Удзельніца акцыі салідарнасці ў Вене Юлія Дайнэка прадставілася валанцёркай ад „Беларусаў у Аўстрыі“. „У нас ішоў дождж, і мы хваляваліся, што прыйдзе мала людзей. А мы запланавалі інтэрактыў, да прыкладу, узвялі вялікі стэнд салідарнасці, дзе кожны жадаючы мог пакінуць надпісы з пажаданнямі і словамі падтрымкі беларускім народам. Прыйшлося захінаць гэты стэнд поліэтыленам, але ўсё прайшло вельмі добра“, – падзялілася яна ўражаннямі з карэспандэнтам Рускай службы „Галасоў Амерыкі“.

Удзельнікі акцыі ў аўстрыйскай сталіцы прынеслі беларускія бела-чырвона-белыя сцягі, а ад дажджу хаваліся пад парасонамі, на якіх таксама чаргаваліся сегменты белага і чырвонага колераў. Гэтыя ж колеры прысутнічалі на вопратцы многіх з тых, хто прыйшоў. Галоўным момантам акцыі ў Вене стала выстава ўзораў беларускага пратэстнага плакатнага мастацтва. Тут былі прадстаўлены работы такіх мастакоў, як Павел Дарохін, Воля Кузміч, Ганна Рэдка, Ксенія Гурына-Авербуг. «Мы паспелі да пачатку дажджу іх заламінаваць, так што ўсё было выдатна. Мы паставілі за мэту паказаць перш за ўсё прыгажосць беларускага народа і ў цэлым, і ў межах пратэсту, – адзначыла Юлія Дайнэка. – Нашы акцыі заўсёды праходзяць у вельмі прыязнай абстаноўцы. Праўда, удзельнікі акцыяў супраць каранціну ад Covid-19, праходзячы міма нас, мімаходзь выказалі незадаволенасць, што ім нельга збірацца, а нам можна. Але наогул да нас часта завітваюць прадстаўнікі дэмакратычнага руху „Vienna goes Europe“, а гэтым разам нас наведаў нават дэпутат Еўрапарламента ад Народнай Партыі Аўстрыі Лукас Мандл. Ён узяў слова і выказаў словы падтрымкі беларускаму народу, сказаўшы, што вельмі важна не ўпусціць момант і працягнуць змагацца за дэмакратыю, за свабоду слова і за вызваленне палітычных зняволеных».

Тыдзень таму да беларускіх пікетоўцаў падыходзілі і расіяне з акцыі ў падтрымку Аляксея Навальнага. «Гэта быў вельмі цікавы і кранальны момант, калі, праходзячы паўз нас, людзі казалі „Жыве Беларусь!“, а мы ім адказвалі „Жыве вечна!“ і разумелі, што гэта расейцы ідуць са сваёй акцыі. Але гэтым разам падтрымаць нас прыходзілі толькі аўстрыйцы і палякі. Што праўда, надвор’е не спрыяла, каб шмат мінакоў спынялася ля нашага пікету», – паспрабавала апраўдаць адсутнасць расійскіх актывістаў Юлія Дайнэка.

Пры канцы гутаркі яна пацвердзіла, што ёй вядома і пра аналагічныя акцыі, якія ладзяцца ў многіх краінах свету: «7 лютага – Сусветны дзень салідарнасці з Беларуссю, і мы рыхтаваліся да ўдзелу. Акрамя таго, я ведаю, што арганізацыя „Vienna goes Europe“ прасіла ў сацсетках аўстрыйскіх прадстаўнікоў у ААН і АБСЕ сабраць лайкі пад паведамленнямі пра Сусветны дзень салідарнасці ў колькасці, не меншай за колькасць людзей, якія ў Беларусі трапілі ў вязніцы, пачынаючы ад 7 жніўня».


Атава: канькабежны прабег пад сцягам з аўтографам Ціханоўскай

Намеснік старшыні галоўнага праўлення „Згуртавання Беларусаў Канады“, арганізацыі, існуючай з 1949 года, сакратар грамадскага аб’яднання „Беларусы Замежжа“ Сяргей Мазгавы ў гутарцы з карэспандэнтам Рускай службы „Галасоў Амерыкі“ пачаў з таго, што ў правінцыі Антарыё ў сувязі з пандэміяй Covid-19 зараз поўны лакдаун. „Але паводле канстытуцыі ўлады не маюць права забараніць палітычныя акцыі. Тым не менш, яны рэкамендуюць, каб разам збіралася не больш за 25 чалавек, і падчас гэтага выконвалася б сацыяльная дыстанцыя“, – растлумачыў ён.

Цікава, што ў Атаве знаходзіцца адна з самых вялікіх ледзяных коўзанак у свеце, працягласць якой роўная 8 кіламетрам, а па плошчы яна роўная 90 хакейных палёў. Менавіта гэты каток на канале Рыдо, які злучае Атаву з Кінгстанам, стаў месцам правядзення акцыі салідарнасці з Беларуссю. Прычым актывістаў не напалохаў нават 38-градусны мароз. „Хлопцы сталі на канькі і праехалі гэтую дыстанцыю. Вельмі многія канадцы зацікавіліся ўбачаным, пад’язджалі, пыталіся, ухвалялі. Дарэчы, шмат хто ведае пра тое, што адбываецца ў Беларусі, таму што Франсуа-Філіп Шампань, які займаў на той момант пасаду міністра замежных спраў Канады, патэлефанаваў Святлане Ціханоўскай пасля таго, як яна прыехала ў Вільню. Ды і наогул, Канада заўсёды стаяла на баку справядлівасці“, – адзначыў Сяргей Мазгавой.

Падчас праезду па доўгім катку ўдзельнікі акцыі трымалі ў руках бел-чырвона-белыя сцягі, прычым на адным з іх, дасланым з Вільнюса, быў аўтограф Святланы Ціханоўскай, а таксама сцягі Канады. А на фінішы ўдзельнікі акцыі напісалі на снезе слова „Belarus“ і сталі ў форме сэрцайка.

Пасля заканчэння канькабежнага прабегу прыкладна палова яго ўдзельнікаў далучылася да палітычнай акцыі, якую праводзілі канадцы расійскага паходжання. Гэтая акцыя праходзіла насупраць будынка парламента, і актывісты дзвюх краін трымалі плакаты на англійскай мове „Спыніць палітычныя пераследы ў Беларусі“ і „Спыніць палітычныя забойствы ў Расеі“.

„Машыны, што ехалі міма, сігналілі, мінакі спыняліся, пачыналі размову. Дарэчы, тут шмат хто ведае, хто такі Навальны, пра падзеі не толькі ў Беларусі, але і пра тое, што адбываецца ў Расеі. А мы ў сваю чаргу стараемся, каб інфармацыя пра гэта не сыходзіла са старонак газет“, – рэзюмуе Сяргей Мазгавы.

Ганна Плотнікава, golosameriki.com