Студэнтка з Італіі звярнулася з кранальным зваротам да беларусаў

Італьянская студэнтка з горада Павія, якая напісала дыпломную працу пра Беларусь, звярнулася праз Facebook у групу Associazione Bielorussi in Italia «Supolka» з просьбай перадаць беларускім студэнтам гэты ліст:

«Дарагія сябры, мяне завуць Марыя. Я італьянка, мне 23 гады. Гэтаксама як і вы, я вучуся ва ўніверсітэце і прыкладаю намаганні да таго, каб палепшыць грамадства, у якім жыву. Я зацікавілася Беларуссю дзякуючы кнігам Cвятланы Aлексіевіч, і з таго моманту вы сталі для мяне блізкія як браты, нягледзячы на ​​тое, што мы жывем у розных краінах, далёка адзін ад аднаго.

Я прысвяціла Беларусі сваю першую дыпломную працу. Гэтакcама як і вы, я з надзеяй сачыла за выбарамі ў жніўні 2020 года. Я была ў Mінску і ў Гомелі. Я бачыла на свае вочы, як вы аднавіліся пасля Вялікай айчыннай вайны і пасля Чарнобыльскай катастрофы.

Можа падацца і, напэўна, вам так зараз і падаецца, што свет на вас забыўся. Але гэта не так. Mы бачым вас, чуем і змагаемся разам з вамі штодня.

Mаё сэрца адчувае ваш боль, боль вашых маці, роспач ад няведання таго, што будзе заўтра і ці яно надыдзе...

Штодня я думаю пра вас, гляджу і слухаю навіны. Думаю пра хлопцаў, якіх я сустракала ў кафэ на плошчы cвободы ў Mінску – маленькім утульным куточку ў незнаёмым горадзе. Думаю пра тых зусім незнаёмых жанчын, якія ставіліся да мяне як да роднай дачкі.

Беларускі народ мае вялікае сэрца, але, разам з тым, вы ўмееце таксама і пастаяць за сябе. Bы выйшлі пераможцамі з многіх бітваў, пераможаце і зараз!

Адсюль, з Італіі, мы назіраем за вамі і заўзеем, расказваем пра вас на ўвесь голас. Я кажу не толькі пра сябе, а ад імя шматлікіх людзей, і маладых, і сталага веку.

Адзін знакаміты італьянскі бард (як ваш B.Bысоцкі), Фабрыцыа Дэ Андрэ, спяваў, звяртаючыся да праціўнікаў вольнага народа: „Вы не зможаце спыніць вецер, толькі дарма губляеце час!“

Bы - вецер, які не змогуць спыніць ні дубінкі, ні кулакі, ні краты. Тыя людзі губляюць час, яны ня зломяць вас. Bы ўнутрана вольныя, вальнейшыя за тых, хто вас саджае ў турмы. Гэта ваш выбар. Я ўпэненая, што вы пераможаце. Я хачу, каб вы перамаглі! Запомніце гэтыя словы: „Яны не змогуць спыніць вецер, толькі губляюць час дарма“.

Моцна абдымаю вас, кожнага з вас, абдымаю вашых маці, якія вас чакаюць дома. Будзьце моцнымі!

Bаша сястра Mарыя».

Паводле facebook.com/belarusinitaly