Галоўны касьцёл Расеі пабудаваў архітэктар-беларус, а адрадзіў у пасьлясавецкі час біскуп-беларус
Беларусь гістарычна была самым блізкім да Масквы краем з шматлікім каталіцкім насельніцтвам. Таму беларусы (літвіны) ад сярэднявечча складалі вельмі істотную частку каталіцкай грамады ў Маскве.
Каталіцтва ў Расеі традыцыйна асацыюецца з польскасьцю і палякамі. Але ў значнай ступені гэтая польскасьць – беларуская
польскасьць, і гэтыя палякі – беларускія
палякі, нашчадкі палянізаванай літвінскай шляхты або іншыя людзі, чыя польская самасьвядомасьць вызначалася прыналежнасьцю да каталіцтва і разуменьнем Польшчы як усёй былой Рэчы Паспалітай, якая бясспрэчна ўключала і іх малую радзіму – цяперашнюю Беларусь.
Касьцёл сьвятых Пётры і Паўла.
Ролю Беларусі ў гісторыі расейскага каталіцтва падкрэсьлівае і той сымбалічны факт, што ў часы Расейскай Імпэрыі, калі Каталіцкі касьцёл ня меў дазволу ствараць паўнавартасныя структуры на большай частцы тэрыторыі краіны, уся паўночная Эўразія ад Беластока да Чукоткі з пункту гледжаньня Каталіцкага касьцёлу была часткай Магілёўскай архідыяцэзіі.
Вядома, што ў 1916 годзе ў адным з маскоўскіх касьцёлаў пабраліся шлюбам Янка Купала і Ўладзіслава Станкевіч. У якім дакладна касьцёле гэта было, не да канца зразумела, але хутчэй за ўсё гэта адбылося ці ў касьцёле Пётры і Паўла ў Мілюцінскім завулку, ці ў Саборы Беззаганнага Зачацьця Найсьвяцейшае Панны Марыі на Малай Грузінскай вуліцы. Абодва гэтыя касьцёлы ў пачатку 20. стагодзьдзя былі цэнтрамі маскоўскай польскамоўнай каталіцкай грамады.
Сабор Беззаганнага Зачацьця Найсьвяцейшае Панны Марыі
Зусім недалёка ад Беларускага вакзалу – чыгуначнай станцыі, куды ў Маскву прыбываюць цягнікі зь Беларусі – у ціхім старым спальным раёне стаіць катэдральны Сабор Беззаганнага Зачацьця Найсьвяцейшай Панны Марыі (Собор Непорочного Зачатия Пресвятой Девы Марии). Гэта галоўны па сваім статусе і самы вялікі каталіцкі касьцёл у Маскве і ва ўсёй Расеі. Велічны нэагатычны будынак – папулярнае месца сярод аматараў архітэктуры і рамантыкаў, ён часта фігуруе на паштоўках і робіцца месцам прыгожых фотасэсій.
Катэдральны сабор Беззаганнага Зачацьця Найсьвяцейшай Панны Марыі
Суседзтва зь Беларускім (раней – Берасьцейскім) вакзалам не выпадковае: у гэтым раёне ў 19. стагодзьдзі кампактна пражывала пэўная колькасьць каталікоў (“палякаў”, як прынята казаць), якія працавалі на Маскоўска-Берасьцейскай чыгунцы.
Касьцёл Беззаганнага Зачацьця НПМ лічыцца ўвасабленьнем і сымбалем польскай культуры ў Маскве. Нават амбасада Польшчы знаходзіцца ў пяці хвілінах пешкам ад яго.
Між тым, як чыгуначная станцыя, вакол якой пражывала каталіцкая меншасьць, сёньня завецца Беларускім вакзалам, так і сама тая каталіцкая меншасьць ў рэчаіснасьці складалася ня толькі з карэнных палякаў, але відавочна мела і вельмі істотны (калі не пераважны) беларуска-літвінскі складнік.
Сабор Беззаганнага Зачацьця НПМ пабудавалі ў 1901–1911 гг. як раз каталікі-літвіны, што аселі ў Маскве. Архітэктарам касьцёла быў віцяблянін Тамаш Багдановіч-Дваржэцкі, аўтарам праекту агароджы – віленчук Лявон Даўкша. Грошы на будаўніцтва зьбірала польская/польскамоўная каталіцкая грамада па ўсёй Расеі.
