23 красавіка 2019 г. у Вільні адбылася сустрэча прадстаўнікоў Беларускага грамадскага камітэта памяці паўстанцаў 1863-1864 гг. з віцэ-канцлерам урада Літвы Дэйвідасам Матулёнісам.
23 красавіка Камісія па ўшанаванні памяці паўстанцаў пад старшынствам прэм’ер-міністра Літвы Саўлюса Сквярняліса афіцыйна зацвердзіла рашэнне запісаць імёны паўстанцаў на памятных дошках на літоўскай, польскай і беларускай мовах.
„Было прынятае рашэнне прыняць да ўвагі рэкамендацыі літоўскіх гісторыкаў: імёны паўстанцаў, сярод якіх лідары нацыянальнага ўздыму Зыгмунт Серакоўскі і Кастусь Каліноўскі, запісаць на мемарыяльных дошках на трох мовах”, – гаворыцца ў заяве канцылярыі ўраду.
Падчас размовы літоўскі палітык паведаміў пра рашэнне Дзяржаўнай камісіі Літвы абраць месцам спачыну паўстанцаў, парэшткі якіх былі знойдзеныя на Замкавай гары ў Вільні, пахавальную неагатыцкую капліцу на славутых віленскіх могілках Росы (Rasų kapinės). Урачыстасць перазахавання плануецца на канец кастрычніка – пачатак лістапада 2019 г. Прозвішчы паўстанцаў будуць напісаныя на трох мовах – літоўскай, польскай і беларускай. Таксама быў прадстаўлены праект мемарыялізацыі магілы паўстанцаў, распрацаваны архітэктарам Рутай Астасевічутэ.
Беларускія ўдзельнікі размовы падзякавалі літоўскім прадстаўнікам за прынятае рашэнне і абавязаліся падрыхтаваць спісы паўстанцаў на беларускай мове. Таксама яны звярнулі ўвагу на важнасць удзелу прадстаўнікоў беларускага грамадства ў пахавальных урачыстасцях. У сітуацыі, калі ўлады Рэспублікі Беларусь самаўхіліліся ад ушанавання памяці герояў вызвольнага паўстання і ў чарговы раз спрабуюць выкрасліць імя Кастуся Каліноўскага з айчыннай гісторыі, сваё слова павінна сказаць беларуская грамадзянская супольнасць. У адказ Дэйвідас Матулёніс заверыў суразмоўцаў, што літоўскія ўлады гатовыя да супрацы з беларускай грамадскасцю.
Аляксандр Смалянчук (Цэнтр беларускіх студыяў)
Аляксандр Адамковіч (Таварыства беларускай культуры ў Літве)
Анатоль Міхнавец (“Беларуская Нацыянальная Памяць”)