Шпацыры па беларускай Маскве: магіла М. Доўнара-Запольскага

Ня вельмі шырока вядомае, але важнае для беларусаў месца ў Маскве – магіла прафэсара Мітрафана Доўнара-Запольскага, славутага беларускага гісторыка і этнографа пачатку XX стагодзьдзя, дыплямата БНР.

Доўнар-Запольскі – аўтар шэрагу фундамэнтальных працаў па гісторыі Беларусі і лічыцца адным з заснавальнікаў беларускай гісторыяграфіі. Ён быў адным зь першых, хто ня толькі вывучаў беларускія звычаі і культуру, але і дасьледваў Беларусь як асобную краіну з уласнымі дзяржаўніцкімі традыцыямі.

Нарадзіўся Мітрафан Доўнар-Запольскі ў Рэчыцы ў сям’і службоўца. Дзяцінства правёў у Рэчыцы, Менску, Мазыры і Бабруйску, а ягоная навуковая і выкладчыцкая дзейнасьць была зьвязаная зь некалькімі сучаснымі краінамі: Доўнар-Запольскі скончыў Кіеўскі ўнівэрсытэт св. Уладзіміра і абараніў там доктарскую дысэртацыю, выкладаў у Маскоўскім і Кіеўскім унівэрсытэтах, а таксама ў адукацыйных установах у Харкаве, Баку і, канечне ж, у Беларусі.

У 1918 годзе Доўнар-Запольскі актыўна падтрымліваў стварэньне Беларускае Народнае Рэспублікі і ўдзельнічаў у працы яе ворганаў. Тады ж ён распрацаваў першы праект стварэньня беларускага ўнівэрсытэту.

Жывучы ў 1918 годзе ў Кіеве, Доўнар-Запольскі ўзначальваў Беларускую гандлёвую палату, а таксама ўдзельнічаў у працы дыпляматычнае місіі БНР ва Ўкраіне, якая кантактавала з прадстаўнікамі Савецкай Расеі, Нямеччыны, Аўстра-Вугоршчыны. Па заданьні ўладаў БНР Мітрафан Доўнар-Запольскі склаў адмысловы Мэмарыял аб гісторыі Беларусі і беларускай дзяржаўнасьці – “Асновы дзяржаўнасці Беларусі”. Гэты дакумэнт быў перакладзены на некалькі замежных моваў і актыўна выкарыстоўваўся дыпляматамі БНР, якім было неабходна весьці асьветніцкую працу сярод замежных урадаў, абгрунтоўваючы гістарычныя карані беларускай дзяржаўнасьці і правы беларускага народу на незалежнасьць.

У 1925-1926 гадах Доўнар-Запольскі быў загадчыкам катэдры гісторыі ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце, а ў 1925 годзе быў адным з стваральнікаў археаграфічнае камісіі Інбелкульту (цяперашняй Акадэміі навук Беларусі).

У 1926 годзе савецкія ўлады вымусілі Доўнар-Запольскага зьехаць у Маскву, дзе ён правёў апошнія гады свайго жыцьця. Нагодай для гэтага стала напісаная ім кніга па гісторыі Беларусі, якая супярэчыла афіцыйнай бальшавісцкай ідэалёгіі. Рукапіс кнігі быў канфіскаваны, а самога гісторыка пазбавілі магчымасьці працаваць на радзіме.

Мітрафан Доўнар-Запольскі памёр у 1934 годзе, не дажыўшы лічаных гадоў да масавага савецкага тэрору супраць беларускай інтэлектуальнай эліты.

У гонар Доўнар-Запольскага, прафэсара Кіеўскага ўнівэрсытэта і заснавальніка цяперашняга Нацыянальнага эканамічнага ўнівэрсытэту імя Вадыма Гэцьмана, названая вуліца ў Кіеве. Цікава, што з 1965 па 2015 гг. яна называлася ў гонар ягонага сына Ўсевалада, кіраўніка бальшавісцкіх атрадаў у Кіеве, памерлага ў 1919 годзе. Гарадзкія ўлады перайменавалі вуліцу ў 2015 годзе ў рамках дэкамунізацыі тапаніміі.

Урна з прахам прафэсара Доўнар-Запольскага знаходзіцца ў калюмбарыі царквы Новых Данскіх Могілак у Маскве. Першым сярод беларускіх гісторыкаў на магілу зьвярнуў увагу Уладзімер Арлоў.

Як знайсьці:

Новыя Данскія могілкі, Царква Серафіма Сароўскага і Ганны Кашынскай, Данская плошча, дом 1с29.

Ад станцыі мэтро “Шабалаўская” пасьля выхаду направа па вуліцы Шабалаўка, потым направа па вуліцы Арджанікідзэ, потым направа па вуліцы Данской. Шлях пешкі ад мэтро - каля 20 хвілінаў.

Царква знаходзіцца проста насупраць уваходу ў Новыя Данскія Могілкі. Для наведваньня калюмбарыю царквы трэба ўзяць ключы ў адміністрацыі могілак (прадстаўляюцца свабодна). Калюмбарый мае правае і левае крылы – патрэбнае правае крыло ад уваходу. Урна з прахам Доўнар-Запольскага знаходзіцца прыкладна ў 10 мэтрах ад уваходу ў правае крыло калюмбарыю, у асноўнай галерэі.

Алесь Чайчыц