Пра што гледачы пыталі рэжысёра Андрэя Куцілу на абмеркаванні яго фільма — пераможцы Варшаўскага кінафестывалю

Фільм беларускага рэжысёра Андрэя Куцілы пра пратэсты-2020 «Калі кветкі не маўчаць» стаў пераможцам дакументальнага конкурсу Варшаўскага кінафестывалю. Што пыталі гледачы ў рэжысёра і яго герояў падчас абмеркавання фільма?


0ede73fe552aa86492944ca357c44e6d.jpg


Фільм паўстаў з назіранняў рэжысёра за сям’ёй яго сястры Аксаны, якая ў першыя дні пасля выбараў трапіла на Акрэсціна. Другая сюжэтная лінія — жыццё беларускамоўнай сям’і, у якой бацька, Зміцер, падчас пратэстаў быў паранены гранатай у нагу. Яго жонка, Наста, выпраўляе мужа на рэабілітацыю ў Польшчу і адна займаецца выхаваннем дзяцей. Праз фільм Андрэя Куцілы мы назіраем, як галоўныя героі і іх сем’і перажываюць посттраўматычны сіндром, чуем іх успаміны і дыялогі, разумеем, як мяняецца настрой. Акрамя таго, мы бачым і чуем мінскія вуліцы і людзей на іх.

«Калі кветкі не маўчаць» — гэта, бадай, стужка пра кожнага беларуса, які хацеў памяняць жыццё ў сваёй краіне. Фільм зняты ў чорна-белай гаме і толькі ў канцы становіцца каляровым, калі Аксана выходзіць на вуліцу, зноў далучаецца да пратэсту, пераадолеўшы свой страх.

Падчас Варшаўскага кінафестывалю адбылося тры паказы фільма «Калі кветкі не маўчаць». У якасці пераможцы яго пакажуць чацверты раз 17-га кастрычніка. На абмеркаванні аднаго з сеансаў мы занатавалі пытанні гледачоў рэжысёру і яго героям Аксане, Змітру і Насце, якія цяпер жывуць у Варшаве.

— Што Вас схіліла да стварэння гэтага фільма (пытанне да Андрэя Куцілы)?

— Я не меў плану зняць поўнаметражны дакументальны фільм. Потым, калі мы зразумелі, што тысячы людзей апынуліся на Акрэсціна, то ўзялі камеру і апынуліся там пад сценамі. Я стаў глядзець, як людзі чакаюць, здымаць іх партрэты, размовы. Такім чынам быў зроблены кароткаметражны дакументальны фільм. А калі мая сястра трапіла пад жорны брутальнасці, якая там адбывалася, я зразумеў, што гэта датычыцца маёй сям’і, і падумаў, што трэба працягваць здымаць далей. Пачаліся знаёмствы з іншымі сем’ямі. Не ўсё ўвайшло ў фільм, не ўсе сюжэтныя лініі. Потым падключыўся польскі бок, мантажор. Мы ўжо сталі разам працаваць над постпрадукцыяй (мантажор фільма — Павел Клепач — рэд. ББ).

— Ці складана было пусціць чалавека з камерай у сваё жыццё (пытанне да герояў)?

— Няцяжка было дазволіць Андрэю здымаць, — адказвае Наста. — Цяжка было проста жыць, дыхаць. Я зараз гляджу ў фільме на тое, якая я была (пачынае плакаць)... мне нават страшна глядзець. Я крычу на дзяцей, не разумею, дзе я, што я, як я сябе паводжу... Напэўна,

нескладана было ўпусціць чалавека з камерай у сям’ю, складана было проста працягваць жыць.

— Мне было на самай справе няпроста пусціць у сваё прыватнае жыццё, каб яго здымалі, — кажа Зміцер. — Але я разумеў, што гэта неабходна, што гэта важна — паказваць людзям гісторыі, як цяжка яны перажываюцца, і да чаго можа прыводзіць такая ўлада, якая існуе ў нашай краіне. Мы хацелі, каб гэта паўплывала на людзей.

— Зміцер нават зараз у тым жа швэдры, у якім быў, калі ў яго трапіла граната, — дадае Наста.

— Як цяпер ваша здароўе (пытанне да Змітра)?

— Мне нашмат лепей, — расказвае Зміцер. Ён стаіць на ўласных нагах, а ў фільме ездзіў на вазку. — Я займаўся рэабілітацыяй. Яшчэ не да канца аднавіўся, бо было шмат пераломаў. Рабіў шмат спецыяльных практыкаванняў, каб вярнуцца ў тую форму, у якой я быў. Дзякуй Богу, што я хаджу. Калі вы бачылі кадры ў фільме — тое было іншае жыццё. Я прыпыняўся ля крамы пачакаць жонку, а да мяне падыходзілі людзі і прапаноўвалі грошы, думалі, што я жабрую. Дзякуй Госпаду, цяпер я нашмат лепей сябе адчуваю.

