Сустрэча з беларускім гісторыкам у Варшаве

«Ад Каліноўскага да Скірмунтаў» – пад гэткай назвай у Варшаве адбылася сустрэча з беларускім прафесарам, доктарам гістарычных навук Алесем Смаленчуком.

Нагодай для імпрэзы сталася прэзентацыя выданняў, рэдактарам якіх выступіў спадар прафесар. Гэта кнігі «Род Скірмунтаў і Палессе» і «За першымі Саветамі», а таксама гадавік «Homo Historicus».


1.jpg


Тэматыка літаратуры вызначыла накіраванасць сустрэчы – падчас імпрэзы гаворка ішла пра фармаванне беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці і дзяржаўнасці, ролі шляхты ў гэтых працэсах. Уздымалася тэма сучаснага стану беларускай гісторыі як навукі. Спадар Алесь падкрэсліў, што нягледзячы на дамінаванне ў дзяржаўных інстытутах савецкага светапогляду, можна адзначыць некаторыя зрухі ў бок ушанавання нацыянальнай памяці.


2.jpg


«Калі раней дзяржава ігнаравала БНР, то цяпер, прынамсі, аб ім пачалі размаўляць у дзяржаўных установах», – казаў Алесь Смалянчук, ды прыгадаў леташнія словы гісторыка і дэпутата Палаты прадстаўнікоў Ігара Марзалюка, калі той пацвердзіў заслугу БНР у стварэнні беларускай дзяржаўнасці.

Прафесар Смалянчук мяркуе, што змяненне стаўлення ўладаў да гістарычных падзеяў адбываецца, у тым ліку, дзякуючы ціску грамадскай супольнасці ды працы незалежных даследчыкаў.

На сустрэчы з навукоўцам прысутнічала каля 20 чалавек – прадстаўнікі польскіх акадэмічных колаў ды беларускай дыяспары. Арганізатарамі імпрэзы выступілі варшаўскі ўніверсітэт Collegium Civitas ды ініцыятыва «Беларуская Нацыянальная Памяць».

Ян В.