“Смачна”: беларусы Новасібірска зладзілі кулінарнае анлайн-шоў

У Беларусі кажуць: “Хочаш есці калачы, дык не сядзі на пячы”. Сэнс гэтай прымаўкі такі – хто любіць працаваць, той і жыве ў дабрабыце. Беларусы заўсёды славіліся сваёй працавітасцю і любоўю да зямлі. А яшчэ ветлівасцю і гасціннасцю! І гэта зусім не паказное, а прыроднае праяўленне рысаў нацыянальнага характару.

У часы “без тэлебачання і інтэрнету” самым папулярным баўленнем часу былі сямейныя і сяброўскія вячоркі, якія, канешне ж, не абыходзіліся без пачастункаў. І вось тут гаспадыня магла паказаць сваё кулінарнае майстэрства ў поўнай меры! Адна падавала гасцям бабку, другая – дзеруны, трэцяя – верашчаку… Пералічаць можна бясконца, таму што беларуская кухня занадта разнастайная.

Усеагульны карантын унёс змены ў працу многіх людзей і мы, Новасібірскі цэнтр беларускай культуры, таксама аказаліся ў іх ліку. Перавод працы на дыстанцыйны рэжым патрабаваў новых ідэй, якія магчыма было б рэалізаваць у новых умовах. І тады ўзнікла ідэя стварыць цыкл кулінарных майстар-класаў “Смачна”, дзе разам з беларусамі Новасібірска мы будзем гатаваць нацыянальныя беларускія стравы.

Чаму “Смачна”? У 2013 годзе нашым Цэнтрам быў выдадзены аднайменны зборнік рэцэптаў нацыянальнай кухні. Сакрэтамі прыгатавання сваіх страў падзяліліся новасібірскія беларусы. Адны паехалі з дому ў Сібір дарослымі, другія пакінулі Радзіму яшчэ дзецьмі, трэція – нарадзіліся ў Сібіры, але не забываюць сваіх каранёў, усіх аб’ядноўвае адно – бязмежная любоў да роднай Беларусі!


Анастасія Дзяменцьева і Марыя Белакурская.jpg

Анастасія Дзяменцьева і Марыя Белакурская


Беларускі халаднік.jpg

Беларускі халаднік


Героем першага выпуска “Смачна” стала ўраджэнка Беларусі, салістка Новасібірскага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра оперы і балета – Марыя Белакурская. 5 гадоў таму яе запрасілі ў тэатр на працу і з таго часу Марыя жыве ў Сібіры. Як прызналася госця, яна вельмі сумуе па Радзіме і пры любой магчымасці стараецца наведаць сваіх родных, што жывуць у Беларусі. Гатавалі мы с Марыяй халаднік – беларускі летні суп, гэткі аналаг папулярнай у Расіі акрошкі! Сама гераіня прызналася, што гатуе гэтую страву па адмысловым матуліным рэцэпце і таму вельмі хвалюецца. Падчас майстар-класа наша госця не толькі расказала пра сваё дзяцінства ў Беларусі, але і разам з кіраўніком Цэнтра беларускай культуры Анастасіяй Дзяменцьевай праспявала беларускую народную песню “Ой, сівы конь”. Пасля дэгустацыі мы зразумелі, што рэцэпт быў сапраўды асаблівы – атрымалася ну проста вельмі смачна!


Анастасія Дзяменцьева і Андрэй Гасюк.jpg

Анастасія Дзяменцьева і Андрэй Гасюк


Сапраўдныя беларускія дзіруны.jpg

Сапраўдныя беларускія дзеруны


Саветнік, кіраўнік Аддзялення Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі ў г. Новасібірску Андрэй Гасюк стаў ганаровым госцем другога выпуска. І гатавалі мы самую, мабыць, беларускую з усіх беларускіх страў – дзеруны. У многіх замежнікаў нацыянальная беларуская кухня асацыюецца ў першую чаргу менавіта з імі! Пагаварылі пра дзейнасць пасольства і ўражаннях ад жыцця ў Сібіры. Андрэй Валер’евіч расказаў, што бульбу трэба церці на тарцы “што цвіком прабіта”, а яшчэ не шкадаваць алею – такі сакрэт сапраўдных беларускіх дзеруноў!

Першыя два выпускі цыкла кулінарных майстар-класаў “Смачна” паказалі, што анлайн фармат мае шмат плюсаў. Па-першае, у гледача няма прывязкі да месца – можна глядзець трансляцыю з любой кропкі свету, дзе жывуць беларусы. Па-другое, запіс даступны нават пасля заканчэння эфіру на ютуб-канале Дома нацыянальных культур імя Г.Д. Завалокіна. І па-трэцяе, хто сказаў, што нацыянальная кухня – гэта не культурны складнік?

Так што далучайцеся да нас і давайце разам гатаваць “Смачна!”

Таццяна Нялюбіна,
метадыст Новасібірскага цэнтра беларускай культуры
Дома нацыянальных культур імя Г.Д. Завалокіна

Фота аўтара