Управа Згуртаваньня Беларусаў у Вялікай Брытаніі са смуткам паведамляе аб адыходзе 12 студзеня 2018 году сп. Сыльвэстра Будкевіча.
Сп. Сыльвэстар Будкевіч, які далучыўшыся да нашай арганізацыі ў кастрычніку 1946 году, быў аднім з найстарэйшых сяброў ЗБВБ.
Нарадзіўся сп. Будкевіч 4 сакавіка 1924 году на Наваградчыне, у сям'і праваслаўнага вызнаньня. У 1942 г. быў прыняты на навучаньне ў Наваградзкую настаўніцкую сэмінарыю, быў сябрам СБМ. У 1944 быў курсантам Менскай афіцэрскай школы БКА. З фармаваньняў, створаных немцамі з вайскоўцаў БКА, ён перайшоў на бок партызанаў французкага Рэзыстансу, з прыходам заходніх аліянтаў далучаны да ІІ Корпусу польскай арміі гэн. Андэрса пад брытанскай камандаю ў Італіі, у складзе якога прайшоў да часу перамогі над нацысцкай Нямеччынай. Браў удзел у беларускіх нефармальных суполках яшчэ падчас службы ў ІІ Корпусе. Разам з многімі іншымі беларусамі ў 1946 годзе патрапіў у Вялікабрытанію ў складзе "Polish Resettlement Corps", пасяліўся ў г. Ковэнтры, скончыў тэхнічную школу. Быў старшынём аддзелу ЗБВБ ў Ковэнтры ад заснаваньня яго ў кастрычніку 1947 г., у траўні 1948 стаўся старшынём Акруговага аддела ЗБВБ ў Ковэнтры. Сп. Будкевіч меў жонку ірляндзкага паходжаньня і ўрэшце далучыўся да грамады беларускіх грэка-католікаў Вялікабрытаніі. Напрацягу ўсяго часу сяброўства ў ЗБВБ - працягласьцю болей 71 году - спадар Будкевіч заставаўся, пакуль дазваляла здароўе, нязьменна актыўным удзельнікам справаў нашае арганізацыі, да канца цікавіўся беларускімі справамі, таксама быў сябрам рады Беларускага Харытатыўнага Фонду, ахвярадаўцам у падтрымку найважнейшых імпрэзаў Англа-Беларускага Таварыства. Пакінуў успаміны, апублікаваныя ў кнізе: Аляксандар Адзінец, "Паваенная эміграцыя: скрыжаваньні лёсаў: Зборнік успамінаў", Мн.: 2007.
Спадар Сыльвэстар Будкевіч быў пахаваны 1 лютага ў Ковэнтры, Canley Garden Cemetery.
Вечная памяць нашаму вернаму сябру і адданаму беларусу.