Пётра Мурзёнак: “Беларус, які вызнае сябе беларусам, не можа быць ворагам”

Чым ёсць незалежнасць? Як яе захаваць? Ці магчымая ў сучасным свеце незалежная дзяржава, не абцяжараная саюзамі і блокамі?.. Пытанні са своеасаблівай “Анкеты Незалежнасці” мы вырашылі задаць дзеячу беларускай дыяспары ў Канадзе Пятру Мурзёнку.

01-75c9e7d0a41eb2a867443e2868b9fef0.jpg

Пётра Мурзёнак, Фота – Алеся Каралькевіча


Пётра Мурзёнак – доктар медыцынскіх навук. Разам з сям’ёй жыве ў Канадзе з 1998 года. Заснавальнік і рэдактар вэб-часопіса “КУЛЬТУРА. НАЦЫЯ”. Аўтар дзвюх публіцыстычных кніг: “Шляхі да беларускай нацыі” і “Чым трэба ганарыцца кожнаму беларусу”, Мінск, “Кнігазбор”, а таксама чатырох зборнікаў вершаў.

Сп. Пётра займае актыўную пазіцыю ў беларускім жыцці ў замежжы. З’яўляецца старшынёй Беларускага інстытута навукі і мастацтваў у Канадзе, а таксама старшынёй Атаўскага аддзела Згуртавання беларусаў Канады.

Чым для вас ёсць незалежнасць Беларусі?

Незалежнасць Беларусі – гэта каштоўнасць, якая дазваляе адчуваць гонар за радзіму. Ад таго, што яна існуе роўная сярод роўных у свеце. Ад таго, што беларускія грамадзяне напоўніцу карыстаюцца правамі і свабодамі, гарантаванымі Канстытуцыяй. З фармальнага пункту гледжання Беларусь ёсць незалежнай краінай, але ж па сутнасці?.. Што трэба, каб краіна сапраўды сталася такой? Беларусі трэба пазбавіцца палітычнай, эканамічнай і культурнай залежнасці ад Расіі.

Чаму гэта звязана з Расіяй?

Гэта стане відавочным і зразумелым любому беларусу, калі ён уважліва паглядзіць на Украіну, а не будзе знаходзіцца пад уплывам маскоўскай прапаганды, што “Крым наш”. Калі б не спрадвечны агрэсіўны характар Расіі, адносіны з ёй мусілі б быць цывілізаванымі, як і з іншымі краінамі.

Другім важным аспектам незалежнасці краіны з’яўляецца свабода: палітычная, эканамічная, асабістая, рэлігійная ды інш. Але ў першую чаргу – свабода нацыянальная. Усе гэтыя свабоды прапісаныя ў Канстытуцыі, але, на жаль, ва ўмовах аўтарытарнага рэжыму не могуць быць выкананыя. Людзі, якія не маюць усіх гэтых свабодаў, ніколі не будуць імкнуцца да незалежнасці сваёй краіны. Каб Беларусь стала па-сапраўднаму незалежнай, яна павінная вырвацца з-пад каланіяльнага ўплыву Расіі і ўсталяваць у краіне дэмакратычныя нормы.

Калі вы асабіста прыйшлі да ўсведамлення каштоўнасці незалежнасці? Як гэта адбылося?

Дакладна не раней за 1990 год. Канкрэтным плёнам гэтага ўсведамлення былі артыкулы па нацыянальных пытаннях у “Звяздзе” ў пачатку 1990-х, стварэнне гуртка беларускай мовы на працы, выступы на роднай мове на паседжаннях вучонага савета ў Інстытуце фізіялогіі НАН РБ (1992–1997). Сябры савета, дарэчы, былі здзіўленыя.

Найбольшы гонар за незалежнасць я адчуў, калі выпадкова апынуўся ля будынка Дома ўрада ў Мінску ў момант, калі на яго ўсталёўвалі новы дзяржаўны герб “Пагоня”. Такі ж гонар я адчуваў, калі ў родных Паставах на будынку райвыканкама залунаў бел-чырвона-белы сцяг. Аднак што мяне тады насцярожыла на плошчы Леніна… Новы герб быў накладным! Ім нібыта часова прыкрылі стары дзяржаўны герб, які быў пастаўлены там ад пачатку, капітальна. Новы герб усталёўвалі не грунтоўна, нібыта сарамліва.


