Шчодры Багач у Ліепаі

Актывісты, сябры Ліепайскай беларускай суполкі “Мара” імкнуцца жыць у спрадвечным рытме знакавых народных святаў, якія раней упрыгожвалі, адухаўлялі жыццё нашых продкаў. Бывае ж, на жаль, і так: назапашаны за доўгія вякі каштоўны беларускі досвед гарманічнага суіснавання чалавека з Прыродай, з Сусветам адсоўваецца ўбок як непатрэбны. І заменьваецца нейкімі таннымі “весялушкамі-папрыгушкамі”. З Купалля тады робяць вечарынку ў рэстаране, а напоўненыя глыбокім містычным сэнсам Каляды пераўтвараюць у танны балаган… І навошта? Ніколі ж беларусаў не будуць паважаць у свеце, калі яны адракуцца ад роднае спадчыны ды пачнуць проста прыемна бавіць час у сваіх суполках. Мы — за тое, каб народныя традыцыі зберагаліся, і з іх улікам рабіліся культурна-асветніцкія імпрэзы.


img_7497.jpg

Песню “Пажаданне” выконвае “Паўлінка”. У цэнтры — кіраўніца ансамбля Жанна Буйніцкая


Так і было 3 кастрычніка: у Ліепайскай беларускай сябрыне “Мара” адзначалі наша народнае свята ўраджаю Багач. У адпаведнасці з традыцыямі залу Беларускага дома ўпрыгожылі сімваламі гэтага дня: быў кошык са збожжам, у цэнтры якога запалілі свечку. Былі дажыначны сноп і крэатыўныя вырабы з дароў садоў і агародаў. Прыдавалі святочнасці ды ўрачыстасці святу беларускія ручнікі, абрусы на сталах, выкананыя ў матывах беларускага нацыянальнага арнаменту.

Госці свята мелі магчымасць пакаштаваць нацыянальныя беларускія стравы. І пры тым казалі адзін аднаму традыцыйнае ў Багач пажаданне: Будзь багаты як восень! Мы атрымалі асалоду ад новай сустрэчы з творчасцю ансамбля беларускай песні “Паўлінка”. І, вядома, танчылі, гулялі ў народныя гульні-забавы, паўдзельнічалі ў розных конкурсах, падрыхтаваных вядучымі: Жаннай Буйніцкай і Галінай Сямёнавай.

З пажаданнямі здароўя, дабра й дабрабыту да ўсіх звярнуўся кіраўнік беларускай суполкі Віктар Янцэвіч. А Жанна Буйніцкая распавяла, якая праца штодня праходзіць у сценах Беларускага дома, пра нашы планы й задумкі. Так, напрыклад, у лістападзе распачне працу гурток па пляценні з лазы, які будзе весці Васіль Васілевіч Жарыкаў. Да таго ж некаторы час у Беларускім доме ўжо дзейнічае, праводзіць рэпетыцыі дзіцячы музычны калектыў. Жанна Буйніцкая нагадала ўсім, што восеньскім святам Багач беларуская грамада зноў адкрыла цыкл шанавання народных беларускіх традыцый. Наперадзе ж будуць яшчэ зімовыя Каляды, вясновы Вялікдзень ды летняе свята святаў Купалле.

Анжэла Фаміна, „Голас Радзімы“,
фота Алена Осіпава