Рада БНР як найстарэйшая беларуская дэмакратычная advocacy group

Рада БНР выконвае ў выгнаньні некалькі важных функцый: захаваньне традыцый і працяг юрыдычнага існаваньня першай дэмакратычнай беларускай дзяржаўнасьці, прадстаўленьне Беларусі ў свабодным сьвеце, а таксама яднаньне беларускіх палітычна актыўных асяродкаў у розных краінах. Падаем адказы на пытаньні, якія паступілі на адрас Рады БНР (пытаньні прыведзеныя на мове арыгіналу – украінскай).


01-is_urumla_20_03_2004_1-asn.jpg

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла на сустрэчы з Прэздэнтам Чэхіі Вацлавам Гаўлам, 2004 г.


1. Як вам вдалося так довго зберігати безперервну державну традицію?

Традыцыя БНР захавалася дзякуючы шматгадовым высілкам і працы беларускай дыяспары. Сотні неабыякавых і палітычна актыўных людзей, нават апынуўшыся ў выгнаньні, захавалі вернасьць Беларусі і дзесяцігодзьдзямі не шкадавалі сваіх сілаў, часу, грошай на беларускую справу. Канстытуцыйныя рэглямэнты Рады, прынятыя ў 1917-1918 гадах, дазвалялі кааптацыю новых членаў. Гэта дазволіла Радзе папаўняць свой склад у наступныя дзесяцігодзьдзі.

У значнай ступені Рада БНР традыцыйна абапіралася на арганізацыі беларускае дыяспары ў ЗША, Канадзе, Вялікай Брытаніі, Францыі і Аўстраліі. Пасьля падзеньня СССР значную ролю таксама граюць беларускія суполкі ў Чэхіі і Польшчы. Асобныя радныя жывуць у іншых краінах.

Беларуская палітычная эміграцыя ўвесь час падмацоўвалася новымі хвалямі палітычных уцекачоў: у дваццатыя гады, потым пасьля Другой сусьветнай вайны, потым пасьля прыходу да ўлады Лукашэнкі.

Рада БНР за часы выгнаньня здолела выконваць некалькі важных функцый.

Па-першае, гэта функцыя захавальніка традыцый і пераемнасьці беларускага вызвольнага руху ў той час, калі ў Беларусі акупанты з гэтым рухам брутальна змагаліся, забіваючы тысячы людзей і высылаючы дзясяткі тысячаў людзей у канцэнтрацыйныя лягеры.

Войска ня лічыцца пераможаным, пакуль вораг не захапіў ягоны сьцяг. Рада БНР як законны часовы найвышэйшы дзяржаўны орган Беларусі, чыёй задачай ёсьць забесьпячэньне стварэньня дэмакратычнай Канстытуцыі і дэмакратычных органаў улады, гэта і ёсьць такі сьцяг.

Па-другое, гэта функцыя прадстаўленьня волі беларускага народу ў свабодным сьвеце, асьветніцтва сярод палітыкаў і шырокай грамадзкасьці на Захадзе, супрацьдзеяньне савецкай прапагандзе аб Беларусі.

Нарэшце, па-трэцяе, гэта функцыя яднаньня беларускіх палітычна актыўных асяродкаў у розных краінах, ад Канады да Аўстраліі.

2. За яким сценарієм плануєте поставити владу БНР на території РБ? Чи буде це сценарій УНР або інший варіант?

Рада БНР не абавязкова імкнецца да таго, каб непасрэдна заняць месца цяперашняга аўтарытарнага ўраду Беларусі.

Рада БНР была створаная ў сьнежні 1917 году на Ўсебеларускім зьезьдзе палітычных і грамадзкіх арганізацыяў. Яна зьяўлялася часовым найвышэйшым органам дзяржаўнай улады Беларусі, чыёй задачай было правесьці агульнанацыянальны Ўстаноўчы сход дэмакратычнай Беларусі, на якім была бы прынятая Канстытуцыя. Паводле гэтае Канстытуцыі меліся б адбыцца дэмакратычныя выбары, і пастаянным органам улады, сфармаваным на тых выбарах, Рада БНР перадала б свае паўнамоцтвы.

Гісторыя, як вядома, унесла свае карэктывы.

Але нашая канчатковая мэта застаецца той жа, што сто гадоў таму – перадаць свой гістарычны мандат дэмакратычна абранай уладзе ў Беларусі, і такім чынам даць гэтай будучай уладзе гістарычную легітымнасьць.

Гэткім чынам, мы юрыдычна і сымбалічна злучым увадно БНР 1918 года і будучую дэмакратычную Беларусь, канчаткова зафіксуем перамогу нацыянальна-вызвольнага беларускага руху і дасягненьне мэтаў, пастаўленых перад намі Ўсебеларускім зьездам 1917 году.

3. Чи існує тіньовий уряд і план дій і заходів на випадок повернення до влади?

Дэ-юрэ функцыі ўраду мае Прэзыдыюм Рады БНР. Існуюць аналягі міністэрстваў – сакратарыяты вонкавых справаў, абароны, інфармацыі, унутраных справаў, адукацыі, фінансаў.