У часы савецкага рэжыму сабор быў складам, інтэрнатам і зьмяшчаў якісь другарадны дасьледчыцкі інстытут, і фактычна ператварыўся ў жывапісныя руіны. Якімсь цудам сабор ня быў перабудаваны да непазнавальнасьці, а досыць вялікая тэрыторыя вакол яго засталася вольнаю. Дарэчы, у доме амаль насупраць таго месца жыў Уладзімір Высоцкі, нашчадак беларускіх габрэяў з прозьвішчам, утвораным ад назвы беларускага мястэчка Высокае. Масква такі горад – адны беларусы навокал.
Постсавецкая гісторыя адроджанага сабора таксама непарыўна зьвязаная ня толькі з польскай дыяспарай, чые актывісты актыўна змагаліся за вяртаньне будынку, але і з выхадцамі зь Беларусі. Адраджэньнем сьвятыні займаўся арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, цяперашні мітрапаліт Менска-Магілёўскае архідыяцэзіі, а ў той час – апостальскі адміністратар каталікоў лацінскага абраду эўрапейскае часткі Расеі. Пробашчам сабора самы доўгі час у ягонай гісторыі (26 гадоў з 1991 па 2017 гг.) быў беларус Юзаф Занеўскі. Цяперашні пробашч – таксама беларус, Уладзімер Кабак.
У сярэдзіне нулявых гадоў цяперашняга стагодзьдзя была прынамсі адна няўдалая спроба арганізаваць беларускія набажэнствы. Беларусы-энтузіясты дайшлі ажно да тагачаснага маскоўскага арцыбіскупа Кандрусевіча, арганізавалі прывоз зь Менску вялікага імшала на беларускай мове. Аднак служыць імшу быў прызначаны малады абыякавы расейскамоўны беларускі манах, да якога шматканфэсіянальная беларуская грамада ў хуткім часе перастала хадзіць.
Цяпер у гэтым саборы, шчыльна зьвязаным зь Беларусьсю, ідуць імшы на расейскай, польскай, францускай, ангельскай, гішпанскай, украінскай, армянскай мовах і на лаціне – але не па-беларуску.
Касьцёлы на Лубянцы
Акрамя Сабора Беззаганнага Зачацьця ў Маскве існуе яшчэ два гістарычных касьцёла. Яны знаходзяцца ў самым цэнтры Масквы ў некалькіх сотнях мэтраў адзін ад аднаго – і, так сталася, у некалькіх сотнях мэтраў ад штаб-кватэры былога КГБ СССР (цяпер ФСБ Расеі) на Лубянцы.
Зь іх дзейнічае цяпер толькі адзін: касьцёл сьвятога Людзьвіка Францускага, які традыцыйна зьяўляецца цэнтрам франкамоўнай маскоўскай грамады.
Для нас гэты касьцёл адметны тым, што ў ім у 1926 годзе быў сакрэтна, падчас савецкіх рэпрэсіяў супраць духавенства, высьвячаны на біскупа латыш Баляслаў Слосканс, будучы апостальскі адміністратар Магілёва і Менска, а пасьля Другой сусьветнай вайны – апостальскі візытатар для беларусаў-каталікоў у Заходняй Эўропе і вялікі сябар беларускай дыяспары.
Касьцёл сьвятога Людзьвіка Францускага.
Касьцёл сьвятога Людзьвіка быў адзіным касьцёлам у Маскве, які працягваў дзейнічаць у савецкія часы. Суседні касьцёл сьвятых Пётры і Паўла, які аднасіўся да самай старой маскоўскай каталіцкай грамады, гісторыя якой пачалася ў 17. стагодзьдзі, меў больш сумны лёс. Ягоны будынак, разам з навакольнымі будынкамі некалькіх каталіцкіх дабрачынных і адукацыйных установаў, быў канфіскаваны савецкім рэжымам, а пасьля распаду СССР неадназначным чынам прыватызаваны і каталікам так і ня вернуты. Адроджаная расейскамоўная парафія сьвятых Пётры і Паўла вымушаная выкарыстоўваць касьцёл сьвятога Людзьвіка.
Адным з апошніх пробашчаў маскоўскага касьцёла сьвятых Пётры і Паўла перад ягоным закрыцьцём быў Пётра Зялінскі, ураджэнец Чавускага павету на Магілёўшчыне. У пачатку 20-х гадоў ён быў рэпрэсаваны, правёў некалькі гадоў у ссылках і памёр у Рэспубліцы Комі ў 1931 годзе. Пасьля Зялінскага вікарыям таго прыхода некалькі месяцаў у 1924 г. быў ужо згаданы Баляслаў Слосканс. Вядомымі прыхаджанамі касьцёла былі шматлікія расейскія дзеячы зь беларускімі прозьвішчамі і паходжаньнем з тэрыторыі Беларусі.
Алесь Чайчыц