Паяднаньне сваяцкіх сэрцаў

А я быў прысутны на 19-й Сустрэчы нашых суайчыньнікаў, якая праходзіла ў верасьні 1990 года ў ЗША (штат Агаё, Стронгсвіл -- прадмесьце Кліўленда). Гэта быў сапраўдны гістарычны зрух: у абдымкі сяброў беларускай дыяспары ўпершыню свабодна трапілі дзесяткі землякоў. Такое  паяднаньне сваяцкіх сэрцаў не забываецца.

Захаваліся ў архіве мае здымкі кліўлендскія, а таксама зь Нью-Ёрка, Чыкага…   Першы– з урачыстага адкрыцьця Беларускага грамадска-культурнага цэнтра “Полацак”. Вось ён пашанотны госьць – Пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ААН Генадзь Бураўкін з жонкай Юліяй. Побач стаяць старшыня Рады БНР Язэп Сажыч, старшыня менскага клуба “Спадчына” Анатоль Белы, сьпявак Леанід Барткевіч…


01-20180710-S-Paniznik-1-09-1990.jpg


Згадзілася сфатаграфавацца з сваёй сяброўкай Янінай Каханоўскай, мамай Юліі Андрусышын, знакамітая паэтэса Натальля Арсеньнева. Запомніліся яе ўспаміны пра прыдзьвінскае падарожжа ў Вільню, зімаваньне ў в. Жоўніна каля Дрысы, дзе яна закахалася ў беларускую мову.


02-20180710-S-Paniznik-2-09-1990.jpg


Не адмовілася паўсьміхацца ў гутарцы Івонка Сурвілла, выдатная дзяячка беларускай эміграцыі, народжаная 11.4.1936 г. у Стоўбцах. Яна прытуліла да сябе Алу Орса-Рамана, сваю раўналетку. Варта пазначыць, што Івонка Сурвілла, мовавед, мастак, узначальвае Раду БНР з 1997 г.


03-20180710-S-Paniznik-3.jpg


Радавалі сваімі выступленьнямі Сяржук Сокалаў-Воюш, Валянціна Пархоменка, Леанід Барткевіч, Данчык, Валянціна Карэлікава… Шчыра прымалі гасьцей у Чыкага сям”я Рамукоў, сям”я Данчыка ў Нью-Ёрку…


04-20180710-S-Paniznik-4-08-2009.jpg


Вось на здымку мама Данчыка Юлія Андрусышын, пабач Юрый Хадыка – доктар фізіка-матэматычных навук, намесьнік старшыні сойма БНФ. А Марыя Міцкевіч – супрацоўніца Інстытута матэматыкі АН БССР стаіць побач родзіча – Алеся Міцкевіча, сына роднай сястры Якуба Коласа. Удумным выглядае народжаны ў 1915 г. Антон Шукелойць, старшыня Галоўнай управы БАЗА…


05-20180710-S-Paniznik-5.jpg


Варта нагадаць даты нашай прысутнасьці на амерыканскім кантыненце. 28.08.1990 года дэлегацыя самалётам з Масквы прыбыла ў Нью-Ёрк. 29.08. прыняў мяне наначкі Янка Запруднік (на той час ён выконваў сярод іншых і абавязкі рэдактара газеты “Беларус”). 30.08.—ад”езд у Кліўленд. Дні Кангрэса: 1—3 верасьня. Напачатку-- выступленьні сьвятароў айца Мікалая (Мацукевіча), Міхася Страпко, потым гаварыў Язэп Сажыч, ад Чыкагскага аддзела Беларуска-амерыканскага задзіночання (БАЗА) прамаўляла Вера Рамук… Выказвалі даніну глыбокай павагі памяці Ф.Скарыны і Ф. Багушэвіча Мікола Ганько, Янка Міхалюк, пра Чарнобыльскі боль нагадвалі Юрый Хадыка, Анатоль Белы… А як жа не ўзгадаць імёны гаспадароў Сустрэчы –Сяргея Карніловіча, Янку Ханенку!

Пра 19-ю Сустрэчу беларусаў Паўночнай Амерыкі і Канады хораша напісаў Леанід Казыра –намесьнік старшыні Згуртаваньня “Бацькаўшчына”. Ён запоўніў ажно тры старонкі газеты “Літаратура і мастацтва”, якая выйшла 9 кастрычніка 1990 г.


06-20180710-S-Paniznik-6.jpg


Але я не закончыў запаўняць штодзёньнік Сустрэчы. 6 верасьня гасьцей вазілі на агляд фантастычнага вадаспада Ніягара. Групу мінчан запрасіла да сябе на пагасьцінства ў Чыкага сям”я Рамукоў—Вера і Вітаўт. 8 і 9 верасьня акрамя частаванняў, прагляду музейных экспазіцый у доме, сябрына наведала помнік земляку – коннаму Касьцюшку. А пазней спадар Вітаўт Рамук правёў нас агледзець шэдэўр выяўленчага мастацтва Марка Шагала – мазаіку “Чатыры паравіны году”. Даведаліся, што сама Вера Рамук усяляк спрыяла прысутнасьці Шагала ў Чыкага, не саромеючыся нагадаць, што мастак родам з Беларусі. Дарэчы, Вера Рамук выдала на англійскай мове кнігу пра гісторыю існаваньня беларускай дыяспары ў Чыкага. Яна разам з мужам супрацоўнічала з Беларускім каардынацыйным камітэтам (была сакратаркай)—ад Чыкагскага аддзела БАЗА. Даследчыкі яе літаратурных здольнасьцяў заўважылі і паэтычныя напрацоўкі Веры Рамук.

