Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвілла зьвярнулася з навагоднім прывітаньнем.
— Усе мы прыпамінаем часы, калі сапраўды можна было зычыць усім вакол нас вясёлых сьвятаў, — цытуе Івонку Сурвілу Радыё Св*бода. — З Новым годам, з новым шчасьцем! Нават у цяжкія часы было мейсца ў сэрцах нашых для надзеі і для веры ў лепшую будучыню.
У гэтым годзе ніяк не выпадае жадаць сябрам, каб іхныя сьвяты былі вясёлымі. Ці дазволена весяліцца, калі гэтулькі найлепшых сыноў і дачок нашага краю за кратамі, несумленныя так званыя «судзьдзі» асуджаюць іх на тэрміны зьняволеньня, якія даюць забойцам.
Старшыня Рады БНР перакананая, што робіцца гэта «дзеля аднаго чалавека, які так моцна баіцца, каб ня страціць свае ўсемагутнасьці, што гатовы прадаць свой народ узамен за ўладу. Катаваць сваіх людзей за тое, што яны беларусы, як бы гэта ні выяўлялася, ня ёсьць у яго вачах злачынствам. Уявіў сабе, што ўсё дазволена, каб утрымаць уладу. Напляваць яму на законы, на канстытуцыю — лічыць, што пры патрэбе іх заўсёды можна зьмяніць...
Так сталася, што каб дагадзіць свайму саўдзельніку ў злачынствах, трэба зьнішчыць пачуцьцё нацыянальнай прыналежнасьці беларусаў — іх мову, іх культуру, іх беларускасьць. А калі і гэтага недастаткова, зьнішчыць носьбітаў беларускасьці, каб стварыць тую «саюзную дзяржаву», якую ён паабяцаў свайму апекуну. Так нішчацца людзі, якіх ён баіцца, бо яны праяўляюць зашмат любові да свае зямлі і іх будзе цяжэй перадаць нахабнаму суседу».
Яшчэ раз кажучы пра ўмовы, у якіх яна зьвяртаецца з калядным і навагоднім віншаваньнем, Івонка Сурвілла піша:
— Мае дарагія суродзічы, весяліцца ня буду вам жадаць, але моцна прашу вас — не здавайцеся, ня трацьце веры і надзеі, бо яны нам патрэбныя, каб дасягнуць свабоды і нармальных умоваў жыцьця. А інакш яно і быць ня можа.
Наш народ, як і ўсе іншыя, жадае быць гаспадаром на сваёй зямлі і жыць па- людзку, без сілавікоў над сабой, якіх адзіная мэта ёсьць утрымацца на сваіх добрых пасадах ды бараніць інтарэсы тырана, нават калі гэта азначае — нішчыць сваіх бацькоў, братоў і сёстраў, свой народ.
Наш народ выжыў тысячу гадоў на сваёй зямлі. Ніякія іваны грозныя ня сьцерлі наш край з мапаў сьвету. Зь верай і надзеяй, і з дапамогай нашай Сьвятой Заступніцы Эўфрасіньні Полацкай, мы выжывем і цяпер! Жадаю нам усім гэтага з глыбіні сэрца.
Як вядома, Рада БНР ужо больш як стагодзьдзе працягвае дзейнасьць ва ўмовах эміграцыі, і апошнія радкі віншаваньня Івонка Сурвілла прысьвячае тым, хто з прычыны сваіх палітычных перакананьняў вымушаны жыць за мяжой: «А тым з вас, мае дарагія суайчыньнікі, хто быў змушаны пакінуць Бацькаўшчыну пасьля гераічных пратэстаў мінулага году, з глыбіні сэрца жадаю вярнуцца дахаты яшчэ ў 2022 годзе!»