Ксёндз з Расон Вячаслаў Барок яшчэ ў жніўні апублікаваў на сваёй старонцы ў сацсетках плакат беларускага мастака Уладзіміра Цэслера «Стоп лукашызм». 1 снежня ў міліцыі сьвятар даведаўся, што з-за гэтага яго абвінавачваюць у прапагандзе нацысцкай сімволікі або атрыбутыкі (артыкул 17.10 КоАП). Суд па гэтай справе адбыўся ў той самы дзень, але суддзя абвясціў перапынак да 3 снежня.
Уладзімір Цэслер даведаўся пра гэтую сітуацыю і напісаў адкрыты зварот да суда Расон у абарону ксяндза. Цытуем.
«Я, Цэслер Уладзімір Якаўлевіч, сябра Беларускага саюза мастакоў, аўтар плаката «Стоп лукашызм», заяўляю, што трактоўка гэтай працы ў якасці прапаганды нацысцкай і фашысцкай сімволікі недарэчная ў сілу наўпростай антыфашысцкай накіраванасці гэтай працы.
Я габрэй. Мой бацька прайшоў вайну і быў узнагароджаны ордэнамі і медалямі за барацьбу з фашызмам.
Гісторыя нашай сям'і, як і гісторыя ўсяго беларускага народу – гэта гісторыя антыфашысцкага супраціву.
Мы смуткуем па ўсіх ахвярах фашызму на тэрыторыі Беларусі і не хочам расправаў над грамадзянамі нашай краіны за іншадумства ў дачыненні да дзяржаўнай ідэалогіі. Як грамадзянін Беларусі я не магу маўчаць, калі бачу жорсткае абыходжанне з суграмадзянамі. Я звяртаюся да здаровага сэнсу, чалавечых, грамадзянскіх і прафесійных якасцяў суддзяў горада Расоны: факт спробы судзіць святара Вячаслава Барка па артыкуле 17.10 КоАП на падставе публікацыі маёй працы на ягонай старонцы ў сеціве Інтэрнэт абсурдны і не мае дачынення да сапраўднай чалавечнасці.
Заклікаю суд горада Расоны да бесстаронняга разгляду справы ў дачыненні да грамадзяніна Беларусі Вячаслава Барка, бо антыфашысцкая пазіцыя касцёла відавочная для кожнага, у каго ёсць розум і сэрца».