Пісьменніца і нобэлеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч заявіла, што піша кнігу пра падзеі ў Беларусі, якія адбываліся пасля прэзідэнцкіх выбараў. Пра гэта яна распавяла ў інтэрв’ю нямецкай газеце Süddeutsche Zeitung.
На пытанне аб тым, ці піша яна кнігу пра падзеі ў сваёй краіне, Алексіевіч адказала:
«Так, Чэхаў сказаў, што задача літаратуры – ставіць дыягназ».
«Многія людзі тэлефануюць мне, дасылаюць свае ўспаміны», дадала пісьменніца.
Таксама Алексіевіч заўважыла, што беларусы жывуць «паміж двума небяспекамі – Лукашэнка і Расеяй».
«Мы хочам стварыць незалежную квітнеючую краіну. Але як? Я пісьменніца, не палітык, у маёй кнізе я шукаю адказ на гэтае пытанне», – заявіла Алексіевіч.
Разам з тым яна сказала, што грамадзяне імкнуліся да «свайго роду негвалтоўнай рэвалюцыі». «Мы хацелі гэтага дамагчыся без праліцця крыві. Гэта б ідэалістычны план», – сцвярджала яна.
З верасня мінулага года Алексіевіч знаходзіцца ў Нямеччыне па лініі службы акадэмічных абменаў.