Я па-сапраўднаму быў уражаны багатым зьбіральніцкім скарбам сям”і Рамукоў. Сфатаграфаваў партрэт Скарыны, які быў набыты ў нью-ёркца, народжанага на беразе Дзвіны ў балцка-крывіцкім памежжы – Пётры Мірановіча. 10 верасьня мы былі запрошаны ў Нью-Ёрк на кватэру Юліі Андрусышын. Для Пётры Мірановіча я прывёз кубак мёду ад яго сябра –настаўніка і паэта з-пад Індры – Эдварда Вайвадзіша. Але мастак, які “насычаў” беларусаў Амерыкі сваімі адмысловымі карцінамі, быў вельмі хворы…11 верасьня мяне ўзьнялі крылы самалёта пад завоблачнае неба. Пазней, ужо ў Мінску, я заахвоціўся падвесьці цяпер ужо нашага госьця -- Сяргея Карніловіча на яго радзінныя абшары. А ў 1993 годзе Вера і Вітаўт Рамукі дзякуючы спагадліваму запрашэньню Генадзя Мікалаевіча Бураўкіна наведалі сталіцу Беларусі. Я вырашыў пазнаёміць іх з паркам-музеем камянёў ва Ўруччы. Нешта падобнае створана было толькі ў Літве. І спадарыня Вера пачала вышукваць у выкладзенай глыжамі карце Беларусі сваю геалагічную спадчыну – Докшыцы… Вітаўтавых камянёў не знаходзілі, а “Барысавы камяні” былі пазначаны…


07-20180710-S-Paniznik-7.jpg

25-годзьдзе ад той напоўненай не толькі гаворкай сустрэчы ў Менску аказалася пазначаным вельмі арыгінальна. Вера Рамук прыслала мне ў 1993 годзе свой верш-прысвячэньне, які “ажыў” у архіве і вырываецца са схованкі на паказ:


08-20180710-S-Paniznik-poem.jpg


Вера Журавель
(Жызьнеўская-Рамук)

У сьвятым абавязку

Сяргею Панізьніку

Паэт-пісьменьнік Ты наш слаўны
Бог абдарыў Цябе розумам сваім,
Каб весьціў Ты праўду ўсюды
Аб сваім краі і народзе сваім.

Ты перайшоў уціск, зьневажаньне і паніжэньне,
Але роднаму слову Ты ня даў спачын.
Ты астаўся верным для свайго народу і Радзімы,
Хоць Табе й сулілі мэдалі другія ў жыцьці.

Нам трэба больш такіх герояў,
Што не зракліся слоў Калыханак Маці сваіх,
Што сьпявалі ім у мове родных гоняў,
А цяпер яны ўсё ўплятаюць у свае вершы ў чэсьць іх.

Ёсьць тры Маці на сьвеце, што вучаць роднаму слову:
Маці, што дае жыцьцё дзіцяці,
Маці-Краіна, што ў школе вучыць роднае мовы,
І Маці- Царква, што вучыць маліцца да Бога ў мове дзіця.

Шануйма і мы ўсе Маці,
Нашых патрыётак усюды і ва ўсім,
Каб іх добрыя прыклады сталіся знанымі
Па цэлым беларускім краі дарагім.

Сьвятым абавязкам паэтаў і пісьменьнікаў
Чуваць над усім родным сваім,
Каб Народ Беларускі і ўся Беларусь
Сталіся вартымі пашаны ў народаў чужых.

Чыкага, Эльліной, ЗША
24-га чэрвеня 1993 году

Сама сям”я Рамукоў сталася вартай пашаны – і ня толькі сярод іх суайчыньнікаў. Перадаем паклон іх дачцэ Ірэне і сыну Джону. У ліпені ёсць магчымасьць узгадаць 103-ці год ад нараджэньня Вітаўта Рамука (15.07. 1915 – 9.03.2010), а ў верасьні ўзгадаем 87-ю гадавіну з дня нараджэньня Веры Рамук з дому Жызьнеўскіх каля Докшыцаў.

Нам, суайчыньнікам эмігрантаў, якія спалучылі свой лёс з Чыкага, варта памятаць і суседзяў сям”і Рамукоў. Калісьці я перапісваўся з літаратарам Ванкарэмам Нікіфаровічам (15.11.1934 – 2011), ствараў песьні на мае словы чыкагскі кампазітар Міхаіл Клейнэр (25.10.1924—17.07.2014), радасныя лісты атрымліваю і ад прафесара, доктара філалагічных навук Ліякумовіча Цімафея Барысавіча, які нарадзіўся 11 ліпеня 1936 года.

Ёсьць каму і сёньня турбавацца пра тое, каб не былі забытыя імёны беларускіх дзеячаў, якія знайшлі вечны спачын да прыкладу на могілках Элмвуд у Рывэр Гроув, а гэта Язэп Варонка (17.04.1881—4.06.1952), на могілках св. Адальбэрта -- Эдвард Будзька (22.03.1882—14.08.1958), Мікола Дзямідаў (10.12.1888—23.06.1967), Мікола Шчаглоў-Куліковіч (4.04.1893—31.03.1969), Вацлаў Пацукевіч (1911 – 25.08.991), Янка Чарапук /Змагар/(12.08.1896—16.11.1957).

ххх

…А служба – у будзіцеляў – адна: дух ратаваць, калі і жыць пагрозна.
Хай багацее шчырасьці казна, пакуль не позна.
У творцаў – ад малебства – сівізна. Каму ад іхняй велічы зайздросна?
І наша пашанота – як вясна! Яшчэ ня позна

прызнацца: ёсьць і горкая віна,--таіў любоў…
…Каб не было так млосна пагавару я зь імі давідна:
падзякаваць ніколечкі не позна…

Бо можа быць між аднаверцаў --
ПАЯДНАНЬНЕ СВАЯЦКІХ СЭРЦАЎ.

10.07.2018

Сяргей Панізьнік