02-3ba3fc775274e3a04a3ebaf4a0b8a353.jpg

Пётра Мурзёнак выступае на святкаванні ў Атаве. 2006 г.



У 1991-м незалежнасць на беларусаў звалілася “як мех з бульбай”, нечакана і бескаштоўна, ці гэта вынік шматлікіх цяжкіх намаганняў за доўгі час?

Выраз “як мех з бульбай” можа быць і адказам на пытанне. Атрыманню незалежнасці для Беларусі спрыяў шэраг фактараў, аднак у асноўным яны былі абумоўленыя знешнімі, а не ўнутранымі прычынамі. Паспрыялі распад СССР і КПСС. БССР была не адзінай рэспублікай Саюза, якая атрымала незалежнасць. Усе 15 рэспублік СССР цягам 1991 года (хто раней, хто пазней) заявілі аб сваёй незалежнасці. Беларусь была шостай.

Цяжка сказаць, наколькі важкімі і вызначальнымі былі высілкі беларускіх нацыянальных сіл у атрыманні незалежнасці. Толькі ў Літве і Грузіі, барацьба за незалежнасць была звязаная з праліццём крыві: тады ў савецкай улады яшчэ былі сіла і воля ўжыць рэпрэсіі супраць сваіх народаў. Для рэшты савецкіх рэспублік шлях да незалежнасці быў мірным.

Але ж былі “Майстроўня”, “Талака”, БНФ “Адраджэнне”, забастоўкі працоўных…

Змаганне за незалежнасць найперш адлюстроўвае, як мне здаецца, парламенцкая праца дэмакратычна настроеных дэпутатаў, уключна з дэпутатамі ад БНФ. Відавочна, што яны прыклалі значныя намаганні як у прыняцці Дэкларацыі (27 ліпеня 1990 года), так і Закона аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі (25 жніўня 1991 года). Трэба, аднак, заўважыць, што Закон аб дзяржаўным суверэнітэце і пастанова аб часовым прыпыненні дзейнасці КПБ-КПСС на сесіі Вярхоўнага Савета БССР былі прынятыя аднагалосна (за – 256 дэпутатаў). Парадаксальна, але за прыняцце гэтых двух законаў прагаласавалі самі дэпутаты-камуністы, якія складалі абсалютную большасць ВС 12-га склікання.

Атрыманне незалежнасці ў 1991 годзе было падарункам лёсу, а не вынікам змагання моцных партыйных структур ці шырокім рухам народных мас за нацыянальнае самавызначэнне. Тое, што лёгка далося, не цэніцца так, як трэба. Таму, відаць, і маем недасканалае стаўленне да незалежнасці краіны.

Дэмакратыя, фінансавы дабрабыт ці незалежнасць – што важнейшае для беларусаў? А для вас асабіста?

Натуральна, што фінансавы дабрабыт стаіць на першым месцы, і не толькі ў беларусаў. Чалавек як істота біялагічная і сацыяльная імкнецца да таго, каб месца, дзе ён жыве, было ўтульным, каб там “усё вялося і былося”. Сёння складана ўявіць, што незабяспечаны фінансава чалавек у першую чаргу засяродзіць свае думкі на паляпшэнні дэмакратыі ў краіне.


Я жыву ў Канадзе, у краіне, дзе перада мной не стаіць праблема выбару, які з гэтых кампанентаў – дэмакратыя, фінансавы дабрабыт ці незалежнасць – найважнейшы. Аднак, як і абсалютная большасць людзей, лічу, што калі фінансавы дабрабыт ёсць, то ў чалавека з’яўляецца магчымасць займацца іншымі важнымі аспектамі жыцця. У прыватнасці, мяне цікавяць пытанні будаўніцтва і развіцця нацыянальнай беларускай дзяржавы.


03-f268807a32a7e4df7152d236e4f6853f.jpg

Пётра Мурзёнак, Фота – Алеся Каралькевіча


Ці даводзілася вам калі-небудзь тлумачыць суайчыннікам ці замежнікам каштоўнасць незалежнасці краіны?

Так, суайчыннікам – у асноўным праз артыкулы ў вэб-часопісе “Культура. Нацыя”, заснавальнікам і рэдактарам якога я з’яўляюся з 2012 года. Аднак не ўсе суайчыннікі на радзіме, нават блізкія сябры, гатовыя ўспрымаць парады з далёкага замежжа... Што да замежнікаў, то даволі рэдка. У вольных краінах такое пытанне зазвычай не паўстае. Разам з тым мы добра ведаем, што нягледзячы на негатыўныя адносіны ліберальных дэмакратаў да нацыянальных рухаў, яны не зніклі. Прыклады ёсць: змаганне за незалежнасць у Каталоніі, Шатландыі, Квебеку.

