Рэцэнзію на паэму Марыі Мартысевіч апублікавалі ў пермскім літаратурным часопісе

Рэцэнзія на эпісталярную паэму Марыі Мартысевіч «Сарматыя» была апублікавана ў пермскім літаратурным часопісе «Вещь».

«Кажучы пра тое, ці можа паэзія існаваць без міфалогіі, філосаф Аляксей Лосеў заяўляў, што апошнюю можна разумець як "выразную рэчаіснасць, што здзіўляе сваёй незвычайнасцю". Калі гэта так, то паэмы Марыі Мартысевіч — міфалогія ў чыстым выглядзе: свет, які яна выбудоўвае, вядомы і выразны ў сваёй пазнавальнасці настолькі ж, наколькі дзіўны ў сваёй незвычайнасці. Больш за тое, Мартысевіч не абмежавалася стварэннем асабістай міфалогіі і вынайшла асабістую міфапаэтыку», — адзначае аўтар рэцэнзіі.

Сама аўтарка адрэагавала на рэцэнзію наступным чынам: «Дзялюся радасцю. Любая ўвага да творчасці — найлепшы падарунак творцу». Азнаёміцца з рэцэнзія цалкам можна па спасылцы.

У «Сарматыі» апісваецца гісторыя кахання, якая мела месца невядома калі і невядома дзе. Але яно і няважна, бо «Сарматыя» — гэта таксама гісторыя пра тое, што звычайна здараецца з людзьмі, якія наважыліся быць не такімі, як усе, у любыя часы і ў любой краіне. Аўтарка паэмы спрабуе пачуць водгулле гэтага «старога добрага шляхецкага сарматызму» ў Беларусі XXI стагоддзя.

budzma.by