Ралі “Шаўковы шлях-2019” – каманда з Мінска ў Іркуцку!

Я спакойна сядзеў сабе ў офісе і займаўся бягучымі справамі, калі раптам мне патэлефанавалі і на чыстай беларускай мове сказалі: “Вітаю! Я – Міхал Чаропка, прыехаў у Іркуцк разам з спартовай камандай «МАЗ–СПОРТ–Аўта». Мы ўдзельнічаем у ралі «Шаўковы шлях». Запрашаем на нашу прэс-канфэрэнцыю!”.

Ха! Вядома, пасля такога ўсё кідаеш і бяжыш сустракацца з землякамі! Беларусы прыехалі ў Іркуцк ды яшчэ з такой місіяй! Сустрэць “суродзічаў” – гэта мая прыярытэтная справа. Я заўсёды з радасцю сустракаю беларусаў у сваім горадзе!

І вось я на прэс-канферэнцыі. Нашых хлопцаў бачна здалёк. Яны ўсе ў фірмовых чырвоных футболках. Кулуарна знаёмлюся з імі. Хлопцы ў асноўным з Мінска, але ёсць і бліжэйшы мой зямляк – Максім з Ушачаў, што ў 43 км ад майго роднага Полацка. Капітан каманды – Вязович Сяргей Мікалаевіч, ён жа асноўны пілот на “баявой”, як яны самі кажуць, машыне. Акрамя яго ў камандзе яшчэ два пілота-гоншчыка: Аляксандр Васілеўскі, самы дасведчаны, і Аляксей Вішнеўскі, самы малады. У гонцы удзельнічаюць тры МАЗы.

10-дзённая гонка “Шаўковы шлях-2019” стартавала 6 ліпеня а 18-й гадзіне са сквера Кірава ў Іркуцку, пасля ўрачыстага праезду па плошчы.

Агулам у ралі “Шаўковы шлях-2019” бяруць удзел каля 400 спартсменаў з 38 краін: 90 машын і матацыклаў. Спачатку стартуюць матацыклы, затым легкавыя джыпы-пазадарожнікі, а затым 17 каманд на грузавіках. Асноўныя супернікі каманды “МАЗ–Спорт–Аўта” – расейская “Камаз-майстар” і французкая “Рэно”.

Наша каманда маладая, існуе з 2010 года, але ўжо перамагала ў прэстыжнай гонцы на Дакары. У Іркуцк прыехала 30 нашых землякоў. Тром спартсменам у кожнай “баявой машыне” дапамагаюць тэхнікі і іншы абслугоўваючы персанал.

Жадаем беларусам перамогі!

Алег Рудакоў, “Крывічы” (Іркуцк, Расія)