У фільме гучала такая думка: каб гэта ўсё было недарма. Калі мяне выпісвалі з вайсковага шпіталя, некаторыя лекары плакалі і дзякавалі мне. Гэта людзі ў структуры, пад прысягай і г.д. Яны разумелі, што адбываецца. Яны зычылі, каб гэтыя пашкоджанні былі недарма, каб змены, якіх мы чакаем, прыйшлі. Канечне, я таксама чакаў гэтых зменаў і тое, што яны не адбыліся, уплывае на мяне. Я дасюль чакаю гэтых зменаў, не ведаю, колькі часу пройдзе, але веру, што ахвяры, якія мы прынеслі, яны недарма, і сітуацыя зменіцца.

— Як адчувае сябе Ваш сын (пытанне да Аксаны)? Я сама маці падлетка. Вы — вельмі мужная жанчына. Я бачыла ў фільме, як Вы выйшлі на пратэст, напісаўшы ліст сваёй сям’і, і задалася пытаннем, ці сям’я зразумела Ваш учынак. Баялася за Вашага сына, гледзячы фільм: можа, здарыцца дэпрэсія ці нешта іншае. Ён усё разумее, і гэта бачна, але ён мае праблему: ён хоча быць дзіцём, хоча жыць, хоча пра ўсё забыцца. Таму ён сядзіць у тэлефоне. Увесь час у тэлефоне, каб забыцца, каб не памятаць. Але ён з Вамі.

— Калі адбыліся гэтыя падзеі, калі схапілі нас з мужам, у мяне зазваніў тэлефон. Яны звычайна не даюць патэлефанаваць. Я была ў кайданках і папрасіла, нават не ведаю, як іх назваць, вайскоўца са зброяй, каб ён падняў тэлефон на гучнай сувязі. У мяне была магчымасць папярэдзіць дзяцей, што нас з мужам схапілі. Брат прыехаў да мяне дадому, ён пераночыў з дзецьмі, ён іх падтрымліваў. Дачцэ тады было 17 год, а сыну 13. Потым брат мне распавядаў, што дачка перажывала, яны тэлефанавалі, шукалі, дзе мы знаходзімся, куды нас завезлі. А сын у гэты момант пайшоў і ўлучыў кампутар, упершыню за пару гадоў, і пачаў гуляць у гульню Minecraft, у якую пару год не гуляў. Напэўна, ён доўга так сядзеў. Яго рэакцыя на тое, што адбываецца, была такая.

Цяпер сын тут, з намі ў Польшчы. Ён стаў больш дарослым. Ён усё разумее. У беларускай школе яму рабілі заўвагі, што ён вядзе з аднакласнікамі «няправільныя» размовы. Ён ужо прадстаўнік таго пакалення, на якое ідэалогія, што спрабуюць у школах усяліць у галовы дзецям, не ўплывае.

— Як Вы плануеце прамоцыю фільма?

— Калі мы здымалі, то думалі, што беларусы паглядзяць стужку ўжо пасля пераменаў. Але так сталася, што фільм цяпер паказваюць, а сітуацыя ў Беларусі пагоршылася. Людзей за каментары могуць саджаць у вязніцу на гады. Таму невядома, калі можна будзе яго паказаць у Беларусі.

Штосьці рабіць — лепш, чым не рабіць нічога. Страх — гэта голоўны вораг і тых, хто застаўся, і тых, хто выехаў з Беларусі. Калі ўсе будуць баяцца — значыць, мы прайгралі. Пакуль мы штосьці робім, гэты працэс ідзе наперад так ці іначай.

Як толькі мы спыняемся, то можна сказаць, што ўсё. Усё скончана, усё, што мы рабілі, — гэта марна. Справа ў тым, што ты робіш, дзе і як. Кіно — гэта толькі маленькая частка гэтага працэсу супраціву.

Варшаўскі кінафестываль праводзіцца з 1985-га года, а ў 2009-м быў акрэдытаваны Міжнароднай федэрацыяй таварыстваў вытворцаў фільмаў як міжнародны конкурсны кінафестываль, нароўні з фестывалямі ў Канах, Берліне, Венецыі... Акрамя дакументальнага конкурсу, дзе сёлета перамог фільм Андрэя Куцілы, узнагароды прысуджаюцца таксама ў конкурсах ігравога кіно, кароткаметражных фільмаў і незалежных.

Алена Ляшкевіч, budzma.org