Прывітанне, родная старонка!

Тальяцінскія беларусы распачалі ў кастрычніку цэлы шэраг імпрэзаў з канцэртнай праграмай пад назвай “Здравствуй, рОдная старОнка!”.

Канцэрт праходзіў на пачатку кастрычніка ў муніцыпальнай аўтаномнай установе гарадской акругі Тальяці, што мае з пачатку 2019‑га назву Культурный центр “Автоград”. Нягледзячы на цёплае, “дачнае” пакуль што надвор’е, у Малой зале “Автограда” сабралася больш чым 250 гледачоў. Такі давер публікі нас акрыляе! Народны самадзейны ансамбль беларускай песні “Купалінка”, што дзейнічае пры мясцовай суполцы “Нёман”, жыхары горада ведаюць даўно. І на гэты раз удзельнікі ансамбля парадавалі гасцей новымі прыгожымі касцюмамі, якія нам нядаўна прывезлі з Мінска, ды новымі песнямі.


img_7906.jpg

Людміла Дзёміна і Марыя Шылкіна. Фота Аляксандра Арнда


Тыя з чытачоў “ГР”, хто сочыць за навінамі беларускага жыцця ў Тальяці, ведаюць: адбываюцца змены ў складзе “Купалінкі”. У ансамблі — новыя салісткі: Вольга Якупава ды Алена Чурбакова. Таленавітая Кацярына Вашчанка, творчасць якой гледачы ведалі й па ранейшых выступленнях гурта, па просьбе гледачоў праспявала песню пра жураўлёў.

У праграме “Здравствуй, рОдная старОнка!”, якую вялі Людміла Дзёміна і Марыя Шылкіна, паўдзельнічаў і народны ансамбль балета “Креатив” — нашы сябры паказалі танец “Весну звали”. А народны ансамбль танца “Ритмы планеты” выканаў жартоўны танец “Коварное лакомство”. За лета нашы гледачы засумавалі па прыгожых, вясёлых і лірычных беларускіх песнях і танцах, так што прымалі артыстаў на “ўра”.

Кацярына Салановіч, Тальяці, "Голас Радзімы"