Завецца ж спадчына мая
	 Ўсяго Старонкай Роднаю.
Янка Купала
 
 Маці родная, Маці-Краіна!
	 Не усцешыцца гэтакі боль…
Максім Багдановіч
 
	 Сэрцам чую паўстанцаў пароль*, 
	Што бязмежна любілі Айчыну: 
	– Каго любіш? 
	– Люблю Беларусь! 
	– То ўзаемна! – чуваць з далячыняў.
	 Ў Беларусі ж – лясы і палі 
	Пазіраюць валошак вачыма… 
	– Каго любіш? 
	– Люблю Беларусь! 
	– То ўзаемна! – чуваць з далячыняў.
	 Ў Беларусі ж – дзяды і бацькі 
	І чароўнаю кветкай – жанчына… 
	– Каго любіш? 
	– Люблю Беларусь! 
	– То ўзаемна! – чуваць з далячыняў.
	 Веру я, што, як некалі мы, 
	Родны Край свой прыняўшы у спадкі, 
	– Каго любіш? 
	– Люблю Беларусь! 
	– То ўзаемна! – пачуюць нашчадкі.
	 І яны адчуваць будуць боль 
	За Радзіму і клятву стрымаюць. 
	Весні сонечны гэты пароль 
	Сілы цемры ніяк не ўзламаюць!
	 Хай заўсёды й пад мірнай зарой, 
	Каб на зведалі ліха ніколі, 
	Гэты слаўны пароль змагароў 
	Будзе й нашым, люд родны, паролем! 
	– Каго любіш? 
	– Люблю Беларусь! – 
	Будзе й нашым заўсёды паролем!
 
*Пароль паўстанцаў 1863 года пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага.
													