Што яднае Беларусь з Турцыяй?

У мінулым годзе ў Беларусі адбылася адметная культурная падзея. У перакладзе на беларускую мову была выдадзеная вядомая ў цэлым сьвеце кніга «Стамбул» нобелеўскага ляўрэата, знакамітага сучаснага турэцкага пісьменьніка Архана Памука. Творы пісьменьніка перакладзены на 68 моваў сьвету, сярод якіх цяпер ёсьць і беларуская.


Pamuk-1.jpg


Аўтабіяграфічны раман «Стамбул» набыў шырокую папулярнасьць таму, што гісторыя роднага гораду пісьменьніка – Істамбула, як яго называюць у Турцыі, – важная для многіх, хто зацікаўлены ў пазнаньні сусьветнай гісторыі, у якой Стамбул займае асаблівае месца. Гэта сталіца двух былых імпэрый, Візантыйскай і Асманскай, што зьніклі ў няўмольнай плыні часу, але пакінулі па сабе важкія сляды ў гісторыі чалавечай цывілізацыі. Для нас Стамбул вядомы таксама як былы Канстанцінопаль, Цар-горад, дзе знаходзіцца велічны Сафійскі сабор. З гэтым горадам непарыўна зьвязаная і гісторыя станаўленьня хрысьціянства.

Пасьля развалу Асманскай імпэрыі, які адбыўся пасьля Першай сусьветнай вайны, у той самы час, калі абрынуліся і Расейская імпэрыя, і Аўстра-Венгрыя, лёс Стамбула быў нявызначаны. Асманскую імпэрыю меркавалася падзяліць паміж краінамі – пераможцамі ў вайне. Але патрыятычна настроеныя сілы пад кіраўніцтвам генерала Мустафы Кемаля, вядомага пад прозьвішчам Атацюрк, пачалі змаганьне за захаваньне дзяржаўнасьці туркаў. У выніку на мапе сьвету ўзьнікла Турэцкая Рэспубліка – дэмакратычная краіна з арыентацыяй на эўрапейскія каштоўнасьці, а Атацюрк стаў яе першым лідэрам. Варта згадаць, што ў Канстанцінопалі было адчынена і пасьпяхова дзейнічала консульства Беларускай Народнай Рэспублікі.

У новых гістарычных умовах Стамбул стаў паволі страчваць сваю значнасьць, сталіца Турцыі перамясьцілася ў Анкару. Захаваньню Стамбула як гістарычнай каштоўнасьці не надавалася належнай увагі. Прыкметы новага, эўрапеізаванага жыцьця паступова выцясьнялі культурныя набыткі даўніх часоў. Прыходзілі ў заняпад цэлыя, раней фешэнэбельныя, раёны гораду. Смутак напаўняў горад і асядаў у душах ягоных жыхароў. Якраз на гэты час і надарыліся дзяцінства і юнацтва будучага пісьменьніка. Сваёй эмацыйнай, таленавітай душой ён вельмі востра адчуваў гэты смутак. Менавіта смуткам па былой велічы гораду і адчуваннем няпэўнасці яго будучыні прасякнуты раман «Стамбул». І гэта не толькі боль патрыёта, але і смутак вялікага інтэлектуала сусьветнага масштабу, які не можа зьмірыцца з заняпадам такой культурнай каштоўнасьці ўсяго чалавецтва, якім быў і пакуль яшчэ застаецца Стамбул. Гістарычныя каштоўнасьці гінуць не толькі ў войнах, як сталася з Пальміраю ў Сырыі, але і з-за недастатковай увагі да іх захаваньня.

Як мне падаецца, Стамбул паволі страчвае свае каштоўнасьці яшчэ праз адну важную прычыну. Пасьля заняпаду Візантыі і заваёвы Канстанцінопаля туркамі-асманамі напрыканцы XV ст. візантыйскі лад жыцьця паступова выцясьняўся культурай новых гаспадароў, якія мелі, да таго ж, іншае веравызнаньне. Хрысьціянства і іслам былі вымушаны суіснаваць, і гэта адбівалася на далейшым разьвіцьці гораду, які ўжо не быў цэльным кангламератам.

За пяць стагоддзяў падданства Асманскай імпэрыі Стамбул цалкам скіраваўся да Усходу, стаў пераважна ісламскім, а грэцкая, асірыйская і армянская абшчыны ў выніку пагромаў былі ў бальшыні зьнішчаныя. Пасьля распаду імпэрыі, заснаваньня новай дзяржавы і звароту да эўрапейскіх каштоўнасьцяў Стамбул перажыў чарговы катаклізм.

Сёньня горад таксама знаходзіцца на раздарожжы. Дакладней нават сказаць – на разломе паміж дзвюма цывілізацыямі – Усходам і Захадам. Як і сама Турцыя.

Калі паглядзець глянуць на мапу сьвету, мы пабачым, што Турцыя, Украіна і наша Беларусь знаходзяцца на адным мерыдыяне – гэта якраз тая самая лінія разлому паміж цывілізацыямі. І жыць на гэтым разломе няпроста. Пра гэта яскрава сьведчаць як гістарычныя, гэтак і бягучыя падзеі ў гэтых трох краінах.

Мне падаецца, што прыход рамана «Стамбул» да беларускага чытача – гэта сапраўды знакавая падзея. Ён патрэбны беларусам, каб больш разумець законы гістарычных плыняў, якія ўплываюць на лёсы людзей у розных краінах, пра ўзаемасувязь гістарычных падзеяў.

І адметна, што грошы на выданьне перакладу кнігі сабрала беларуская грамадзкасьць – гэты факт асабліва ўразіў аўтара кнігі. Архан Памук на знак падзякі ўсім, хто спрычыніўся да падрыхтоўкі выданьня, пакінуў свой аўтограф на кнізе, якую я атрымала з Менску і паказала яму асабіста. Аўтограф зроблены па-ангельску, там напісана:

«Дзякую ўсім, чые імёны пералічаны на ст. 497 гэтай кнігі і таксама Анне за магчымасьць публікацыі майго «Стамбулу» у Беларусі і за тое, што яна паказала мне гэту кнігу. Цяпер я шчасьлівы.

Архан Памук

24 красавіка 2019

Нью-Ёрк »

Тыя 115 фундатараў, якія пералічаныя на згаданай ст. 497, могуць лічыць гэты аўтограф прысьвечаным менавіта кожнаму з іх.

Ганна Сурмач, Нью-Ёрк