Беларус, які не разумее каштоўнасці незалежнасці і гатовы ад яе адмовіцца, – вораг ці… Што рабіць і як ставіцца да такіх людзей?

Беларус, які вызнае сябе беларусам, не можа быць ворагам. Калі ён не шануе незалежнасць, то хутчэй за ўсё ён заблукаў і гэта не ягоная віна, а віна дзяржавы, якая затлуміла яму мазгі сваёй прапагандай: саюзнай дзяржавай, лініяй Сталіна, ворагамі-нацыяналістамі і г.д. З такімі людзьмі трэба размаўляць, пераконваць. Калі казаць пра вялікую колькасць людзей, то самы дзейсны сродак – асвета.

Ці з’яўляюцца нацыянальная ідэнтычнасць, мова і культура неабходнымі і абавязковымі для незалежнасці?

Калі казаць пра сённяшнюю незалежную Беларусь, то нацыянальная ідэнтычнасць, мова і культура неабавязковыя і не неабходныя – проста яны ёсць у тым выглядзе, у якім ёсць:

-          83,7% насельніцтва краіны пазначыла сябе беларусамі (2009);

-          нацыянальная культура ёсць, нягледзячы на прыклад існавання двух пісьменніцкіх саюзаў;

-          адносна мовы афіцыйная ўлада мае цынічную і крывадушную пазіцыю, кажучы, што народ прагаласаваў на рэферэндуме за дзве дзяржаўныя мовы і кожны чыноўнік ці чалавек мае права выбару; таму афіцыйная падтрымка мовы – толькі на словах.

Калі казаць пра незалежную Беларусь, пра якую марыць нацыянальная эліта, то, безумоўна, усе тры складнікі ёсць і будуць неабходнымі для будаўніцтва сапраўднай нацыянальнай дзяржавы:

-          вельмі хацелася б, каб вынікі перапісу-2019 адносна нацыянальнай прыналежнасці былі не горшымі за тыя 83,7%, што маем; беларуская нацыянальная культура працуе ва ўмовах гета, але яна адродзіцца вельмі хутка, пры першай магчымасці (прыкладам таму – 30-я і 90-я гады мінулага стагоддзя);

-          што тычыцца мовы, то яна стане абавязковым складнікам пасля змены ўлады. На сёння і на найбліжэйшую будучыню трэба прыняць рэальнасць: большасць насельніцтва карыстаецца рускай мовай. Таму нацыянальная асвета, асабліва ў галіне гісторыі, павінная ісці на расійскай мове таксама. Як доўга гэта будзе працягвацца – невядома. Ёсць як станоўчыя (Чэхія), так і адмоўныя (Ірландыя) прыклады адраджэння роднай мовы пры наяўнасці дзяржаўнай незалежнасці. Разам з тым ёсць краіны з дзвюма і больш афіцыйнымі мовамі (Канада, Бельгія, Швейцарыя, Швецыя), так і краіны, якія карыстаюць тую самую мову (Германія і Аўстрыя).

04-ef325359e0ec3435e5370ba383924025.jpg

Пётра Мурзёнак, Фота – Алеся Каралькевіча


Ці ёсць цяпер небяспека для незалежнасці Беларусі? Калі так, то адкуль яна ідзе?

У нашы дні не варта чакаць небяспекі з боку палякаў ці літоўцаў. З Масквой – іншая сітуацыя. Беларусы ў складзе ВКЛ не мелі доўгі час нічога агульнага з маскавітамі, пасля ваявалі з імі, а пасля сталі калоніяй Расіі на два доўгія стагоддзі. Беларусь у некаторых сэнсах і да сёння знаходзіцца ў залежным ад Расійскай імперыі стане. Расія паводзіць сябе з Беларуссю як з васалам, і пакуль перамен не бачна. У нашыя дні вайна з усходнім суседам працягваецца:

-          у палітычнай сферы – Беларусь уцягнутая ў непатрэбныя саюзы (АДКБ, ЕАЭС, Саюзная дзяржава і г.д.);

-          у эканамічнай сферы – “малочныя”, “цэментныя”, “мясныя” войны; войны за цану на нафту і газ, мытныя войны;

-          у галіне культуры – дамінаванне расійскай культуры ў Беларусі

Усё вышэйпералічанае, здаецца, адназначна сведчыць аб тым, што пагроза незалежнасці-паглынання ідзе з усходу, з боку “русского міра”. Так атрымалася, маем такога суседа! Добра было б перасяліцца ад яго на нейкі асобны востраў, калі б гэта было магчыма... А так трэба шукаць падыходы, каб абараніцца.

