Палітзняволеная Наталля Хершэ адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі №4 горада Гомеля. Яна ўжо прайшла абавязковы каранцін, а цяпер пачала працу.
"Спачатку Наталля працавала "на машыне", — распавёў "Вясне" брат Наталлі Генадзь. — Потым яе перавялі абрэзальшчыцай нітак. Яна прасіла дазволіць ёй працаваць у красоўках — бо там гэта забаронена. На працу не скардзіцца, хоць "на машыне" ёй было больш прыемна працаваць. Акрамя таго, яна прымала таблеткі пасля выхаду з галадоўкі, цяпер ужо скончыла. Стан здароўя цярпімы.
Наталля чакае, калі яе зможа наведаць у калоніі амбасадар. Адносіны з боку начальства калоніі нармальныя. Галадаць яна больш не мае намеру — гэта мяне вельмі радуе".
Генадзь атрымаў ліст ад Наталлі. Палітзняволеная піша, што "сустракаць вясну ў калоніі — гэта як мінімум жорстка!", але яна імкнецца "заставацца на пазітыве".
Акрамя таго, Наталля Херше апісвае свае ўмовы працы ў калоніі:
"Сёння нядзеля — адзін выходны на 14 дзён. На фабрыцы праца доўжыцца 6 гадзін плюс каля гадзіны на паход у сталовую".
Наталля скардзіцца на тое, што "часу настолькі мала", што дапісаць адзін ліст ёй не заўсёды ўдаецца адразу.
"Часу паесці тут таксама няма, — піша Наталля. — У атрадзе 100 чалавек. Калі ўсе вяртаюцца з працы, [то] хочуць нешта перакусіць або папіць кавы/гарбаты, куча людзей з кіпяцільнікамі, усе спяшаюцца, таму што хутка праверка, а пасля яе адразу «вектар» — гэта калектыўны прагляд відэа-матэрыялу, у сталовай ніхто знаходзіцца не можа. Увогуле, без шанцаў, удзельнічаць у гэтым бязладдзі з кіпяцільнікамі я адмаўляюся. Пытаецца, дзе павага да чалавечай годнасці, чаму папіць кавы павінна ператварацца ў нейкую бітву! Усе павінны глядзець тэлевізар — гэта важна".
Раней Наталля прасіла ў брата даслаць ёй спартыўныя штаны, паколькі планавала займацца спортам. Але 27 сакавіка Наталля напісала, што яны ўжо тут ёй наўрад ці спатрэбяцца:
"Ніякага настрою да спорту тут няма і быць не можа. А то яны тут спартыўныя залы стварылі для галачкі, а магчымасць іх наведваць у людзей адабралі. Акрамя працы тут яшчэ куча розных дзяжурстваў, разнарадак, інвентарных работ, працы па чыстцы гародніны — то бок працы па калектыўным самаабслугоўванні. За ўвесь тыдзень у мяне не атрымалася ні разу выпіць гарбаты пасля працы. Як гэта можна назваць. Пакаранне за злачынства (якое я асабіста не здзяйсняла) або здзек, прыніжэнне чалавечай годнасці?! Чакаю ПУР (Правілы ўнутранага распарадку — Заўв.), вельмі жадаю азнаёміцца з кожным пунктам. Асабліва, што мне забаронена атрымліваць перапіску з палітычнымі навінамі!"
Таксама ў лісце Генадзю Наталля звяртае ўвагу на тое, што ўсе прадукты ў перадачах павінны быць правільна спакаваныя: "шакаладныя цукеркі і шакалад без упакоўкі ў плёнку загарнуць і лепш кожную паасобку, цукеркі без этыкеткі скласці ў пакет, сыр толькі ў паветранай упакоўцы, каўбаса, мяса, рыба таксама". Праўда, Наталля дадае:
"Цяпер я ўжо сумняваюся, што мне ўсё гэта трэба, калі няма часу гэта ўсё есці. Увогуле, хачу сказаць, што стрэс тут ўсюды, пачынаючы з пад'ёму.
Але ўсё гэта глупства, будзе, што расказаць. Я ведаю, чаму я тут і дзеля чаго я тут [у канцы Наталля ставіць смайлік — Заўв.]".
Нагадаем, грамадзянку Швейцарыі Наталлю Хершэ 7 снежня 2020 года асудзілі па частцы 2 артыкула 363 (супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў) на два з паловай гады пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі агульнага рэжыму.
Напісаць палітзняволенай Наталлі Хершэ можна па адрасе: ПК №4. 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3.