Прэзентацыя кампакт-дыска ў Мінску

25 мая ў Мінску, у Траецкім прадмесці, у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры, адбылася прэзентацыя кампакт-дыска «Хай шчаслівы ўсе будуць на зямлі» з песнямі ў выкананні саліста Сяргея Шабадалава (Вісагінас).

На кампакт-дыску 16 беларускіх песень на словы і пераклады Станіслава Валодзькі, сябра Беларускага культурна-асветніцкага таварыства “Уздым” (Латвія): «Ода Беларусі» (музыка Сяргея Ціханава); «Рабiны» (музыка Дзмітрыя Пятровіча); «Ветэраны», «Калыханка для мамы», «Чаромха» (музыка Міколы Яцкова); «Ручнік», «Наш масток», «Касцёр для дваіх» (музыка Альберта Белуся); «Сустракай, Беларусь!», «Позірк Еўфрасінні», «Матулін пірог» (музыка Анатоля Мядзведзева); «Беларускі дом», «Эх, сена духмянае!» (музыка Аляксандра Рудзя); «Галіна» (музыка і словы Алены Васілёк); «Без адпачынку» (музыка Севярына Краеўскага, словы Агнешкі Асецкай); «Гасподзь благаславіў» (музыка і словы Анатоля Рубінава).

Дэлегацыю з Літвы і Латвіі ў складзе Сяргея і Вольгі Шабадалавых і Станіслава і Вольгі Валодзькаў гасцінна сустракалі супрацоўнікі музея на чале з дырэктарам Міхаілам Рыбаковым. Гасцей пазнаёмілі з экспазіцыямі музея, а затым Сяргей Шабадалаў выканаў песні з прэзентуемага кампакт-дыска. Калі канцэрт падыходзіў да завяршэння, ён праспяваў песню «Белая Ружа Сусвету» (музыка Алены Пішчыкене, словы Івана Ждановіча).

«Гэтая песня пакладзе пачатак новаму кампакт-дыску з песнямі ў маім выкананні», – паведаміў спявак.

Станіслаў Валодзька прачытаў свой верш “Пявуння” і пераклад на белорускую мову літоўскай народнай песні “Як многа песень…” і падарыў у фонды музея свае кнігі і некалькі нумароў газет “Прамень” і “Уздым”. А ўсе, хто быў у залі, атрымалі кампакт-дыск у падарунак.

З цёплымі словамі прывітання да прысутных звярнуліся дырэктар музея Міхаіл Рыбакоў, беларускі грамадскі дзеяч Лявон Целеш, паэт і кампазітар Дзмітрый Пятровіч, паэтэса і журналіст Алена Басікірская, а таксама сястра С. Валодзькі Галіна Паўлава і сястра С. Шабадалава Ала Сяліцкая. Святам паэзіі, песні і беларускай мовы назваў гэта мерапрыемства Л. Целеш.

Выказваем падзяку Генеральнаму консульству Рэспублікі Беларусь у Даугаўпілсе за садзеянне ў здзяйсненні гэтай паездкі.


Беларускае культурна-асветніцкае таварыства “Уздым”