Павел Усаў: «Вынікам павінна стаць поўная інфармацыйная блакада краіны»

Кіраўнік Цэнтра палітычнага аналізу і прагнозу (Варшава) Павел Усаў у каментары UDF адзначыў, што пачаўся апошні этап, звязаны з татальнай зачысткай незалежнай інфармацыйнай прасторы ў Беларусі.

— Пакуль узяліся за, умоўна кажучы, традыцыйныя каналы перадачы інфармацыі. Пасля таго, як будуць знішчаныя яны, думаю, пачнецца працэс знішчэння тэлеграм-каналаў — яны будуць маркіравацца як экстрэмісцкія, іх дзейнасць будзе забароненая ў Беларусі, — сказаў Усаў.

— Чаго ў выніку хочуць дамагчыся ўлады?

— Вынікам павінна стаць поўная інфармацыйная блакада краіны. Такім чынам улады працягваюць палітыку «стабілізацыі» ў Беларусі праз знішчэнне ўсіх магчымых сродкаў актыўнасці», — адзначыў Усаў.

Палітолаг даў песімістычны прагноз: «Думаю, могуць быць знішчаныя ўсе незалежныя СМІ».

— Ці звязваеце атаку на незалежныя СМІ з планамі па правядзенні рэферэндуму па змене Канстытуцыі ў пачатку 2022 года?

— Я сумняваюся, што праз паўгода рэферэндум наогул адбудзецца. Але зразумела, што ён будзе праводзіцца ва ўмовах татальнай зачысткі, калі выказванне альтэрнатыўнага пункту гледжання будзе немагчымым. Я называю гэта працэсам спрашчэння палітычнай рэальнасці, чаго можна дасягнуць пры фактычна адкрытым тэроры, — сказаў Павел Усаў.

novychas.by