Калі кажуць, што незалежная Беларусь можа быць толькі ў ваенным, эканамічным ці палітычным саюзе з іншымі дзяржавамі, як вы да гэтага ставіцеся? Калі і быць у саюзе, то з кім і на якіх умовах?

Саюз трэба шукаць у дэмакратычным асяроддзі. Расія да яго не адносіцца. Так атрымалася, што Беларусь сёння знаходзіцца пад прыкрыццём Расіі (Расію, з яе ядзерным патэнцыялам, ніхто чапаць не будзе). Але ж ядзерны парасон Расіі проста накрывае шчыльным ценем усю беларускую тэрыторыю разам з насельніцтвам і можа папросту іх праглынуць. Такі цень мог бы знікнуць толькі разам з Расіяй, аднак калі хто разлічвае на гэта, то не варта спадзявацца.

Хто можа быць гарантам незалежнасці: улада, армія, народ, партыі і грамадскія арганізацыі, наднацыянальныя міжнародныя структуры?

Такім гарантам павінен быць толькі беларускі народ. Народ паводле Канстытуцыі утварае ўсе структуры, у тым ліку армію, уладу, партыі, грамадскія арганізацыі. Але гэта магчыма пры належнай палітычнай і нацыянальнай культуры ўсяго народа, якой, відавочна, пакуль няма ў Беларусі. Народ яшчэ мусіць усё зразумець.

Фармальна такім гарантам мусіў бы быць дзейны прэзідэнт, але да яго ўрада ў значнай часткі беларусаў няма даверу. Такім гарантам можа стаць новая ўлада: хацелася б, каб гэта адбылося праз змены дэмакратычным шляхам. Спадзявацца на міжнародныя структуры не даводзіцца. На наднацыянальным узроўні пануюць сілы вялікіх дзяржаў, якія заўжды знаходзяцца ў супярэчлівых адносінах. Роля ААН у вырашэнні лёсу малых і сярэдніх дзяржаў змяншаецца. Атрымліваецца, што калі народ не паўстане на абарону незалежнасці, не выйдзе на вуліцы, то ніякага гаранту няма.

Што могуць рабіць беларусы пры пагрозе незалежнасці краіны?

Пагроза незалежнасці з’явілася не сёння. Яна існуе яшчэ з 1996 года, калі кіраўнікі Беларусі і Расіі падпісалі адпаведныя пагадненні. Сёлета пагроза толькі абвастрылася праз тое, што сп. Лукашэнка і яго ўрад цягам 2019 года вядзе таемныя, непразрыстыя перамовы з Расіяй аб “паглыбленай” інтэграцыі ў рамках Саюзнай дамовы.

Толькі самі беларусы, знаходзячыся ў роднай краіне, могуць вырашыць свой лёс і абараніць незалежнасць. Патрабуецца істотная мабілізацыя ўсіх нацыянальных сіл – на заяўленыя пратэсты супраць інтэграцыі з Расіяй, 7-8 снежня гэтага года, выйшла каля 1000 чалавек, або 0,05% ад насельніцтва Мінска, што зусім недастаткова.

Страта незалежнасці – гэта трагедыя, але наколькі непапраўная? Ці можа народ у такой крытычнай сітуацыі вярнуць незалежнасць і дзяржаўнасць? Калі можа, то якім чынам?

Тэарэтычна магчымая часовая страта незалежнасці, калі яна не будзе працяглай: 1-2 пакаленні. Сведчанне таму – уся гісторыя нашага народа. Сёння народ у сваёй большасці, не нацыянальная эліта, не гатовы да змагання за незалежнасць і, на жаль, не акажа супраціву такой пагрозе. Выйсце можа з’явіцца пры змене знешніх абставін і падтрымцы з боку дэмакратычных краін.

Гутарыў Алесь Кіркевіч, budzma.by