19 лютага Аляксандр Сапега, актыўны прадстаўнік беларускай дыяспары ў Швейцарыі, добра вядомы на радзіме сваёй дабрачыннай і мецэнацкай дзейнасцю (сярод іншага, усталяваннем помніка Касцюшку і вяртаннем ў Беларусь праху Магдалены Радзівіл), атрымаў медаль “100 год дыпламатычнай службы Беларусі”.
Узнагароджанне адбывалася падчас урачыстага адкрыцця Консульства Рэспублікі Беларусь у Ліхтэнштэйне, куды Аляксандр Сапега быў запрошаны як ганаровы госць.
Варта зазначыць, што Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь не ўпершыню заўважае шматлікія заслугі нашага земляка – некалькі гадоў таму Аляксандр Сапега быў адзначаны Ганаровай граматай.
Ужо заўтра, 21 лютага, жыхары Бабруйска змогуць павіншаваць спадара Аляксандра асабіста, ён будзе браць удзел адразу ў двух вялікіх імпрэзах:
-
спачатку разам з ганаровым амбасадарам ЮНІСЕФ Уладзімірам Пугачам, лідарам гурта J:морс, яны ладзяць дабрачынны выступ для выхаванцаў мясцовага дому-інтэрнату;
-
а пасля ў тым самым складзе будуць адзначаць Дзень роднай мовы і 6-гадовы юбілей курсаў “Мова нанова” разам з наведвальнікамі.
Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” шчыра віншуе спадара Аляксандра Сапегу з заслужанай узнагародай і зычыць новых здзяйсненняў на карысць радзімы!
Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"