Як сказана вышэй, Рада не абавязкова імкнецца вярнуцца да ўлады сама: мы разьлічваем на фармаваньне ў Беларусі дэмакратычнай улады, і нашая місія ў тым, каб гэтаму ўсяляк спрыяць у супрацы з дэмакратычнай апазыцыяй унутры Беларусі.

Рада ня мае ідэалёгіі, акрамя прыхільнасьці да шэрагу базавых каштоўнасьцяў. Першая каштоўнасьць – гэта незалежнасьць Беларусі на грунце беларускае культуры, мовы, пераемнасьці з папярэднімі гістарычнымі формамі беларускай дзяржаўнасьці, перадусім Вялікага княства Літоўскага і Полацкага княства. Другая наша безумоўная фундамэнтальная каштоўнасьць – прынцыпы дэмакратыі і павагі да правоў чалавека.

4. З якими державами або урядами у вигнанні ви перебуваєте в офіційному спілкуванні, чи є акти визнання або взаємного визнання?

Рада БНР традыцыйна мае кантакты з прадстаўнікамі ўрадаў ЗША, Канады, Вялікай Брытаніі, Чэхіі і іншых дзяржаваў. Пасьля распаду СССР мы ня маем стасункаў з іншымі ўрадамі ў выгнаньні: адпаведныя інстытуты Польшчы, Украіны і краінаў Балтыі перадалі свае паўнамоцтвы дэмакратычным уладам сваіх краінаў.

У адрозьненьне ад часоў Халоднае вайны, кантакты цяпер ня ёсьць паўнавартаснымі міждзяржаўнымі, бо ёсьць пэўная юрыдычная калізія ў сувязі з тым, што Рэспубліка Беларусь зьяўляецца афіцыйна прызнанай сувэрэннай дзяржавай, зь якой краіны вольнага сьвету маюць дыпляматычныя стасункі. І мы ў гэтым статусе для Беларусі зацікаўленыя.

Гэта не перашкаджае нам дзейнічаць у якасьці дэ-факта найстарэйшай глябальнай беларускай незалежніцкай і дэмакратычнай advocacy group, каардынацыйнага органу актывістаў, якія працуюць з урадамі краінаў, у якіх яны жывуць.

Тым ня менш,

у выпадку ажыцьцяўленьня пагрозы сувэрэнітэту Рэспублікі Беларусь, Рада БНР застанецца адзіным законным дзяржаўным органам, што прадстаўляе Беларусь у сьвеце. Існаваньне дагэтуль Рады БНР у тым ліку абгрунтаванае неабходнасьцю гэткай юрыдычнай і сымбалічнай “страхоўкі”, бо цяперашні рэжым у Беларусі гарантаваць сувэрэнітэт ня здольны.

5. Чи є плани з карбування монет або друку марок, хоча б у сувенірних цілях?

Калісьці Рада выдавала свае паштовыя маркі, у тым ліку ўжо ў выгнаньні. Цяпер нам таксама паступаюць гэткія прапановы і ідэі, але Рада гэтым пакуль не займаецца. Ня ёсьць відавочным, як гэта дапамагло б нам дасягнуць нашых мэтаў. Мы спрабуем займацца праектамі, якія мелі б рэальны зьмест, улічваючы нашыя магчымасьці і статус.

Мы ня хочам, як некаторыя іншыя манархічныя дамы ці ўрады ў выгнаньні, ператварацца ў бутафорыю і пародыю на саміх сябе: гэта быў бы відавочны сымптом заняпаду.

6. Які нагороди використовуються Радою БНР. Які цікаві та важливі моменти історії Білорусі пов’язані з відзнаками і нагородами Ради БНР, чи можете розповісти про людей, яких нагороджував Уряд БНР?

На дадзены момант дзеючымі прызнаюцца чатыры ўзнагароды: Ордэн Пагоні, Ордэн Жалезнага рыцара, Мэдаль партызана і Мэдаль да стагодзьдзя БНР.

Ордэн Пагоні – найвышэйшая дзяржаўная ўзнагарода. Ордэн Жалезнага рыцара – найвышэйшая вайсковая ўзнагарода. Мэдаль партызана ўручаўся ўдзельнікам партызанскай барацьбы за незалежнасьць Беларусі, а Мэдаль да стагодзьдзя БНР – выбітным нашым сучасьнікам, хто зрабіў унёсак у папулярызацыю і разьвіцьцё беларускай культуры, барацьбу за дэмакратыю і незалежнасьць Беларусі.

Сярод ляўрэатаў Мэдаля да стагодзьдзя БНР – выбітныя дзяржаўныя дзеячы, хто дамогся аднаўленьня незалежнасьці Беларусі ў 1991 годзе і чые заслугі не прызнае цяперашні прорасейскі рэжым Лукашэнкі:

гэта і кіраўнікі Беларускага народнага фронту, і першы галава незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч. Таксама адзначаныя выбітныя дзеячы культуры, у тым ліку Нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч. Адзначаныя дэмакратычныя актывісты, палітычныя вязьні, дзеячы беларускай дыяспары і замежнікі, хто дапамагае Беларусі.

radabnr.org