Пайшоў з жыцця Леанід Шурак (14.05.1928 – 31.10.2017)

Адыйшоў з жыцьця ў 89 гадоў Леанід Шурак, актыўны сябра беларускай грамады ў Саўт Рывэры, штат Нью Джэрзі. Хоць пражыў ён у Амэрыцы 67 гадоў, нязьменна заставаўся шчырым патрыётам роднай Беларусі, належаў да Саюзу Беларуска-Амэрыканскай Моладзі, заўсёды цікавіўся грамадзкімі справамі, як дыяспарнымі гэтак і айчыннымі. Моцна хваляваўся за долю роднай мовы ў Беларусі, пісаў вершы, друкаваўся ў альманаху “Беларус” (пад псэўданімам Л. Баравы); адслужыў на пачатку 1950-х гадоў у амэрыканскім войску, пасьля чаго браў удзел, уключна з кіраўнічымі функцыямі, у дзейнасьці Амэрыканскага Легіёну, у Згуртаваньні Беларуска-Амэрыканскіх Вэтэранаў, у Беларускім Дэмакратычным Клюбе, у дарадчай радзе пры губэрнатары штату Нью Джэрзі.

Пакінуў па сабе ў смутку жонку Ліліяну Грушу-Шурак, дачку Аляксандру Г’ювэт зь децьмі, брата Анатоля, сястру Стасю Шумскую ды невялікую ўжо колькасьць сяброў-супрацоўнікаў. Вечная яму памяць.

Пахаваны нябожчык на могільніку касьцёла сьв. Марыі ў Іст Брансўіку.

ЯЗ